Трыумф жанчын, авацыі класікам, маўчанне, каб уявіць мір. Як у Берліне ўручалі еўрапейскі «Оскар»


Адразу пяць узнагародаў аддалі фільму французскай рэжысёркі Жустын Трые, публіка стоячы пляскала жывому класіку Бэлу Тару, а стужка беларускіх рэжысёраў «Радзіма» ўсё ж саступіла перамогу ў сваёй намінацыі. У Берліне ўчора, 9 снежня, уручылі ўзнагароды Еўрапейскай кінапрэміі, якую называюць еўрапейскім «Оскарам». Проста з Берліну расказваем, як еўрапейскае кіно адзначае найлепшае з таго, што мае.

Цырымонія ўзнагароджвання Еўрапейскай кінапрэміі ў Берліне, Нямеччына. 9 снежня 2023 года.
Фота: europeanfilmacademy.org

Чырвоная дарожка ў прамысловым будынку

Размаўляем у аэрапорце перад вылетам у Берлін на цырымонію ўзнагароджання Еўрапейскай кінапрэміі. Калегі, якія маюць выходзіць на сцэну, шкадуюць, што ў раскладзе ім распісалі мэйкап, але толькі за дзень да вылету паведамілі пра дрэс-код – чорныя гальштукі, сукенкі да падлогі. Цырымонія такога калібру быццам бы прадугледжвае асаблівы падыход, мы прызвычаіліся да ўрачыстых відовішчаў і строяў з цырымоніяў уручэння «Оскара» і «Залатога глобуса» ды з чырвоных дарожак Канскага кінафестывалю. У гайдзе ўсё строга – чакаецца адпаведны строй, шатл ад гатэлю не чакае, у часе цырымоніі няма магчымасці выйсці з залы.

Зрэшты, цырымонія Еўрапейскай кінапрэміі, яшчэ і ў Берліне, адрозніваецца ад таго, што было пералічана, і перадае дух моманту ды гораду – праз бясхітраснасць і свабоду, прынамсі большую свабоду ад фармальнасцяў. Падзея адбываецца ў «Arena Berlin», будынку прамысловай архітэктуры, пазбаўленым пафасу і фестывальнасці. Яго, напрыклад, выкарыстоўваюць для выставаў аўтамабіляў. Тут няма ніякай мішуры ў антуражы, затое ёсць аскетызм і функцыйнасць.

У гэтай вялізнай індустрыйнай прасторы змантаваныя сцэна і зала з прынесенымі ды не вельмі зручнымі для трохгадзіннай цырымоніі крэсламі. Госці спачатку трапляюць у зону з чырвонаю дарожкаю, з якой пераходзяць у зону, дзе падаюць шампанскае і ежу. Некаторыя з прыхопленымі там брэцэлямі ішлі проста на цырымонію ўзнагароджання – бясхітраснасць. Па чырвонай дарожцы праходзяць Агнешка Голянд, Зандра Гюлер, Стэллян Скашгорд, Лямбэр Вільсон, вядома, рэжысёрка Жустын Трые, якая сталася галоўнаю гераіняю вечара. Мэс Мікельсэн, якога на цырымоніі назвалі еўрапейскім акторам 2023 года, не прыехаў.

Французская рэжысёрка Жустэн Трые на ўручэнні ўзнагародаў Еўрапейскай кінапрэміі ў Берліне, Нямеччына. 9 снежня 2023 года.
Фота: europeanfilmacademy.org

У сукенках і строях у выніку – простасць і нязмушанасць, не ўсе мужчыны з чырвонымі гальштукамі, не ўсе жанчыны ў доўгіх і нават хаця б вечаровых сукенках. Толькі на цырымоніі стала ясна, наколькі гэта ўсё-ткі па-берлінску, і што не варта было перажываць праз дрэс-код.

Жанчыны забіраюць асноўныя ўзнагароды

Нават вядоўца цырымоніі, нямецкая акторка Брыта Штэфэнгаген апранула хоць і святочную сукенку да падлогі, то бок выканала дрэс-код, усё роўна заклала ў яго лёгкі здзек з урачыстых патрабаванняў. Праз пітонава-леапардавы матыў у сукенцы, які ў большасці выкананняў лічыцца знакам безгустоўнасці. А ў папярэдне запісаным відэа з закулісся яна камічна павалілася, неаднаразова нецэнзурна вылаялася, нешта «па-мужчынску» направіла і з растрапанымі ад падзення валасамі быццам бы пайшла на сцэну.

Цырымонія ўзнагароджання 36-й Еўрапейскай кінапрэміі абярнулася сапраўдным жаночым святам, знакам жаночай моцы, прызнаннем жаночага ўнёску. Хоць падзея, відавочна, не прадугледжвала гучных дэкларацыяў ці палітычных заяваў, усё ж праз нюансы і дробязі здолела паказаць, што турбуе сённяшнюю еўрапейскую кінасупольнасць.

Кранальна было, напрыклад, калі Зандра Гюлер – яе намінавалі на «Еўрапейскую акторку» адразу за два фільмы: «Анатомія падзення» і «Зона інтарэсаў» – пасля атрымання прэміі за «Анатомію падзення» прапанавала моўчкі моцна і ярка ўявіць сабе мір. І ўся зала замаўчала.

