Каардынатарка Free Belarus Center: Дыяспары ва Украіне не склалася, але гэта і не кепска


Беларусы Украіны сабраліся каб адсвяткаваць дзень незалежнасці Украіны. Кіеў, 24 жніўня 2021 г.
Фота: Белсат

Вялікая частка ўцекачоў з Беларусі прыбывае ва Украіну, тут ёсць некалькі ініцыятываў, якія дапамагаюць рэлакантам, камунікуюць з палітыкамі і падтрымліваюць беларускі пратэст. Аднак аб’яднанай дыяспары так і не атрымалася. Каардынатарка Free Belarus Center Паліна Бродзік распавяла, як яна перажыла апошнія паўтара года і як трансфармавалася адна з самых вядомых ініцыятываў падтрымання беларусаў.

Даведка
Паліна Бродзік. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Паліна ўжо шэсць гадоў жыве ва Украіне і мае доўгія «стасункі» з выбарамі ў Беларусі, назірала за імі з 2011 года. Напярэдадні леташніх прэзідэнцкіх выбараў у Кіеве ўжо адчувалася, што ў Беларусі адбудзецца нешта незвычайнае.

«Усе беларусы, хто тут жыве, і ўцекачы – хаця яны тады не называлі сябе ўцекачамі, а думалі, што прыехалі на некалькі дзён ці тыдняў – яны разам з намі пачалі фармаваць нейкія нефармальныя групы і абмяркоўваць, што рабіць у розных сітуацыях. Але мы, як і ўсе іншыя, не былі падрыхтаваныя да такіх маштабаў. Мы не маглі ўявіць, колькі людзей, якія прыедуць пасля выбараў, і нават не планавалі рабіць такой грунтоўнай арганізацыі», – узгадвае каардынатарка Free Belarus Center.

Інвестыцыі ў будучую Беларусь

Калі пасля выбараў ва Украіну пачалі прыбываць людзі, ратуючыся ад пераследу ўладаў, Паліна і ейныя калегі зразумелі, што надышоў час выбудоўваць сістэму дапамогі з валанцёрамі і фармальным статусам:

«Мы з калегамі і праваабаронцамі вырашылі пачаць з юрыдычнай і псіхалагічнай дапамогі ўцекачам – у нас быў на гэта рэсурс, і на гэта быў попыт. Тады мы і адкрылі Free Belarus Center. Але хутка стала зразумела, што людзі прыязджаюць без грошай, бягуць з адным заплечнікам, з дзецьмі, не ведаюць, як сябе паводзіць у іншай краіне, і ім патрэбна значна большая дапамога. Тады мы разам з беларускай дыяспарай у Нямеччыне зладзілі праект для дапамогі беларускім уцекачам ва Украіне, які і па сёння вырашае пытанні з часовым жытлом, з медычнымі выдаткамі, з вопраткай, з ежай».

Паліна Бродзік.
Фота: РБК-Украіна

Далей у Цэнтру пачалі з’яўляцца новыя кірункі дзейнасці, разлічаныя на развіццё грамадзянскай супольнасці.

«Мы можам пакрыць нейкія першапачатковыя патрэбы людзей, калі яны толькі пераехалі. Але мы больш зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя людзі павярталіся потым у Беларусь з новымі ведамі, каб яны карысна распараджаліся часам за мяжой. Таму мы распрацавалі адукацыйныя трэнінгі: некаторыя разлічаныя на некалькі гадзінаў, а ёсць доўгатэрміновыя, як акселератары. Вось цяпер у нас ідзе такі акселератар для журналістаў-расследавальнікаў. На ім прадстаўнікі беларускіх СМІ прайшлі офлайнавыя трэнінгі і рыхтуюць разам з ментарамі з розных краінаў свае праекты, на якія яны потым змогуць атрымаць фінансаванне. Такі праект прадугледжвае, што ў чалавека з’явяцца прафесійныя навыкі і чалавек зможа зрабіць нешта сацыяльна карыснае», – адзначыла Бродзік.

Беларусы Украіны сабраліся каб адсвяткаваць дзень незалежнасці Украіны. Кіеў, 24 жніўня 2021 г.
Фота: Белсат

Дыяспара так і не склалася, але гэта і не кепска

Разам з уцекачамі і кансалідацыяй грамадства ва Украіне з’явілася шмат ініцыятываў, якія займаліся рознымі кірункамі дапамогі. Але засталіся далёка не ўсё.

«Нягледзячы на моцнае жаданне, людзі не маглі каналізаваць сваю дзейнасць у правільным кірунку. На жаль, шмат якія ініцыятывы прыпынілі сваю дзейнасць: нехта перасварыўся, нехта перагарэў, нехта паехаў у іншую краіну, нехта не здолеў зрабіць таго, што хацеў. Але застаўся шэраг ініцыятываў, дзе кожны робіць нешта па-свойму, гуртуецца ці не. У іх рознае бачанне таго, куды мы ідзем і як тут трэба працаваць, але яны ёсць і працягваюць сваю дзейнасць», – адзначыла каардынатарка Free Belarus Center.

Яна падкрэсліла, што Украіна – не самае простае месца для працы некамерцыйных грамадскіх установаў:

«Асабліва калі сутыкаюцца тэмы Украіны, Беларусі і бяспекі. Тут ёсць шмат нюансаў, з якімі нам выпадае працаваць кожны дзень, але мы разумеем, што гэтая праца вельмі істотная, бо сюды пакуль што прыехаць збольшага прасцей, чым у краіны, куды трэба віза. Таму мы працягваем дапамагаць выбудоўваць унутраную палітыку Украіны ў дачыненні беларускіх уцекачоў».

Беларусы Украіны сабраліся каб адсвяткаваць дзень незалежнасці Украіны. Кіеў, 24 жніўня 2021 г.
Фота: Белсат

Ці ёсць ва Украіне беларуская дыяспара – складанае пытанне. Адзінай згуртаванай супольнасці з адзіным мэсіджам да ўладаў краіны не склалася.

«Мы не можам сказаць, што ва Украіне ёсць сфармаваная беларуская дыяспара. Людзі не заўсёды адзін з адным пагаджаюцца і пераследуюць адны і тыя ж мэты. А мы ў вольнай краіне, дзе плюралізм меркаванняў – нармальна. Таму дыяспары з адным прадстаўнічым органам пакуль няма. Але наяўнасць ініцыятываў, якія перажылі ўжо год, не зніклі і працягваюць сваю працу і развіваюцца, сведчыць пра тое, што мы развіваемся і як дыяспара ў шырокім сэнсе», – падзялілася наша суразмоўца.

Паліна бачыць у гэтым і станоўчыя бакі:

«Наўрад ці мы калі-небудзь станем адзіным органам, але гэтая стварае пэўную канкурэнцыю паміж арганізацыямі і дазваляе імкнуцца да лепшых вынікаў. Агулам усе дзейнічаюць добра – кожная арганізацыя бярэ на сябе пэўны кавалак працы і выконвае, што ім бліжэй. Хтосьці працуе з сем’ямі і дзецьмі, хтосьці дапамагае з выдаткамі, хтосьці займаецца інфармацыйнай падтрымкай, хтосьці робіць акцыі – і так мы разам усё закрываем».

Беларусы Украіны сабраліся каб адсвяткаваць дзень незалежнасці Украіны. Кіеў, 24 жніўня 2021 г.
Фота: Белсат

Добрая нядзельная традыцыя

Бродзік адзначыла, што цяпер Free Belarus Center не займаецца акцыямі, як раней, бо больш сканцэнтраваны на іншых відах дзейнасці і дапамогі. Аднак раз на тыдзень усе ахвотныя прыходзяць у цэнтр Кіева, каб паказаць, што яны ёсць, падтрымаць адзін аднаго і сваіх блізкіх на радзіме.

«Звычайна гэта адбываецца ў нядзелю а другой гадзіне. Людзі дамаўляюцца, збіраюцца на Майдане і робяць нешта пад пэўную тэму. Гэта стала такой добрай традыцыяй. І што б ні здарылася, якая б навіна не з’явілася – усе прыйдуць і падтрымаюць адзін аднаго», – распавяла Паліна.

  • 23 снежня 2020 года Кабінет Міністраў Украіны прыняў закон, які дазваляе беларусам перабываць на тэрыторыі краіны 180 дзён на працягу года.
  • З 1 жніўня 2020 года да 31 ліпеня 2021 года 811 грамадзянаў Беларусі атрымалі сталы від на жыхарства ва Украіне, яшчэ 3348 – часовы, а 572 беларусы працягнулі сваё права перабывання ва Украіне.
Артыкулы
Сяброўка загінулага ў Кіеве Віталя Шышова: «Я дасюль не магу забраць ягонага цела»
2021.08.18 12:49

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў