106 дзён пратэсту. Галоўнае


Нядзельны марш у Менску, Беларусь. 22 лістапада 2020 года. Фота: Белсат

У Беларусі пратэсты супраць гвалту і фальсіфікацыяў працягваюцца ўжо 106 дзён. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Марш супраць фашызму

22 лістапада ў Менску адбыўся Марш супраць фашызму. 15-ы нядзельны пратэст быў адметны тым, што праходзіў у новым – лакальным – фармаце. Людзі адмовіліся ад адзінай арганізаванай калоны ў цэнтры Менску. Замест гэтага яны збіраліся па ўсёй сталіцы ў сваіх дварах і мікрараёнах. Абвесцілі 60 кропак збору.

На акцыю выйшлі тысячы асобаў у розных месцах сталіцы. У некаторых раёнах колькасць пратэстоўцаў перавышала тысячу. Акцыі таксама адбыліся ў абласных цэнтрах ды іншых беларускіх гарадах.

Так выглядалі затрыманні на станцыі метро Каменная горка. Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vo Tak TV / Белсат

Як штонядзелю, перад пратэстам аператары мабільнае сувязі праз патрабаванне дзяржаўных органаў абмежавалі доступ да інтэрнэту. Доступ з’явіўся пасля акцыі, каля 16-й гадзіны. З мэтаю «бяспекі пасажыраў» метрапалітэн зачыніў 10 станцыяў. Таксама менскія ўлады моцна абмежавалі рух грамадскага транспарту на праспекце Незалежнасці, а сілавікі перакрывалі дарогі ў раёнах.

Жыхары мікрараёнаў выходзілі ў двары дзецьмі ды сабакамі, нацыянальнаю сімволікаю і плакатамі, скандавалі лозунгі – напрыклад, «Глядзі ў вакно, а не ў тэлевізар!». Частка пратэстоўцаў збіралася не ў дварах, а на дарозе, часам выходзячы на праезную частку. На акцыю пратэсту выйшлі Курасоўшчына, Пятроўшчына, Лагойскі тракт, Новая Баравая ды іншыя.

Сілавікі кропкава ладзілі разгоны і хапуны, ужываючы спецсродкі ў шмат якіх раёнах: гучныя выбухі святлошумавых гранат было чуваць каля станцыі метро «Каменная горка», у Малінаўцы, на праспекце Дзяржынскага; стрэлы чулі ў Масюкоўшчыне і на праспекце Любімава. Аднак людзі не паддаваліся на правакацыі, не адказвалі агрэсіяй на стрэлы і петарды, захоўваючы спакой. У МУС пацвердзілі ўжыванне спецсродкаў «у дачыненні да грамадзянаў, якія парушалі грамадскі парадак у Менску і аказвалі супраціў супрацоўнікам правапарадку».

Так выглядалі затрыманні на станцыі метро Каменная горка. Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vo Tak TV / Белсат

Затрыманні прайшлі ў асноўным у Менску, а таксама Бараўлянах, Пінску, Берасці, Наваполацку, Заслаўі, Горадні, Ляхавічах. У Лебядзіным сілавікі хапалі мужчын на вачах у дзяцей.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў спіс з прозвішчамі затрыманых, што абнаўляецца і дапаўняецца. Цяпер у іх – больш за 300 прозвішчаў. А тым часам менскі ГУУС пацвердзіў затрыманне больш за 200 асобаў «за парушэнне заканадаўства». Вядома пра 6 асобаў, якіх пасля разгону забралі з РУУСаў на скорых. Сярод затрыманых – мультыінструменталіст гурта «Аддис-Абеба» Цімур Рэйзіс і саліст гурта «Петля Пристрастия» Ілля Чарапко-Самахвалаў. Яго забралі ў Партызанскі РУУС.

Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Аператарка «Белсату» Дар’я Чульцова застаецца пад вартаю

Сёння пасля 7 содняў адміністрацыйнага арышту на свабоду не выйшла яшчэ адна нашая калега – аператарка «Белсату» Дар’я Чульцова. 15 лістапада яна вяла разам з Кацярынай Андрэевай стрым з Плошчы перамен. Сілавікі ўварваліся ў кватэру, дзе працавалі журналісткі, разам затрымалі і ў адзін дзень судзілі. У чым вінавацяць Дар’ю, невядома, бо ейны адвакат даў распіску аб неразгалошванні. Магчыма, да яе ўжылі той самы артыкул, што і да Кацярыны – ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Дар’я Чульцова

Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай пагражае да трох гадоў зняволення толькі за тое, што яны сумленна выконвалі сваю працу.

Фотарэпартаж
Максімальная дэцэнтралізацыя. Выніковы фотарэпартаж нядзельнага маршу
2020.11.22 18:52

Пасля масавага атручвання ў дзіцячай інфекцыйнай больніцы Менску застаюцца 8 дзяцей

У Менскай дзіцячай інфекцыйнай больніцы застаюцца 8 дзяцей, якія былі шпіталізаваныя 20 лістапада з сярэдняй школы №61.

Новых пацыентаў з ліку школьнікаў не паступала. 22 лістапада да выпіскі рыхтуюцца 3 асобы. Крыніцу магчымага заражэння высвятляюць лекары Менскага гарадскога цэнтру гігіены. Створана спецыяльная камісія, якая высвятляе прычыны таго, што адбылося.

Колькасць хворых на каронавірус працягвае расці

За апошнія суткі ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 1564 новыя выпадкі інфекцыі COVID-19. Памерлі 7 чалавек.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў каронавірусу дасягнула 123 999, памерлых – 1096 чалавек. Пераадолець хваробу за ўвесь час пандэміі здолелі 102 113 асобаў. На ўсёй тэрыторыі Беларусі цяпер дзейнічае абавязковы масачны рэжым.

Hавiны
«Калі не для сябе, то хаця б дзеля лекараў». Тыдзень масачнага рэжыму ў Магілёве
2020.11.14 19:00
Стужка навінаў