Група беларускіх хакераў з Аб’яднанага Штабу супраціву зладзіла атаку на сайт «Белсату»


Пра атаку на наш сайт хакеры з Аб’яднанага Штабу супраціву 10 чэрвеня паведамілі ў сваім тэлеграм-канале «Алиса рассказывает».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Інфармацыйная група АШС здзяйсняе папераджальную атаку на тэлеканал «Белсат». Атакаваная выключна сістэма кіравання сайтам тэлеканалу, сам сайт функцыянуе і матэрыялы дасяжныя гледачам», – гаварылася ў паведамленні ў тг-канале АШС.

Як патлумачылі хакеры АШС, «нагодай для атакі з’яўляецца сістэматычная праца журналістаў тэлеканалу з агентурай спецслужбаў Рэспублікі Беларусь. Тэлеканал «Белсат» настойліва працягвае дапамагаць ўстаноўленаму агенту ГРУ МА РБ А.Азараву».

Каардынатарка аддзелу ІТ «Белсату» Вольга Швед зазначыла, што сайт увесь час працаваў без зменаў і быў дасяжны для карыстальнікаў.

«Відавочна, што да адміністрацыйнай панэлі проста не змаглі дабрацца», – кажа Вольга Швед.

Вольга зазначае што на нашых серверах штодня адбываюцца падазроныя рухі, якія паходзяць з атак.

«Большыя атакі здараюцца раз на некалькі месяцаў, самыя магутныя – на выбары і знакавыя падзеі, але мы маем добрую сістэму бяспекі і пакласці сайт так і не атрымалася нават у расейцаў. Сёння можам выказаць толькі падзяку! Фірмы плоцяць вялікія грошы, каб пратэставаць сістэму бяспекі і знайсці ў ёй дзіркі, а нам гэта зрабілі бясплатна».

У 16.58 па беларускім часе ў тг-канале «Алиса рассказывает» з’явілася паведамленне: «Тэхнічная інфармацыя. Папераджальная атака на адмінку тэлеканалу «Белсат» спыненая».

Хакеры АШС вінавацяць беларускую апазіцыю ў бяздзейнасці, не маюць дачынення да Кіберпартызанаў і, як самі заяўляюць, да рэжыму Лукашэнкі. Па спасылцы – нашая размова з імі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў