Не спыняюцца затрыманні за падпіскі і каментары. Юрыст раіць, што рабіць, калі па вас прыйшлі


Да «Белсату» звярнулася сястра жыхара гораду Масты Гарадзенскай вобласці і папрасіла распавесці, як людзей затрымліваюць і судзяць за фотаздымкі з сімволікай, каментары ў інтэрнэце і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Праз такое затрыманне прайшоў ейны брат, якога цяпер чакае суд. Нашая суразмоўца жыве за мяжой, аднак яна прасіла не называць ейнага імя ды імя брата – мужчына таксама хоча з’ехаць з Беларусі і баіцца, што публічнасць можа яму перашкодзіць. Распавядаем, што адбываецца ў Мастах, і прыводзім парады юрыста – што рабіць, калі вамі зацікавілася міліцыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Міліцыянты трапілі да вас дамоў праз падман

У сярэдзіне снежня жыхару Мастоў патэлефанавалі на мабільны тэлефон з незнаёмага нумару. Той, хто тэлефанаваў, назваўся супрацоўнікам мясцовага РАУСу і патлумачыў, што ім трэба паразмаўляць наконт эпізоду махлярства на адной з вядомых пляцовак з абвесткамі. Нібыта мужчына нешта там прадаваў, атрымаў грошы ад пакупніцы, але тавару ёй не аддаў.

«Брат ніколі нічога не прадаваў на гэтай барахолцы, і з затрыманнямі ніколі раней не сутыкаўся, таму ні пра што не хваляваўся, пагадзіўся на прыезд міліцыянтаў і спакойна іх чакаў, – распавядае нам сястра жыхара Мастоў. – Ён быў упэўнены, што зараз распавядзе, што не мае дачынення да гэтай справы, і яны з’едуць. Аднак супрацоўнікі сказалі, што справа не ў гэтым.

А справа аказалася ў падзеях жніўня 2020 года. Паводле міліцыянтаў, мужчына тады адпраўляў у мясцовы чат, які нядаўна быў прызнаны экстрэмісцкім, фотаздымкі людзей у горадзе з балонікамі чырвонага і белага колераў.

Hавiны
У Беларусі пачалі затрымліваць за каментары пра Казахстан
2022.01.07 10:44

Жыхара Мастоў адразу ж і затрымалі, на вачах у сям’і. Адвезлі спачатку ў РАУС, потым у ІЧУ, дзе мужчына правёў трое содняў.

«Брат распавядаў, што разам з ім у ІЧУ былі яшчэ чалавек 15 з падобнымі абвінавачаннямі – за фотаздымкі, пікетаванне, каментары – кажа наша суразмоўца. – Была і жанчына 62 гадоў, якую арыштавалі за перасылку нейкай карцінкі ў «Вайбэры», і маладыя дзяўчаты. Брат кажа, што ІЧУ перапоўнены, і штодня затрымліваюць усё новых людзей па тых жа самых артыкулах: незаконнае пікетаванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Даюць вялізныя штрафы – па 70 базавых велічынь. Канфіскоўваюць мабільныя тэлефоны як прылады правапарушэння. Хоць шмат хто разумее абсурднасць таго, што адбываецца, – брат распавядаў, што некаторыя супрацоўнікі ІЧУ смяяліся і казалі: каго тут затрымліваць?»

«Горад трымаюць у страху з 2020 года»

Праз трое содняў мужчыну ў кайданках адвезлі на суд. Суддзя перанесла разгляд справы на пачатак 2022 года, а потым увогуле вярнула ў міліцыю на дапрацоўванне. Калі суд распачнецца зноў, пакуль невядома.

Hавiны
На Гомельшчыне распачалі шэраг крымінальных справаў за каментары ў сеціве
2022.01.04 11:01

Судзіць жыхара Мастоў будуць паводле двух артыкулаў КаАП: 23.24 – «Парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах» і 19.11 – «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Паводле нашай суразмоўцы, скарыстаўшыся гісторыяй аб махлярстве, прыйшлі не толькі да ейнага брата, але і да сябра брата. Да іншых прыходзяць паводле класічнага сцэнара – раніцай, калі людзі яшчэ спяць. Забіраюць таксама з працоўных месцаў – днямі затрымалі двух работнікаў на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, выводзілі ў працоўных робах, з кайданкамі на руках, кажа жанчына. На некаторых заводзяць крымінальныя справы.

«Горад трымаюць у страху з 2020 года, – распавядае далей былая жыхарка Мастоў. – Тады сябру брата ўвогуле пры затрыманні руку зламалі. Але нічога потым даказаць ці дамагчыся кампенсацыі ён не змог.

Аналітыка
Слова як злачынства. Чаму рэжым так жорстка карае каментатараў у інтэрнэце
2021.12.13 09:30

Паводле жанчыны, вельмі шмат людзей цяпер з’язджаюць з Мастоў. Хто яшчэ не з’ехаў сярод знаёмых іхнай сям’і, рыхтуецца, робіць візы. Асабліва баяцца заставацца тыя, хто прайшоў праз затрыманні з надуманых прычынаў. Разам з сям’ёй збіраецца выехаць з Беларусі і брат нашай суразмоўцы.

«Парады» сілавікоў трэба слухаць, каб ведаць, што не трэба рабіць»

Мы запыталіся ў адваката Міхаіла Кірылюка, прадстаўніка Каардынацыйнай рады ў юрыдычных пытаннях і адказнага за пытанні юстыцыі НАУ, ці засталіся яшчэ сёння ў беларусаў нейкія інструменты для юрыдычнай абароны, і што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю ці прыходзяць па вас на працу або дамоў.

Артыкулы
«Мая краіна апускаецца на ўзровень тэрарыстаў». Юрыст НАУ пра завочныя суды над палітуцекачамі
2021.11.30 11:33

Перш за ўсё – наймаць адваката, лічыць спадар Кірылюк. Гэта важна і ў бягучых беларускіх умовах, хоць часта і не для канкрэтнай юрыдычнай абароны.

«Трэба разумець, што сёння наймаеш адваката пераважна для сувязі з роднымі, кансультацыяў сваякоў аб рэжыме турмаў, для атрымання карыснай побытавай інфармацыі і складання скаргаў на жорсткасць рэжыму ўтрымання. Гэта, вядома, не тое, на што мы звыклі разлічваць, наймаючы адваката, але таксама нямала», – кажа юрыст.

Калі вы застаяцеся ў Беларусі і разумееце, што можаце трапіць пад увагу міліцыі, абавязкова трэба выдаляць інфармацыю, якая можа быць выкарыстаная супраць вас. А калі вы ўжо на допыце, не верце сілавікам і не слухайце іхныя «парады» – настойвае Міхаіл Кірылюк.

Марина Золотова, главный редактор TUT.BY и политзаключенная
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Часта спецслужбоўцы не маюць ніякіх сведчанняў аб тым, хто і на што быў падпісаны, але кажуць, што ведаюць, і папросту блефуюць. Таму былі выпадкі, калі чалавек, які ні ў чым сябе не агаворваў, выходзіў праз 15 содняў, – кажа юрыст. – А той, хто верыў спецслужбоўцам і пачынаў агаворваць сябе, у нечым прызнавацца, – атрымліваў крымінальны артыкул. Вядома, што спецслужбоўцы кажуць: «Прызнавайся, мы ўсё ведаем, табе будзе скідка». Але думаю, усе ўжо разумеюць, што яны раяць, як ім трэба, а не як вам лепей. Усім, напэўна, таксама зразумела, што верыць ім нельга, і «парады» ад сілавікоў варта слухаць, толькі каб разумець, што не трэба рабіць.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў