Да мяжы з Беларуссю – восем кіламетраў. Рэпартаж з Падляшша, дзе абвешчанае надзвычайнае становішча


Кантроль на мяжы Польшчы і Беларусі, 9 лістапада 2021 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Вот Так

Ад 8 лістапада ідзе супрацьстаянне на мяжы Беларусі і Польшчы. Аляксандр Лукашэнка 9 лістапада абвінаваціў нейкія мафіёзныя структуры Еўрасаюзу ў перакідцы бежанцаў да польскай мяжы. ЕЗ пагадзіўся, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць выхадцаў з Блізкага Усходу як зброю для «гібрыднай атакі» і сабраўся ўводзіць новыя санкцыі. А пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН, як аказалася, упэўнены: крызіс у цэнтры Еўропы не адрозніваецца ад падзеяў 2015 года на поўдні рэгіёну. Ён рэзка выказаўся супраць ціску на Лукашэнку. Карэспандэнт «Вот так» Дзяніс Дзюба правёў цэлы дзень на мяжы зоны надзвычайнага становішча, абвешчанага ў Польшчы ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю, якая цяпер стала гарачай кропкай Цэнтральнай Еўропы.

Ад Беластоку да беларускай мяжы – 50 кіламетраў. Уздоўж шашы стаяць рэкламныя шчыты на польскай і рускай мовах з выявай сельскагаспадарчай тэхнікі. На адным з білбордаў – трактар «Беларус».

Уздоўж абочын акуратныя стагі ў пластыкавай плёнцы. На гарызонце бегаюць казулі. Час ад часу трапляюцца пункты прыёму металалому, пахавальныя бюро або запраўкі. Людзей амаль няма. Каб з кімсьці пагаварыць, даводзіцца згарнуць з трасы і віхляць па вёсках. Першага жывога чалавека мы знайшлі ў вёсцы Воўкуш.

Пан Збігнеў.
Фота: Дзяніс Дзюба / «Вот Так»

Пан Збігнеў, на выгляд гадоў шэсцьдзесят, кажа, што мясцовыя трохі напалоханыя прысутнасцю мігрантаў і выбіраюць сядзець па дамах. «Разумееце, тут вёска», – кажа Збігнеў. Паводле яго словаў, апошні раз мігрантаў тут бачылі тры тыдні таму: групы маладых, «апранутых па-летняму» мужчын падыходзілі да мясцовых, прасілі вады ці наладаваць тэлефон.

«Ні жанчын, ні дзяцей я тут не бачыў», – кажа Збігнеў.

Пасля сустрэчы з такімі хлопцамі мясцовыя адразу ж тэлефануюць памежнікам, тыя прыязджаюць і забіраюць гасцей. Пакуль мы размаўляем, да нас пад’язджае мінівэн пана Станіслава. Кажа, што заўважыў нашы беларускія нумары.

«Хачу вас запрасіць на каву, заходзьце, – кажа ён. – Хачу, каб вы ведалі, што мы, палякі, гасцінныя».

– А мігрантаў таксама б на каву запрасілі б?

– Вядома, і боты б ім даў, і вопратку. Але потым патэлефанаваў бы памежнікам, – дадае кіроўца, успамінаючы, як разам з аднавяскоўцамі ўдзельнічаў у злове чацвярых мігрантаў два месяцы таму.

Пан Станіслаў.
Фота: Дзяніс Дзюба / «Вот Так»

Інфармацыю аб тым, што цяпер адбываецца на мяжы, мясцовыя даведаюцца з плётак. «З медыяў нічога не даведаешся, журналістаў туды не пускаюць. Мы чытаем Фэйсбук, – адкрывае прыкладанне ў сваім тэлефоне Збігнеў. – Я вось таксама ў тэме».

«А як туды трапляюць журналісты? – пытацца.– Усё-ткі час ад часу нашым калегам удаецца пагаварыць з мігрантамі проста ў лесе».

«Нешта прыдумляюць, – кажа Збігнеў. – Вось я, напрыклад, жыву ў памежнай паласе і магу туды праехаць. Калі я дам вам спяцоўку, то магу правезці як свайго работніка – і ніхто нічога не спытае».

Мы ўжо сабраліся скарыстацца прапановай, але пан Збігнеў сказаў, што пажартаваў. Праз пару хвілін мы едзем па трасе, якая вядзе да памежнага пераходу Кузня-Брузгі. Там паліцыя спыняе кожную машыну: дакументы, правы, просяць адкрыць багажнік. Да дальнабойнікаў залазяць у кабіну і патрабуюць агледзець фуру цалкам. Мясцовыя праязджаюць, немясцовых разгортваюць на пункт пропуску ў Баброўніках, шлагбаўм на Кузніцы ўжо не працуе. Каля абедзеннага часу ў паліцэйскага кардона збіраецца дзясятак журналістаў з Германіі, Іспаніі, Італіі, якія упершыню даведаліся пра Кузні з учорашніх навін.

Журналісты на мяжы Польшчы і Беларусі.
Фота: Дзяніс Дзюба / Вот Так

Ларэнца, які прыехаў па заданні The Guardian, называе сітуацыю crazy і абяцае рэдактару здаць тэкст да 16:00. «Наогул, я займаюся Італіяй і, у прыватнасці, праблемамі міграцыі, таму шэф вырашыў адправіць сюды менавіта мяне», – тлумачыць рэпарцёр, скручваючы сабе чарговую папяроску. Мы стаім ля кардону і глядзім, як у бок мяжы праязджаюць калоны вайсковых грузавікоў і паліцэйскіх мікрааўтобусаў. Гэта падобна на вельмі напружаную падрыхтоўку да ваенных вучэнняў. Усе занятыя, і ніхто не гатовы размаўляць з журналістамі.

Ваенны лагер у вёсцы Шудзялава недалёка ад мяжы з Беларуссю.
Фота: Дзяніс Дзюба / «Вот Так»

Мы едзем уздоўж беларускай мяжы на адлегласці, роўнай зоне, дзе ўжо амаль паўтара месяцы дзее надзвычайнае становішча, на поўдзень, да вёскі Крынкі. Менавіта туды, паводле жыхароў Ваўкушы, рухаецца група мігрантаў.

У вёсцы Шудзялава, дзе круглы год працуе невялікая памежная застава, зараз дзясяткі ваенных 16-й Паморскай механізаванай дывізіі. Усюды грузавікі колеру хакі, каля некаторых будынкаў — моткі калючага дроту. На выездзе з вёскі разбіты ваенны лагер. Паміж намётамі і адзіным у вёсцы прадуктовым курсіруюць ланцужкі жаўнераў. Удалечыні пралятае верталёт.

Дрэвы ўздоўж трасы паміж вёскамі Шудзялова і Крынкі ў Падляскім ваяводстве.
Фота: Дзяніс Дзюба / «Вот Так»

Ля ўваходу ў краму двое мясцовых жыхароў на падпідку паварочваюцца ў бок нашай машыны. Яны акурат гатовыя пагаварыць з журналістамі. Адзін з мужыкоў адразу паведамляе, што два месяцы выявіў у лесе чацвярых мігрантаў. Выклікаў паліцыю, тыя знайшлі ў кустах яшчэ 11 чалавек.

«Цяпер нас ахоўваюць яны», – махае ён у бок салдат, штохвілінна выходзяць з крамы з хлебам, малаком і чыпсамі. Салдаты маўчаць і, не адрываючы вачэй ад сваіх тэлефонаў, праходзяць міма. Іх хавае дым вясковых вогнішчаў з апалай лістотай. Так можна даведацца, што тут адбывалася ў канцы лета, але няма ў каго спытаць, што адбываецца цяпер.

Да мяжы з Беларуссю – восем кіламетраў.

Аналітыка
Два дзясяткі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія ўлады праігнаравалі падчас міграцыйнага крызісу
2021.11.09 17:02

Дзяніс Дзюба /МВ «Вот Так»

Стужка навінаў