101-ы дзень пратэсту. Рэпрэсіі над журналістамі і трэці дзень без вады


Ужо больш за 100 дзён працягваецца змаганне беларусаў за дэмакратыю. Галоўныя падзеі аўторка, 17 лістапада, чытайце ў дайджэсце belsat.eu.

Ціск на журналістаў «Белсату»

Сённяшні дзень адзначыцца перадусім рэпрэсіямі над журналістамі. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», вінавацяцца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і супраціве міліцыянтам.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.
Фота: belsat.eu і архіў гераіні

Насамрэч падчас нядзельнай акцыі 15 лістапада яны вялі стрым з кватэры на плошчы Пераменаў. У жывым эфіры ў кватэру ўварваўся спецназ. Яны не тлумачылі нічога і адразу выбілі дзверы, хоць у кватэры было двое малых дзяцей. Гвалту падчас затрымання не было.

У РУУС Кацярыне стала блага яна адчула рэзкі боль у галаве, яна ванітавала, а потым журналістка страціла прытомнасць. Ёй выклікалі хуткую і даставілі пад канвоем у 9-ю лякарню. Нічога сур’ёзнага не знайшлі, але прапісалі пасцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візіт да неўролага на наступны дзень. Але раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП.

Толькі сёння іх асудзілі паводле арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП на 7 дзён. Сваякам журналістак не ўдалося перадаць ім цёплыя рэчы. Зараз за кратамі знаходзяцца 5 журналістаў нашага тэлеканалу. Яшчэ адной нашай каляжанцы Алене Шабуне далі штраф у Br 945 за сюжэт пра докшыцкага ксяндза.

Беларускі суд пакараў журналістаў і іншых выданняў, якія былі затрыманыя ў нядзелю. Сярод іх – Андрэй Шаўлюга і Максім Лаўрэцкі з БелаПАНу. Яны правядуць 15 дзён у няволі за тое, што выконвалі сваю працу.

«Новая Баравая» трэці дзень без вады

Сталічны мікрараён «Новая Баравая» ужо трэці дзень існуе без вады і ацяплення. Выявілася, што прычына ў тым, што нехта перакрыў ваду і адкруціў вентыль, які рэгулюе плынь вады. УП «Менскводаканал» не змог аператыўна вырашыць праблему.

Новая Баравая 3-ія содні без вады.
Фота: АД / «Белсат»

У «А-100 Камфорт» заявілі, што ў кацельні «Новай Баравой» здарылася аварыя і аварыйная брыгада ўжо працуе над ліквідацыяй непаладак: «Каб пазбегнуць пагаршэння сітуацыі, настойліва просім не зліваць ваду з сістэмы ацяплення».

Жыхары іншых раёнаў Менску актыўна дапамагаюць трапіўшым у бяду. Яны прывозяць ваду, прапаноўваюць памыцца і нават пераночыць у сябе.

А самі жыхары мікрараёну мяркуюць, што праблемы з вадою – гэта пакаранне за іхную актыўную пазіцыю. Менавіта там сумленна палічылі галасы – перамагла Святлана Ціханоўская, і «Новая Баравая» першай пачала дваравую актыўнасць.

Беларусь панізіла ўзровень удзелу ва Усходнім партнёрстве

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заявіў, што гэта адказ на санкцыі з боку некаторых краінаў, у тым ліку і Еўрапейскага звязу.

Hавiны
Беларусь панізіла ўзровень удзелу ва Усходнім партнёрстве
2020.11.17 22:05

Гэта азначае, паводле ягоных слоў, што на мерапрыемствах «Усходняга партнёрства» Беларусь будуць прадстаўляць не кіраўнікі міністэрстваў, а іх эксперты. У выпадку правядзення саміту пытанні, якія тычацца Беларусі, хутчэй за ўсё будуць абмяркоўвацца на ўзроўні Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Еўразвязе.

Але палітолаг Вольга Харламава мяркуе, што такія заявы – перадусім блеф беларускага кіраўніцтва. У кожным разе, для афіцыйнага Менску стасункі з Усходнім партнёрствам не такія важныя, як для беларускай грамадзянскай супольнасці.

Лукашэнка загадаў навесці ў Менску парадак

На сённяшняй нарадзе ў актуальных пытаннях міжнароднай палітыкі, Аляксандр Лукашэнка даручыў розным дзяржаўным людзям навесці парадак у краіне. Перадусім гэта датычыць парадку ў Менску. За яго адказвае Наталля Качанава. Прычым залагодзіць сітуацыю яна мусіць цягам тыдня – распрацаваць у гарвыканкаму адпаведны праект пастановы і ўнесці яго на сесію Савету рэспублікі.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат
Hавiны
Лукашэнка: «На гэтым тыдні мусіць быць наведзены парадак у Менску»
2020.11.17 16:56

А Раман Галоўчанка і Ігар Сергяенка мусяць навесці парадак у рэшце рэгіёнаў краіны. Што дакладна маецца пад гэтым на ўвазе – не ўдакладняецца.

Але ўжо стала вядома, што ў Менску зацверджаны план дадатковых захадаў па забяспечванні грамадскага парадку.

Памочнік Лукашэнкі па Менску Аляксандр Барсукоў заявіў, што будзе наводзіць у Менску «узорны парадак». А за ягонае парушэнне пагражае не толькі адміністрацыйная, але і нават крымінальная адказнасць.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў