«Не забыліся, не даруем». Гісторыя беларускі, якую асудзілі за надпіс на асфальце


Як цяпер жыве жанчына, асуджаная ў 2020 годзе за надпіс на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Марыя Бабовіч. Фота з асабістага архіву

Уначы 9 жніўня 2020 года ў Менску каля станцыі метро «Пушкінская» сілавікі забілі аднаго з пратэстоўцаў – Аляксандра Тарайкоўскага. На наступны дзень на месцы гібелі з’явіўся народны мемарыял – людзі неслі кветкі, знічы. Праз нейкі час Марыя Бабовіч напісала фарбаю на ходніку «Не забудзем». За гэта яна атрымала паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Яна стала адною з першых жанчын, асуджаных паводле крымінальнага артыкулу пасля выбараў 2020 года. Марыя распавяла, як уцякла з «хіміі» ва Украіну, як пасля пачатку вайны пастанавіла застацца і валанцёрыць ды чаму ні разу не пашкадавала пра свой учынак.

«Цяпер я зрабіла б дакладна гэтак жа»

9 жніўня 2020 года 25-гадовая Марыя Бабовіч, як і шмат якія беларусы, пратэставала супраць фальсіфікацыі выбараў. А ўначы яна даведалася пра гібель Аляксандра Тарайкоўскага. На відэа з месца падзеяў відаць, як мужчына з паднятымі рукамі стаіць насупраць сілавікоў, а тыя ў яго страляюць.

«Страшна і балюча было ад таго, што вось так проста забілі бяззбройнага. Ён жа стаяў, падняўшы рукі, у майцы і шортах, безабаронны зусім», – успамінае Марыя.

Пасля таго, што адбылося, МУС аператыўна апублікавала прэс-рэліз: нібыта ў руках у Тарайкоўскага здэтанавала самаробнае выбуховае прыстасаванне. Аднак на відэа ніякіх прыладаў не было відаць.

Сутыкненні з міліцыяй каля станцыі метро «Пушкінская», дзе забілі Аляксандра Тарайкоўскага. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

На працягу месяца пасля здарэння Марыя назірала за стыхійным мемарыялам, які ўтварыўся ля ўваходу ў метро. Людзі неслі кветкі і знічы, ладзілі акцыі салідарнасці. Тых, хто збіраўся, разганялі і затрымлівалі сілавікі, а кветкі прыбіралі работнікі камунальных службаў. Тады жанчына падумала, што трэба пакінуць нешта, што камунальнікі не змаглі б адразу прыбраць. Нешта, што нагадвала б людзям, якія кожны дзень спускаюцца ў метро, пра здарэнне. І напісала фарбаю на асфальце «Не забудзем».

Даведка

Праз шэраг «трагічных абставінаў»

У лютым 2021 года стала вядома, што Следчы камітэт не стаў пачынаць крымінальнай справы па факце забойства Аляксандра Тарайкоўскага. У ведамстве заявілі, што мужчына «правакаваў сілавікоў», а тыя ў адказ нібыта ўжылі несмяротную зброю. Смерць мужчыны, паводле следчых, наступіла праз збег шэрагу трагічных абставінаў. Тагачасны кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што Тарайкоўскі «стаяў перад АМАПам нахабна і мэтанакіравана».

Марыю затрымалі 9 верасня 2020 года, амаль адразу пасля таго, як яна зрабіла надпіс. Разам з ёю затрымалі хлопца, які дапамагаў (яны не былі раней знаёмыя, ён проста праходзіў побач). Больш за месяц Марыю ўтрымлівалі ў СІЗА. Спачатку завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў», пазней дадаўся артыкул «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам альбо якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры». Марыя лічыць, што, калі б яе справа не была палітычная, то абышлося б простай адміністратыўнаю справаю. Аднак следчы, які размаўляў з ёю пасля затрымання, патлумачыў, што ёсць «асаблівае распараджэнне зверху». У снежні 2020 года Марыю вызвалілі ў зале суда. Ёй далі 1,5 года «хатняй хіміі». На судзе пракурорка адмовілася ад абвінавачанняў паводле другога артыкулу. Хлопцу, якога судзілі разам з Марыяй, прызначылі два гады калоніі.

Адвакат Марыі спрабаваў аспрэчыць прысуд, скаргу разглядалі больш за два месяцы, аднак рашэнне пакінулі ў сіле. У красавіку 2021 года жанчыну паставілі на ўлік, яна пачала адбываць «хатнюю хімію». Такі від пакарання прадугледжвае, што асуджаны большую частку часу застаецца ўдома або на працы. У выходныя і святочныя дні выходзіць нельга зусім. Спачатку да Марыі паставіліся вельмі лаяльна: дазволілі самой абраць час, калі яна зможа пакідаць кватэру. Аднак пазней усё змянілася: час прызначылі выключна ранішні, кантроль узмацніўся. Спагнанне маглі абвесціць нават за неістотныя парушэнні.

«Аднойчы парушэннем рэжыму палічылі тое, што я выйшла з кватэры да пад’езду ў хатніх тапках. Думаю, калі б мяне асудзілі на «хатнюю хімію» проста паводле нейкай бытавой справы, то на такую дробязь ніхто б не звярнуў увагі», – распавядае Марыя.

Увосень 2021-га стала вядома, што Марыі могуць узмацніць рэжым і адправіць у гомельскую жаночую калонію. Жанчына пастанавіла ўцячы ва Украіну. Яна не можа раскрываць падрабязнасцяў сваёй эвакуацыі, бо праз гэта могуць пацярпець іншыя асобы.

Развітанне з загінулым Аляксандрам Тарайкоўскім падчас пратэстаў у Менску, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат / Вось Так

Актывістка запэўнівае: не зважаючы на СІЗА, абмежаванне волі, рызыкоўныя ўцёкі і вымушаную эміграцыю, яна не шкадуе пра ўчынак. «Калі б я зноў апынулася ў той час у тым жа месцы, я ўсё роўна паступіла б дакладна так жа», – упэўненая яна. У той час адчувалася, што на ейных вачах дзеецца гісторыя, нельга было страціць магчымасць зрабіць нешта. «Нават не для сябе, а для будучага пакалення. Цяпер я разумею: пакуль мы прыйдзем да таго, за што ідзе барацьба, пройдуць доўгія гады. І я не ўпэўненая, што мы застанем гэтую вялікую свабоду», – кажа Марыя.

Даведка

Не толькі Марыя

За надпіс «Не забудзем» асудзілі не толькі Марыю і маладзёна, які ёй дапамагаў. За абнаўленне надпісу ў снежні 2020 года двум менчукам прысудзілі 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Яшчэ аднаму жыхару сталіцы прызначылі 2 гады калоніі строгага рэжыму. Усе яны прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Не зважаючы на тое, што ўжо мінуў час, Марыя прызнаецца: усё яшчэ адчувае крыўду на міліцыянтаў, следчага, суддзю, пракурора, якія маюць дачыненне да ейнай справы. Жанчына лічыць, што многія з іх разумелі яе недарэчнасць, але проста заставаліся абыякавымі да несправядлівасці і думалі толькі пра ўласныя інтарэсы.

Украіна: валанцёрства ў Бучы і рызыка дэпартацыі

З кастрычніка 2021 года Марыя ўладкавалася ў Кіеве і нарэшце адчула сябе ў бяспецы. Нават цяпер у сталіцы краіны, якая ваюе, яна адчувае сябе спакайней, чымся ў Беларусі. Сувязі на радзіме шмат з кім перапыніліся, засталіся толькі бацькі (да гэтага часу іх з роспытамі наведвае міліцыя) і самыя блізкія сябры.

«Ім там таксама вельмі нялёгка, але яны проста пакуль не могуць выехаць. Маю добрую сяброўку нядаўна асудзілі на 15 содняў на Акрэсціна за бранзалет. А ў Кіеве я сустрэла мноства выдатных беларусаў, столькі добрых людзей!» – распавядае Марыя.

Беларусы Кіева кожную нядзелю ладзілі акцыі, каб падтрымаць беларускіх палітычных вязняў і не толькі. Пасля пачатку вайны частка з іх пастанавіла з’ехаць, але частка засталася ва Украіне. Сама Марыя села ў эвакуацыйны цягнік у Польшчу, але ў дарозе зразумела, што насамрэч з’язджаць нікуды не хоча:

«Дабралася да Львова, правяла там некалькі тыдняў і пастанавіла вяртацца ў Кіеў».

Марыя вярнулася ва ўкраінскую сталіцу і пачала валанцёрыць: дапамагала разбіраць завалы ў Бучы ды Ірпіні, калі адтуль выйшлі расейскія войскі, затым перайшла ў валанцёрскі штаб, які займаецца эвакуацыяй людзей з Херсону і Херсонскай вобласці.

«Гэта вельмі цяжка маральна. Але даводзіцца набірацца сілаў, каб неяк падбадзёрыць тых, каму трэба выехаць з гэтага рэгіёну. Там кожны дзень адбываюцца жудасныя рэчы, кожны дзень – нейкая новая бяда. Да іх прыходзіць вось гэты «русский мир». У людзей практычна няма сувязі, калі ўдаецца купіць сімку нейкую, то, часцей за ўсё, толькі расейскую. Але мы намагаемся, вывозім патроху», – кажа беларуска.

Пошукавая група праводзіць эксгумацыю цела жанчыны і дваіх ейных дзяцей, якія загінулі падчас эвакуацыі з Бучы, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У Марыі, як і шмат каго з беларусаў ва Украіне, – праблемы з легалізацыяй. 180 дзён, дазволеных для прабывання ў краіне, у яе скончыліся, а праз вайну аддзелы міграцыйнай службы не працавалі. У выніку Марыю ўжо двойчы штрафавалі за нелегальнае прабыванне ў краіне, аднак штраф быў мінімальны, абышлося без штампу аб дэпартацыі. Прынамсі пакуль. Беларуска прызнаецца, што адчувае праз гэта прыкрасць і крыўду:

«Гэта праўда вельмі крыўдна: мы цяпер забыліся пра сваіх, пра беларусаў, якія сядзяць, бо вайна страшнейшая. Гіне мноства людзей у варварскай вайне, у ХХІ стагоддзі, гэта неймаверна. І мы ўсе сілы накіравалі на дапамогу Украіне, і цяпер сутыкаемся з такім стаўленнем. Бог з ім, што дзякуй не кажуць, не для гэтага мы працуем. Але нас кожны дзень могуць выслаць».

Аднак Марыя збіраецца дапамагаць і надалей: «Ад таго, чым скончыцца вайна ва Украіне, залежыць, як мне здаецца, і будучыня Беларусі, а значыць, і нашыя шанцы вярнуцца дадому».

Надпіс «Не забудзем!» каля станцыі метро Пушкінская ў Менску. Скрыншот: Настоящее Время

Аляксандра Вержбаловіч / Герон belsat.eu

Стужка навінаў