Медыяэксперт пра ідэю стварэння сеткі праўладных блогераў: «Пераканаць людзей па загадзе не так проста»


У акадэміі МУС з’явіўся артыкул дацэнта Дзмітрыя Варапаева, у якім выкладчык прапануе ўладам стварыць сваю ўласную сетку блогераў, якія будуць уплываць на грамадства. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў эфіры праграме «Студыя Белсат» паразважаў пра перспектывы такой ідэі, а таксама падзяліўся сваім бачаннем цяперашняга стану інфармацыйнага поля Беларусі.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі выказвае думку, што ідэя ўладаў пераканаць людзей у сваёй пазіцыі пры дапамозе блогераў сапраўды больш слушная, чым ранейшыя намаганні проста адключыць інтэрнэт, але зрабіць гэта па звычайным загадзе зверху будзе вельмі складана.

«Паколькі сённяшняя аўдыторыя ў значнай меры жыве ў інтэрнэце, жыве ў сацыяльных сетках, месенджарах, то менавіта там гэтую аўдыторыю трэба шукаць. І таму сапраўды слушная пазіцыя, што трэба звяртаць на гэта ўвагу, іншая рэч, што пераканаць людзей па загадзе не так проста, і для гэтага трэба мець аргументы».

Паводле Паўлюка Быкоўскага, праўладныя блогеры істотна саступаюць незалежным адразу з многіх прычынаў, і пераадолець гэты разрыў у папулярнасці будзе вельмі складана.

Артыкулы
Палітвязня Паўла Вінаградава перавялі ў жодзінскую турму
2022.01.07 15:23

«Відаць, гэта звязана з некалькімі фактарамі. Адзін з іх – тое, што Аляксандр Лукашэнка сёння не мае такой папулярнасці, як тады, калі ён прыйшоў да ўлады. З іншага боку, людзі бачаць, што пазіцыя, з якой выступаюць такія блогеры, адрозніваецца ад таго, што прысутнічае ў іхным жыцці, не здаецца ім праўдападобнай. У некаторых краінах атрымліваецца праз такія праўладныя каналы праводзіць прапаганду, у некаторых гэта больш складана атрымліваецца.

Вось у Беларусі праз тое, што праўладныя блогеры маюць вельмі жорсткую пазіцыю і не могуць саступаць улева і ўправа, ім складана дабівацца да людзей, у якіх ёсць нявызначанае меркаванне. Нідзе ў свеце цяпер няма манаполіі на інфармацыю, можа быць, за выключэннем Паўночнай Карэі, таму людзі жывуць у сваіх інфармацыйных прасторах, і туды бывае дагрукацца складана ці амаль немагчыма».

«Задушыць Youtube не ўдалося»

У гэты ж час медыяэксперт заўважае, што наступ на незалежныя медыі ў апошнія гады істотна скараціў доступ звычайных грамадзянаў да інфармацыі, бо многія людзі часцяком баяцца карыстацца тым, што ўлады забаранілі ці прызналі экстрэмісцкім. Але ўладам па-ранейшаму не ўдалося задушыць пляцоўку Youtube, хоць многія блогеры і зазналі рэпрэсіі ці былі вымушаныя працягнуць сваю дзейнасць з-за мяжы.

«Улады рыхтаваліся да таго, каб узяць канал камунікацыі Youtube пад свой кантроль, але яны ўспрымалі гэта як тое, што трэба людзей запужаць ці пазбавіць іх магчымасці вяшчаць з Беларусі. І мы бачым, што ёсць блогеры па-за межамі Беларусі таксама, якія выступаюць і агучваюць пазіцыі, якія ў Беларусі выказваць больш складана, бо ёсць небяспека трапіць за краты.

Але мы цяпер жывем у агульнай такой інтэрнэт-вёсцы, дзе ёсць доступ да ўсяго, і той ці іншай ступенню складанасці можна атрымаць інфармацыю, зваротную сувязь з аўдыторыяй, распаўсюджваць інфармацыю і выказваць розныя меркаванні. І пляцоўка Youtube тут адна з найлепшых».

«Сама пастаноўка пытання спазнілася»

Саму ж ідэю стварэння праўладных блогераў Паўлюк Быкоўскі лічыць запозненай, таму і перспектывы ў яе невялікія.

«Сама па сабе пастаноўка пытання «давайце створым сваіх блогераў» спазнілася, зараз складана прыйсці, бо ўжо ёсць блогеры з вялікім аўтарытэтам і вялікай аўдыторыяй, і новым гэта рабіць складана. Акрамя таго, калі ўлады не папулярныя, людзям, якія абельваюць іхную пазіцыю, даводзіцца несці тую ж самую адказнасць, што і ўладам. А з пазіцыяй крытыкі ўлады прасцей выходзіць на шырокую аўдыторыю, бо такія выказванні больш распаўсюджваюцца, яны больш кранаюць душу аўдыторыі.

Бо навіны пра тое, што кепска, расходзяцца значна лепей, чым навіны пра тое, што нічога кепскага не здараецца. У нас з такой пазіцыяй распаўсюдзіць інфармацыю і атрымаць шырокую аўдыторыю ў якасці блогера вельмі складана».

Поўную размову з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім можна паглядзець у праграме «Студыя Белсат»

Hавiны
Калі раптам вы прапусцілі. Нашыя любімыя (і «экстрэмісцкія») матэрыялы «Белсату» за 2021 год
2022.01.02 13:00

ВК, Belsat

Стужка навінаў