Нямецкая акторка Зандра Гюлер на ўручэнні ўзнагародаў Еўрапейскай кінапрэміі ў Берліне, Нямеччына. 9 снежня 2023 года.
Фота: europeanfilmacademy.org

Рэжысёрка Агнешка Голянд, што як кіраўніца Еўрапейскай кінаакадэміі разам з калегамі выйшла прывітаць публіку ў пачатку цырымоніі, у сваёй прамове згадала вайну ва Украіне, ваенны канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй, а таксама 7 кастрычніка, калі адбылося ўварванне «Хамасу» ў Ізраіль.

Урэшце ўзнагародамі адзначылі шмат жанчын. Найперш фільм французскай рэжысёркі Жустын Трые «Анатомія падзення» атрымаў адразу пяць прызоў: «Еўрапейскі фільм», «Еўрапейскі рэжысёр», «Еўрапейская акторка», «Еўрапейскі кінасцэнарыст» і «Excellence Award» за мантаж. Гэты ж фільм атрымаў «Залатую пальмавую галіну» на сёлетнім Канскім кінафестывалі.

Прыз Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI аддалі брытанскаму фільму «Як займацца сексам» рэжысёркі Молі Мэнінг Ўокер, а «Еўрапейскі прыз маладой аўдыторыі» – таксама брытанскай стужцы, «Задзіра», таксама рэжысёра-жанчыны Шарлат Рыган. Каталанская рэжысёрка Ізабэл Кушэт, узяўшы прыз «Еўрапейскае дасягненне ў сусветным кіно», заўважыла, што некаторыя ў зале, але не яна, думаюць, што статуэтка нагадвае мужчынскі фалас, і зрабіла прапанову ўдасканаліць яе.

Бізнесоўка з Турцыі Гюлер Сабанджы атрымала «Еўрапейскую прэмію ўстойлівага развіцця». Прыз за еўрапейскія жыццёвыя дасягненні ўручылі брытанскай акторцы і сапраўднай зорцы аўтарскага кіно Ванэсе Рэдгрэіў – яна здымалася, напрыклад, у «Фотапавелічэнні» Мікелянджэлё Антаньёні.

Цырымонія ўзнагароджвання Еўрапейскай кінапрэміі ў Берліне, Нямеччына. 9 снежня 2023 года.
Фота: europeanfilmacademy.org

Вугорскі жывы класік Бэла Тар, які атрымаў ад Еўрапейскай кінаакадэміі ганаровую ўзнагароду, з кійком выйшаў на сцэну, сустрэў доўгія авацыі публікі, якая ўставала, каб павітаць рэжысёра, два разы.

У цырымоніі чыталася шанаванне міру, талерантнасці і роўнасці правоў. Усё гэта было хутчэй натуральным, чымся навязлівым і карцінным. Гэта істотна, што ненавязлівым, бо калі б тут былі агучаныя больш канкрэтныя пажаданні адносна, напрыклад, вайны паміж Ізраілем і «Хамасам» (на сваім сайце Еўрапейская кінаакадэмія заклікае спыніць агонь), магло застацца шмат пытанняў.

Беларускі след на Еўрапейскай кінапрэміі

На 36-ую Еўрапейскую кінапрэмію былі намінаваныя два фільмы, што маюць беспасярэдняе дачыненне да Беларусі. Карціна «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча пра гвалт у беларускім войску магла стацца еўрапейскім дакументальным фільмам, але саступіла стужцы «Сястрынства лазні па-чорнаму» эстонскай рэжысёркі Анны Хінтс. Тым не менш намінацыя на такую ўзнагароду лічыцца важкім дасягненнем, таксама можна пачакаць, ці трапіць фільм у кароткі спіс прэміі «Оскар».

Польская рэжысёрка Агнешка Голянд на ўручэнні ўзнагародаў Еўрапейскай кінапрэміі ў Берліне, Нямеччына. 9 снежня 2023 года.
Фота: europeanfilmacademy.org

Урэшце «Зялёная мяжа» Агнешкі Голянд пра мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы магла прынесці ўзнагароды «Еўрапейскі фільм», «Еўрапейскі рэжысёр» і «Еўрапейскі кінасцэнарыст». На экране цырымоніі мільгаў Дзяніс Тарасенка ў ролі лукашэнкаўскага сілавіка, але ў кожнай з намінацыяў фільм саступіў сваім канкурэнтам.

На вечарыне налівалі добрае віно, гатавалі кактэйлі і прапаноўвалі адмысловую ежу – па ўсё цягнуліся чэргі з фільммэйкераў і кінаакадэмікаў. Пераможцы, трымаючы статуэткі ў руках, фатаграфаваліся з мужамі і жонкамі, патроху запаўняўся танцпол. У невечаровых строях прынамсі зручней танцаваць.

Рэпартаж
КДБ, шампанскае, дождж… На «Бульбамуві» паказалі яшчэ два эпізоды серыялу «Працэсы»
2023.11.26 11:42

Ірэна Кацяловіч belsat.eu 

Стужка навінаў