Дадзеныя польскай дапамогі беларускай апазіцыі ў сеціве


Колькі, ды на якія мэты – звесткі пра дапамогу польскага Міністэрства замежных справаў на развіццё беларускай дэмакратыі выцеклі ў сеціва. Польскае МЗС тлумачыцца, а беларускія грамадскія актывісты занепакоеныя.

І ёсць чым непакоіцца. Звесткі, што з’явіліся ў Інтэрнэце датычаць не толькі Беларусі, але і шэрагу іншых краінаў. Гутарка ідзе пра сумы, планаваныя вынікі ды мэты праектаў у 2007-2011 гадах. Беларускія актывісты гавораць пра магчымыя наступствы дый рэпрэсіі з боку спецслужбаў, тым больш, што раней падобная інфармацыя стала прычынай зняволення праваабаронца Алеся Бяляцкага.

Паводле актывіста “Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева, у гэтым спісе няма канкрэтных прозвішчаў асобаў, што атрымлівалі гэткую дапамогу, а толькі сумы і мэты на якія сродкі былі выдзеленыя.

У сваю чаргу “Прадстаўнік беларускага дома” ў Варшаве Алесь Зарэмбюк зазначае, што гэта польскія медыі падалі канкрэтныя назвы асобаў, што стварае рэальную пагрозу для людзей, што ўдзельнічалі ў гэтых праектах.

“Іх могуць пасадзіць, дыскрэдытаваць, альбо нават вербаваць на падставе гэтых дадзеных. Я не думаю, што да гэтага спрычыніліся беларускія спецслужбы – гэта проста нядбаласць чыноўнікаў з польскага боку, што былі адказныя за захаванне гэтай інфармацыі. Тым болей, што пасля арышту Бяляцкага польскія грамадскія арганізацыі неаднаразова звярталіся да ўладаў, каб падобная інфармацыя больш не рабілася публічнай”. – падкрэсліў Зарэмбюк.

З ім згодны і Дзмітрыеў, паводле яго супраца польскага і беларускага боку ў падобных пытанняў азначае, што ў беларускіх дэмакратычных сілаў проста не засталося сяброў.

“Безумоўна – гэтая інфармацыя можа быць выкарыстаная, але беларускія ўлады могуць кінуць за краты і без усялякіх падставаў”. – падкрэсліў Дзмітрыеў.

belsat.eu

Стужка навінаў