Юрый Чавусаў: Гандлявацца палітвязнямі – звыклая палітыка рэжыму Беларусі


Палітолаг Юрый Чавусаў лічыць, што ўлады напоўніцу скарыстаюцца сітуацыяй з палітзняволенымі ў пабудове стасункаў з Еўрапейскім Звязам.

Сёння Менск наведала дэпутатка бундэстагу Марылюйзэ Бэк. Яна выказала пазіцыю Нямеччыны наконт сітуацыі, што склалася ў Беларусі. Афіцыйную пазіцыю ЭЗ што да ўдзелу Беларусі ва “Усходнім партнёрстве” мае агучыць толькі напрыканцы студзеня, калі адбудзецца паседжанне Рады Міністраў замежных справаў Еўразвязу. Аднак шмат хто з еўрапейскіх палітыкаў ужо сёння кажуць пра тое, што краіна, дзе груба парушаюцца правы чалавека, не можа быць паўнавартасным удзельнікам праекту, і прэтэндаваць на фінансавае падтрыманне з боку ЕЗ.

“Калі зараз адкрыюцца вароты турмаў, і ўсе дэманстранты выйдуць на волю, калі таксама будуць вызваленыя 26 зняволеных, што застаюцца ў засценках КДБ, гэта, несумненна, будзе значыць, што і нашае бачанне “Усходняга партнёрства” будзе адрознівацца ад сённяшняга”, – заявіла дэпутатка бундэстагу.

Беларускія палітолагі сыходзяцца ў меркаванні наконт таго, што сёння палітзняволеныя ў Беларусі – асноўнае праблемнае пытанне. “Рэжым Лукашэнкі і дагэтуль гандляваў воляю людзей у карыслівых мэтах. Відавочна, што гэтым разам скарыстаецца такою магчымасцю”, – лічыць Юрый Чавусаў. Ён таксама дадаў, што рэакцыя ЕЗ у дачыненні Беларусі пакуль выразна не сфармавалася. “Складваецца ўражанне, што еўрапейскія палітыкі цяпер у шокавым стане. Але, паводле майго прагнозу, з іхнага боку будуць забароны ў перасоўванні ды ў карыстанні асабістымі рахункамі ў адносінах відавочных злачынцаў з МУС, КДБ, пракуратураў і судоў. Значных санкцыяў эканамічных і тэхнічных да ўладаў чакаць не варта”.

belsat.eu

Стужка навінаў