Штраф за прычоску, стаў вядомы змест інтэграцыйных праграмаў. Галоўнае за 10 верасня


396 дзён працягваецца палітычны крызіс у Беларусі. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Дзяўчыну аштрафавалі за бел-чырвона-белыя валасы

9 верасня на вуліцы Адзінцова ў Менску затрымалі 19-гадовую Вікторыю Лёвіну. Міліцыянтам не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны. На яе склалі пратакол за «Несанкцыянаваную акцыю» (арт. 24.23 КаАП РБ). «Правяла пікетаванне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру», сказана ў пратаколе.

Hавiны
Дзяўчыну аштрафавалі за чорна-бел-чырвоныя валасы
2021.09.10 16:07

Содні арышту пенсіянеркам

9 верасня сілавікі зладзілі ператрус, пасля якога затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік, 61-гадовую Наталлю Агейчык і Алу Буянкову. 10 верасня суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк прызнаў жанчын вінаватымі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Старажоўскай у сталіцы.

Наталля Агейчык сваю віну не прызнала. У кватэры Наталлі Агейчык ператрус зладзілі працаўнікі КДБ. Жанчына не прызнала сваёй віны. Суддзя прысудзіў ёй 30 содняў арышту. Ірыне Новік Дзмітрый Карсюк прысудзіў 15 дзён арышту, такі ж прысуд прагучаў і ў дачыненні да Алы Буянковай.

Hавiны
Пенсіянеркам прысудзілі содні арышту за акцыю падтрымання Знака і Калеснікавай
2021.09.10 17:51

Васкрасенскі піша Пачобуту і абяцае вызваленне

Як стала вядома «Белсату», палітычны зняволены Анджэй Пачобут атрымаў ужо трэці ліст ад былога палітвязня, а цяпер пралукашэнкаўскага палітолага Юрыя Васкрасенскага.

Гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут.
Фота: Белсат

Юрый Васкрасенскі ў лістах запэўнівае Анджэя Пачобута, хто хоць той не хоча пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, Васкрасенскі ўсё роўна будзе дамагацца вызвалення Пачобута.

Пачобут на гэта адказвае, што не ўпаўнаважваў нікога такім чынам дзейнічаць у ягонай справе, у тым ліку Васкрасенскага.

Артыкулы
Васкрасенскі тройчы пісаў палітвязню Пачобуту, абяцаў дамагацца вызвалення. Пачобут супраць
2021.09.10 15:25

Наталля Хершэ тройчы адмовілася прасіць памілавання

Генадзь Касьян брат палітзняволенай Наталлі Хершэ атрымаў ад сястры першы ліст за амаль чатыры месяцы. Наталля піша, што за апошнія два тыдні да напісання свайго ліста атрымала толькі адзін ліст.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Генадзь Касьян адзначае: Наталлю ўжо тройчы ўгаворвалі напісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Генадзь мяркуе, што гэтае пытанне таксама ўздымала і старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, якая ў пачатку жніўня наведвала жаночую калонію ў Гомлі, дзе адбывае пакаранне Наталля ды іншыя палітычныя вязні.

«Наталля ўсім адмовіла, бо лічыць сябе невінаватаю», – сказаў радыё «Свабода» брат зняволенай Генадзь Касьян.

Артыкулы
Палітзняволеная Наталля Хершэ тройчы адмовілася прасіць памілавання
2021.09.10 12:13

Дзмітрый Баскаў звольніўся з ФХБ

Дзмітрый Баскаў напісаў заяву аб сыходзе з Федэрацыі хакея Беларусі. Раней Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) дыскваліфікавала Баскава на пяць гадоў.

Дзмітрый Баскаў.
Фота: hockey.by

Дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыя хакею на лёдзе (IIHF) вырашыла дыскваліфікаваць са спартовай дзейнасці старшыню Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь (ФХРБ)Дзмітрыя Баскава. Рашэнне апублікавалі 8 верасня.

Hавiны
Дзмітрый Баскаў пакінуў пасаду Старшыні ФХБ
2021.09.10 20:55

Стаў вядомы змест «саюзных праграмаў»

Урад Расеі апублікаваў апісанні «саюзных праграмаў» інтэграцыі. З апісання бачна, што бакі дамовіліся ў будучыні «сінхранізаваць» і «гарманізаваць» законы і агульныя падыходы, заключыць новыя дамовы, распрацаваць новыя праграмы і тарыфы, «каардынаваць» цэнаўтварэнне.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Фота: Міхаіл Метцель / ТАСС

У Менску 10 верасня прайшло паседжанне савету міністраў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, на якім былі ўхваленыя «Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы на 2021–23 гады» і 28 «саюзных праграмаў» інтэграцыі, аб якіх днём раней дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Прэм’еры Беларусі і Расеі падпісалі адпаведную пастанову.

Hавiны
Дамовіліся дамаўляцца. Што ў 28 «дарожных мапах»
2021.09.10 15:53

Мінінфармацыі адрэагавала на карыкатуру ў газеце «Мінская праўда»

Улады Беларусі адрэагавалі на публікацыю ў выданні «Мінская праўда», у якой каталіцкіх святароў, якія выступаюць супраць гвалту і за нацыянальныя сімвалы, назвалі нацыстамі. Шмат хто ў публікацыі пабачыў праяву крымінальнага злачынства – распальвання варожасці.

Карыкатура ў газеце «Мінская праўда».
Фота: Хрысціянская візія / Telegram

9 верасня біскуп Алег Буткевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў у Беларусі, атрымаў ліст ад імя Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака, у якой чыноўнік падкрэсліў, што гэтая публікацыя не адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю дзяржавы ў адносінах да Рыма-каталіцкага Касцёлу ў Беларусі.

Румак паведаміў, што Міністэрства інфармацыі пісьмова апавясціла Менскае абласное ўнітарнае прадпрыемства «Інфармацыйнае агенцтва «Мінская праўда» аб недапушчальнасці падобнага кшталту публікацыяў.

У Беларусі лютуе афрыканская чума свінняў

Ува ўсіх вобласцях Беларусі зафіксавалі асяродкі афрыканскай чумы свінняў, ёсць выпадкі птушынага грыпу і хваробы Ньюкасла. Жывёліны, якіх мусілі б утылізаваць, трапляюць у беларускія крамы і на экспарт.

агулам па краіне выяўленыя 89 выпадкаў АЧС сярод дзікоў і 52 выбухі захворвання свінняў у асабістых падворках, на 8 гаспадарках. Гэта вынікае з дакументу Міністэрства сельскай гаспадаркі для службовага карыстання, які апублікаваў Telegram-канал «Беларусь за МКАДом».

У дакуменце таксама згадваюцца 7 выбухаў птушынага грыпу на розных гаспадарках і 85 выпадкаў хваробы Ньюкасла (птушынай псеўдачумы).

Hавiны
У Беларусі «таемна» лютуе афрыканская чума свінняў – выцек дакумент Мінсельгасу
2021.09.10 11:30

У Беларусі 667 палітвязняў

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі вязнямі яшчэ 6 асобаў.

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Аляксея Мінава, Глеба Койпіша, Аляксея Муравіцкага, Максіма Клімовіча, Дар’ю Чайко, Кірыла Пальчэўскага.

Цяпер у Беларусі 667 палітвязняў, паведамляе «Вясна».

Hавiны
У Беларусі палітвязнямі прызналі яшчэ 6 асобаў
2021.09.10 20:30

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў