Прадстаўніцы турфірмы прысудзілі 7,5 года турмы, бо яна выдавала кліентам фіктыўныя станоўчыя тэсты на ковід


За «махлярства ў асабліва буйным памеры» суд Завадскога раёну Менску прысудзіў 37-гадовай прадстаўніцы турыстычнага агенцтва «King Travel» 7,5 года зняволення і штраф 6400 рублёў.

Жанчына прадавала туры за перадаплату, а потым паведамляла кліентам, што яны заразіліся ковідам, і адмяняла паездкі. Яна дзейнічала ад уласнага імя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама ад імя турыстычнага агенцтва са снежня 2019 года па верасень 2021 года.

Згодна з абвінавачваннямі, «у ходзе зносін праз перапіску ў мэсэнджарах Viber і Telegram, у сацыяльнай сетцы Instagram, а таксама падчас тэлефонных размоў увяла ў зман грамадзян, якія выказалі жаданне ажыццявіць турыстычныя падарожжы ў розныя краіны свету».

Атрыманыя ад падманутых кліентаў грошы абвінавачаная патраціла на іншыя мэты, у тым ліку на ўласныя патрэбы. Усяго прадстаўніца турфірмы падманула больш за 100 чалавек, а сума сродкаў, якімі яна завалодала ці спрабавала завалодаць, склала амаль 290 тысяч рублёў (больш за 112 тысяч долараў).

Суд прызнаў жанчыну вінаватай у махлярстве ў асабліва буйным памеры па ч. 4 арт. 209 КК. За гэта ёй прысудзілі 6,5 год пазбаўлення волі. Таксама ў яе была непагашаная судзімасць: летам 2020 года яе асудзілі на год пазбаўлення волі (верагодна, умоўна або з адтэрміноўкай), і гэты год далучылі да новага пакарання. Такім чынам ёй прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 7 гадоў 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічыняў (6400 рублёў).

Артыкулы
«Не забыліся, не даруем». Гісторыя беларускі, якую асудзілі за надпіс на асфальце
2022.08.10 12:58

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў