Мітрапаліт Веніямін засумняваўся ў мэтазгоднасці ўжывання беларускай мовы ў набажэнствах


5 кастрычніка падчас сустрэчы старшыні Сінадальнага місіянерскага аддзела РПЦ епіскапа Лухавіцкага Яўфімія з місіянерамі Беларускай праваслаўнай царквы і духавенствам Мінскай епархіі мітрапаліт Веніямін узняў пытанне аб богаслужэннях на беларускай мове і паставіў яго на галасаванне.

Мітрапаліт Менскі Веньямін у Горадні, Беларусь. 21 верасня 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Сустрэча была прымеркавана да «місіянерскага хрэснага ходу» у памяць пра 600-годдзе аб’яўлення Гадзенаўскага крыжа, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Прэзідыум на сустрэчы ўзначальваў мітрапаліт Веніямін, які вынес на павестку пытанне пра мэтазгоднасць правядзення богаслужэнняў на беларускай мове.

Як адзначаецца, мітрапаліт скептычна выказаўся пра працы протаіерэя Сергія Гардуна, які займаўся перакладам Пісання на беларускую мову (памёр у 2022 годзе).

Пытанне, якое паставіў мітрапаліт перад удзельнікамі сустрэчы, гучала так: «Як вы лічыце: ці садзейнічае беларуская мова павелічэнню колькасці прыхаджан ці гэта штосьці штучнае?».

За выкарыстанне беларускай мовы ў набажэнствах выказалася траціна з прысутных, зусім нязначная колькасць святароў выступіла супраць і большасць устрымалася.

Некалькі асобаў, паведамляе «Хрысціянская візія», адкрыта выказаліся ў падтрымку беларускай мовы як богаслужбовай.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў