Фэрэнц Контра: Удзел Беларусі ва “Усходнім партнёрстве” – пад пытаннем


Амбасадар Вугоршчыны, краіны, што старшынюе ў Еўразвязе, заявіў гэта падчас прэсавай канферэнцыі ў Менску.

“Як мы разумеем, арыштаваныя не толькі ўдзельнікі дэманстрацыі, – сказаў амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра, – але і даволі вялікая колькасць журналістаў, замежных і беларускіх. Не зусім зразумела, у чым іхная віна. Мы надаем вялікае значэнне прынцыпам свабоды слова, свабоды прэсы, і таму нам проста няясна, пры чым тут “Белсат”, “Еўрапейскае радыё”, у дачыненні якіх таксама праводзіцца расследаванне? […] Калі Беларусь хоча паўнавартасна ўдзельнічаць у “Еўрапейскім партнёрстве”, я думаю, уладам краіны сёе-тое трэба мяняць”.

Дыпламат паведаміў, што амбасадары краінаў Еўразвязу звярнуліся ў МЗС Беларусі з нотаю, у якой выказалі занепакоенасць сітуацыяй, папрасілі даць інфармацыю пра стан здароўя арыштаваных экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва і запыталі пра магчымасць сустрэцца з імі.

Фэрэнц Контра адзначыў, што “выбары, якія не адпавядалі стандартам АБСЕ, і разгром дэманстрацыі” сталі для Еўразвязу нечаканасцю. “Нам пакуль цяжка зразумець, чаму кіраўніцтва Беларусі, вобразна кажучы, грымнула дзвярыма, – сказаў ён. – Мы б не хацелі рабіць заўчасных высноваў і паспешных захадаў. Усё залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі. Калі ў краіне будуць з’яўляцца новыя палітычныя зняволеныя, я думаю, адносіны Беларусі ды Еўразвязу зменяцца кардынальна”.

Часовы павераны ў справах ЕЗ у Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль, які таксама прысутнічаў на прэсавай канферэнцыі, паведаміў, што Еўракамісія чакае ад Рады ЕЗ ухвалення мандату на правядзенне перамоваў з Беларуссю ў справе рыхтавання пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

belsat.eu

Стужка навінаў