Актывістаў моладзевай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алега Корбана і Уладзіміра Сяргеева асудзілі на пяць дзён арышту за флэш-моб супраць прапаганды на дзяржаўным тэлебачанні.
Прадстаўнікі «Альтэрнатывы» ўчора ў цэнтры Менску, на рагу вуліцаў Няміга і Гарадскі вал, паставілі тэлевізар з лагатыпам Першага каналу і расклалі на ім і побач локшыну. Гэтак актывісты імкнуліся звярнуць увагу мінакоў на тое, што дзяржаўны канал замбуе гледачоў і падае скажоную інфармацыю. Каля тэлевізара актывісты раскідалі таксама дробныя грошы як сімвал таго, колькі вартая дзяржаўная прапаганда.
Акцыя працягвалася каля 10 хвілінаў. Пасля заканчэння ўдзельнікаў флэш-мобу затрымала міліцыя. Сёння ў судзе Партызанскага раёну Менску суддзя Рыта Шарай прызнала актывістаў Алега Корбана і Уладзіміра Сяргеева вінаватымі ў дробным хуліганстве і пакарала іх 5-дзённым арыштам.
belsat.eu