Паводкі ў Грэцыі, Турцыі ды Балгарыі і ракетны абстрэл Украіны. Галоўныя падзеі тыдня ў здымках


Вялікая колькасць ахвяраў праз ракетны абстрэл Касцянтынаўкі ва Украіне, паводкі праз бесперапынныя залевы ў Грэцыі, Турцыі і Балгарыі, ваенны трыбунал за злачынствы супраць чалавецтва ў Конга – сабралі самыя важныя здымкі тыдня.

Разбураны мост у затопленым раёне грэцкага гораду Кардыца (Karditsa). Моцныя паводкі, выкліканыя бесперапыннымі залевамі ў Грэцыі, Турцыі і Балгарыі, агулам забралі жыцці як мінімум 14 чалавек. Кардыца, Грэцыя.
Фота: Eurokinissi / AFP / East News
Парамедыкі рыхтуюць параненага мужчыну да транспартавання машынаю хуткай дапамогі пасля артылерыйскага абстрэлу харчовага рынку ў Касцянтынаўцы. У выніку расейскага ракетнага ўдару загінулі 17 чалавек, у тым ліку дзіця, і яшчэ 32 атрымалі раненні. Касцянтынаўка, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Мужчыны спрабуюць выцягнуць машыну з вады ў кемпінгу Арапя на балгарскім узбярэжжы Чорнага мора. Залевы і навальніцы з канца 4 верасня прывялі да разліву рэк і пашкоджання мастоў у акрузе. Паводле метэаролагаў, колькасць ападкаў, якія выпалі ў Балгарыі за содні, утрая перавысіла месячную норму. Арапя, Балгарыя.
Фота: Nikolay Doychinov / AFP / East News
Вайсковец 3-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады ЗСУ надае першую дапамогу параненаму таварышу з пазыўным Полымя, недзе каля Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Libkos / AP Photo / East News
Калона транспарту, бачная з космасу, выязджае з арт-фестывалю «Burning Man». Залевы ў штаце Нєвада прывялі да таго, што намётавы лагер у пустэльні Блэк-Рок (Black Rock), дзе штогод адбываецца імпрэза, захрас у гразі. Больш за 73 тысячы чалавек аказаліся заблакаваныя ў пустэльні амаль на содні. Блэк-Рок, штат Нэвада, ЗША.
Фота: Matt Mills Mcknight / Reuters / Forum
Мусульманскія вернікі збіраюцца ўвайсці ў пячору Хіра на вяршыні ​​гары Джабаль-ан-Нур (Jabal al-Noor), таксама вядомай як Гара Святла, у святым для мусульманаў горадзе Мекка. Згодна з хадытам (паданнем пра словы і дзеянні Мухамэда), прарок правёў у гэтай пячоры 40 дзён перад спасланнем Карану. Мекка, Саудаўская Аравія.
Фота: Sameer Al-Doumy / AFP / East News
Узброеныя салдаты ахоўваюць шасцярых жаўнераў, якіх абвінавацілі ў злачынствах супраць чалавецтва і парушэнні загадаў, пасля слуханняў у ваенным судзе ў Гоме (Goma). Шасцёра вайскоўцаў, у тым ліку два афіцэры элітнай Рэспубліканскай гвардыі, паўсталі перад ваенным трыбуналам за забойства амаль 50 чалавек падчас разгону пратэсту супраць міратворцаў ААН. Гома, Дэмакратычная Рэспубліка Конга.
Фота: Alexis Huguet / AFP / East News
Метэаролаг Лёран Муле запускае метэазонд, які вымярае нулявую ізатэрму (таксама завецца ўзроўнем замарожвання) на станцыі «MeteoSwiss» у швейцарскай камуне Паерн (Payerne). Падчас летняй спякоты ў Еўропе быў усталяваны новы рэкорд нулявой ізатэрмы на вышыні 5298 метраў над узроўнем мора, «што ёсць рэкордам з пачатку маніторынгу ў 1954 годзе». Ізатэрма адыгрывае ключавую ролю ў прагназаванні надворʼя ў паўсядзённым жыцці ў альпійскім рэгіёне. Паерн, Швейцарыя.
Фота: Fabrice Coffrin / AFP / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў