Абяцалі перамагчы карупцыю, перажылі масавыя вулічныя пратэсты. Чым падобныя кіраўнікі Беларусі і Гвінеі


Беларусь і Гвінея – вельмі розныя краіны з вельмі рознаю гісторыяй і эканомікай, яны на розных кантынентах. Але ў былога кіраўніка Гвінеі і дзейнага кіраўніка Беларусі ёсць агульныя рысы.

Зусім не падобныя

Гвінея – краіна на паўночным захадзе Афрыкі з выхадам да Атлантычнага акіяну. З 12,4 мільёна чалавек насельніцтва 86,7 % – мусульмане. У краіне тры буйныя этнічныя групы (фульбэ – 33 % насельніцтва, малінке – 30 %, сусу – 21 %) і некалькі драбнейшых.

Гвінея на мапе Афрыкі. Выява: TUBS / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Яна ў ліку найбяднейшых краінаў свету (169-е месца са 195 паводле валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва ў парытэце пакупніцкай здольнасці, паводле Міжнароднага валютнага фонду). Бюджэт напаўняе ў асноўным горназдабыўчая прамысловасць, амаль палова экспарту – золата, яшчэ амаль палова – алюмініевая руда.

Паводле індэксу ўспрымання карупцыі, Гвінея амаль настолькі ж карумпаваная, як Расея. Гвінея таксама адна з найгоршых паводле індэксу чалавечага развіцця Праграмы развіцця ААН (178-е месца са 189).

Гвінейцы пратэстуюць супраць рэферэндуму аб скасаванні абмежавання на два прэзідэнцкія тэрміны. Конакры, Гвінея. 24 кастрычніка 2019 года.
Фота: Aboubacarkhoraa / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

З часу атрымання незалежнасці ў 1958 годзе Гвінея была пад аўтарытарнай уладаю: першы прэзідэнт кіраваў дзяржаваю 25 гадоў, другі – 24.

Трэцяга (або, калі ўлічваць год улады вайсковай хунты, чацвёртага) прэзідэнта Альфу Кандэ зрынулі 5 верасня пасля 11 гадоў ва ўладзе.

Прэзідэнт Гвінеі Альфа Кандэ сустракаецца з Уладзімірам Пуціным. Кандэ не карыстаўся асаблівым падтрыманнем Пуціна, а апазіцыя не вінаваціла яго ў «гандлі суверэнітэтам». Нова-Агарова, Расея. 28 верасня 2017 года.
Фота: Kremlin.ru

Народжаны ў 1938 годзе, Кандэ атрымаў адукацыю ў Францыі, працяглы час быў у апазіцыі да дзейнай улады, балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах у 1993 і 1998 гадах, але на абодвух яму налічылі менш за 20 % галасоў. Пасля другіх выбараў яго арыштавалі, бо ён нібыта збіраў наймітаў і хацеў забіць дзейнага прэзідэнта, асудзілі на 5 гадоў турмы але адпусцілі праз паўтара года. Ён перамог у другім туры выбараў 2010-га, і тыя выбары называлі першымі сапраўды дэмакратычнымі ў гісторыі краіны.

Але…

Параўнанне лёсаў Аляксандра Лукашэнкі ды Альфы Кандэ. Выява: Белсат

Аляксандр Лукашэнка і Альфа Кандэ – пажылыя аўтарытарныя кіраўнікі дзяржавы, якія прыйшлі да ўлады на першых у гісторыі краіны дэмакратычных выбарах, перамаглі ў другім туры. Абодва перамаглі шмат для каго нечакана, лічыліся аўтсайдарамі да тых выбараў. Толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады 27 гадоў таму, Кандэ – 11.

Абодва абяцалі адрадзіць прамысловасць і перамагчы карупцыю, у абодвух поспехі ў гэтым як мінімум спрэчныя. Абодва прывялі краіну да эканамічнага росту ў першае дзесяцігоддзе на пасадзе (але ў Лукашэнкі другое і трэцяе дзесяцігоддзе ва ўладзе – ваганні ў эканамічным росце, больш падобныя да стагнацыі), абодвух крытыкуюць за неэфектыўнасць і карумпаванасць дзяржаўнага кіравання.

Паліцыянты ў Гвінеі.
Фота: gendarmerie.gov.gn

Абодва кіруюць аўтарытарна, садзяць за краты дзясяткі палітычных вязняў, чуюць у свой бок абвінавачанні ў парушэннях правоў чалавека і празмернай жорсткасці сілавікоў, цэнзуруюць апазіцыйныя медыі. Абодва трапілі пад санкцыі Еўразвязу (адносна Гвінеі тыя санкцыі пачаліся яшчэ да прыходу Кандэ).

Абодва перажылі некалькі хваляў масавых вулічных пратэстаў (у выпадку Гвінеі былі сотні ахвяраў). У тым ліку абодва перажылі масавыя пратэсты ў 2019 і 2020 гадах. Абодва праз рэферэндум скасавалі абмежаванне на два прэзідэнцкія тэрміны (Кандэ зусім нядаўна, у 2020-м).

Гвінейцы пратэстуюць супраць рэферэндуму аб скасаванні абмежавання на два прэзідэнцкія тэрміны. Конакры, Гвінея. 24 кастрычніка 2019 года.
Фота: Aboubacarkhoraa / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Кандэ зрынулі ягоныя ж спецназаўцы: тыя абурыліся, што Кандэ скараціў ім фінансаванне, павялічыўшы фінансаванне парламенту і сваёй адміністрацыі. Паўстанне супраць яго ўзначаліў кіраўнік створаных ім жа Спецыяльных узброеных сілаў капрал Мамадзі Думбуя.

Еўразвяз яшчэ да перавароту пагражаў увесці санкцыі супраць 25 гвінейскіх афіцыйных асобаў за парушэнні правоў чалавека – у ліку тых 25 быў і Думбуя. У адрозненне ад яго, шматлікія беларускія сілавікі ўжо пад санкцыямі Еўразвязу.

Прэзідэнт Альфа Кандэ пасля арышту путчыстамі. 5 верасня 2021 года.
Фота: guineematin.com
Hавiны
8 музеяў былых дыктатараў у «краінах сацлагеру»
2021.05.18 08:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў