Саннікаў атрымаў прытулак у Лондане


Інфармацыю пра тое, што экс-кандыдату на прэзідэнцтва далі палітычны прытулак, пацвердзіла ягоная жонка Ірына Халіп. Да яе дазванілася радыё «Свабода», якое раней паразмаўляла з сястрою Андрэя Саннікава Ірынаю Багданавай. Апошняя пацвердзіла, што брат цяпер у яе дома ў Лондане, але адмовілася гаварыць пра атрыманне ім прытулку. «Я такія рэчы нават абмяркоўваць не хачу», – сказала яна.

Пазней у інтэрв’ю сайту «Хартыя’97» Андрэй Саннікаў патлумачыў сваё рашэнне пагрозаю паўторнага арышту. «Для мяне гэта было нялёгкае рашэнне. Але, паверце, іншага выйсця не было. Або зноў падвяргацца катаванням і здзекам ў турме, або сядзець «цішэй вады, ніжэй травы». Я быў і застаюся беларускім палітыкам. Буду працягваць даносіць праўду пра маю краіну і дамагацца таго, каб былі прыняты канкрэтныя захады дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Лічу, што маё рашэнне дапаможа рэальнаму вызваленню маёй жонкі і сына, якія знаходзяцца ў закладніках ў рэжыму Лукашэнкі».

У траўні 2011 г. Андрэя Саннікава прысудзілі да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю так званых масавых беспарадкаў пасля выбараў 2010 г. Сёлета 14 красавіка яго вызвалілі пасля падпісанага летась у лістападзе прашэння аб памілаванні.

Журналістка Ірына Халіп атрымала два гады зняволення з адтэрмінаваннем на два гады за ўдзел у «масавых беспарадках». Яна не можа выязджаць з Менску без дазволу міліцыі.

Аляксандр Лукашэнка у нядаўнім інтэрв’ю уладальніку брытанскай газеты «Evening Standard» , сыну расейскага алігарха Яўгену Лебедзеву паабяцаў вызваліць Ірыну Халіп. Аднак калі журналістка пайшла ў міліцыю, ёй паведамілі, што „выконваюць пастановы суда, а не нечыя словы”.

belsat.eu

Стужка навінаў