На анархіста Дзмітрыя Дубоўскага, які адбывае 18-гадовы вырак, завялі новую крымінальную справу


На палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага завялі новую крымінальную справу і перавялі з віцебскай калоніі №3 у СІЗА на Валадарскага. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Права на паўстанне», спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую ад сястры палітвязня.

Сястра Дзмітрыя Дубоўскага не атрымлівала ад брата ніякіх звестак з 29 ліпеня, калі яго кінулі ў ШІЗА калоніі «Віцьба-3» пад Віцебскам. Сёння Юлія Дубоўская паведаміла, што «Дзіма знайшоўся на Валадарцы».

«Пасля 40 дзён у ШІЗА яго этапавалі ў Менск. Сёння прынялі для яго перадачу, а гэта азначае, што ён зноў пад следствам, і яго зноў чакае суд і вырак. Падрабязнасцяў я пакуль не ведаю», – напісала сястра палітвязня Юлія Дубоўская.

Яна просіць падтрымаць брата лістамі, паштоўкамі ды тэлеграмамі, якія цяпер трэба дасылаць на адрас СІЗА-1: 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Дзмітрыю Мікалаевічу Дубоўскаму.

Актывіст анархічнага руху Дзмітрый Дубоўскі быў затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго, а таксама Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ і дзяржаўнага камітэту экспертыз у Гомельскай вобласці. 22 снежня 2021 года Менскі абласны суд агучыў вырак у дачыненні Дубоўскага – 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У траўні 2022 года Дзмітрыя Дубоўскага этапавалі з СІЗА-2 у папраўчую калонію № 3 пад Віцебскам. Зараз палітвязень утрымліваецца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

зона.бел
«Найлепшая калонія Беларусі»? Як жывуць зняволеныя ў ПК-3 «Віцьба» – і ці можна з яе ўцячы
2022.07.31 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў