«Не разлічваў адтуль выбрацца». Размова з байцом батальёну Каліноўскага, які страціў нагу ў баі пад Бучай


Баец батальёну Каліноўскага Аляксей з пазыўным «Псіхолаг» паехаў ваяваць за Украіну ў складзе палку «Азоў» у 2015 годзе, ва ўзросце 20 гадоў. У 2019 годзе маладзён атрымаў украінскае грамадзянства, у 2022-м, за месяц да вайны, ажаніўся. Беларус удзельнічаў у абароне Кіеўскай вобласці пад Бучай, дзе страціў нагу. Пасля пратэзавання баец працягвае працаваць у батальёне. «Белсат» пагутарыў з Аляксеем пра вайну, новае жыццё пасля траўмы, гатовасць ісці да канца, каб абараніць Украіну, а потым вызваліць Беларусь.

Беларускі вайсковец палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксей з пазыўным Псіхолаг. Кіеў, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Трэба бараніць свабоду Украіны, каб потым здабыць яе і для Беларусі»

Да пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе Аляксей жыў звычайным жыццём беларускага юнака – працаваў на будоўлі, завочна вучыўся ў радыётэхнічным каледжы на праграміста. Але калі на ўсходзе Украіны разгарэўся ўзброены канфлікт, маладзён адчуў, што ягонае месца менавіта там, бо ад таго, выстаіць Украіна ці не, залежыць таксама будучыня Беларусі. Аляксей кінуў вучобу і на пачатку 2015 года паехаў на вайну.

– Я ўсведамляў, чаму гэтая вайна ідзе, супраць чаго і каго, і разумеў, што наступнай за Украінай так ці інакш будзе Беларусь – Расея не дазволіць нам застацца незалежнымі, – кажа баец. – Было відавочна, што Украіна – апошняя выспа свабоды на прасторы СНД, і што гэтую свабоду трэба абараніць, каб потым здабыць і для Беларусі.

Вайсковага досведу да прыезду на Данбас у Аляксея не было – вучыўся адразу на практыцы. З цягам часу сам стаў навучаць іншых – працаваў інструктарам фізічнай падрыхтоўкі ў трэніровачным лагеры палку «Азоў» у Кіеве, праводзіў курс маладога байца для беларусаў і ўкраінцаў перад адпраўкай на Данбас.

Інтэрв’ю
«Гэта не проста полк…» Беларускі баец Дзяніс Кіт расказаў, чаму легендарны «Азоў» немагчыма перамагчы
2022.05.27 08:30

Акрамя трэніровак, Аляксей і сам далей вучыўся ваеннай справе і час ад часу выязджаў на ўсход для выканання баявых задачаў.

Маладзён разумеў, што поўнамаштабная вайна непазбежная.

– Было ясна, што Менскія дамоўленасці працаваць не будуць, і што раней ці пазней вайна будзе, – кажа «каліновец». – Мы не ведалі, калі канкрэтна, але рыхтаваліся і заўсёды былі гатовыя.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Разведвальныя групы не ваююць, а проста «кусаюць», але нашая сітуацыя аказалася іншай»

Раніцай 24 лютага Аляксей быў у Кіеве. Прачнуўся ад выбуху ракеты.

– Разбудзіў жонку, сказаў – вайна, па Кіеве б’юць ракетамі, – распавядае баец. – Сабраў рэчы, адразу паехаў на базу «Азову». У нас быў план дзеянняў на выпадак вайны. Мы адразу пачалі фармаваць баявыя роты і ўжо 24 лютага прынялі ўдзел у абароне Кіеўскай вобласці. 3 сакавіка ўступілі ў шчыльны агнявы кантакт пад Бучай (бой, у якім загінуў беларускі добраахвотнік Ілля Хрэнаў з пазыўным «Ліцвін». – Рэд.).

Аляксей быў у складзе разведвальнай групы, у якую ўваходзілі найбольш падрыхтаваныя байцы з досведам.

– Мы пайшлі на пярэднія пазіцыі, каб там зафіксаваць калоны расейскай тэхнікі і па іх навесці нашую артылерыю, а пры магчымасці ўступлення ў кантакт знішчыць некалькі адзінак іхнай тэхнікі, – распавядае Аляксей пра бой. – Разведвальныя групы, як правіла, не ваююць, а проста «кусаюць» і сыходзяць. Але нашая сітуацыя аказалася іншай, у нас была не самая дакладная інфармацыя, і сітуацыя змянялася хутка.

Гісторыі
«Расейцы мэтанакіравана ішлі забіваць». Добраахвотнік батальёну Кастуся Каліноўскага пра бой пад Бучай
2022.04.10 14:19

Бой адбыўся ў гатэльным комплексе «Сан-Марына» ў пасёлку Ворзэль пад Бучай.

– Калі мы там размясціліся, то зразумелі, што варожая калона не такая маленькая, як спачатку здавалася, і што рухаецца яна не па той дарозе, на якой мы рыхтаваліся яе сустрэць, а заехала нам у тыл, і войскі адначасова наступаюць на Бучу і Ірпінь, – згадвае Аляксей. – Нашыя гранатамётчыкі падпалілі першыя адзінкі расейскай тэхнікі, а ў мяне пачаўся стралковы бой з пяхотай, якая спешвалася з аўтамабіляў. Паколькі я – другі нумар у кулямётным разліку, то адразу пабег па свайго кулямётчыка, які глядзеў тую дарогу, дзе мы першапачаткова чакалі варожую калону.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Агледзеў нагу і ўбачыў, што яна вісіць на лапіку скуры»

Аляксей з кулямётчыкам вярнуліся на пазіцыі і ўступілі ў стралковы бой. Камандзір прыняў рашэнне аб кругавой абароне, бо група трапіла ў атачэнне. Калі хлопцы замацаваліся ў гатэлі, расейцы пачалі абстрэл з танкаў.

– Першы прылёт з танку трапіў якраз у наш будынак, і ў нас з’явіліся першыя параненыя, – кажа наш суразмоўца. – Мы ім аказалі дапамогу, каму трэба – наклалі турнікеты, іншых перавязалі, і пайшлі шукаць больш надзейнае месца, якое не абстрэльвалася з танку. Калі выйшлі на вуліцу, адбыўся другі прылёт, пасля яго ў нас ужо было каля дзясятку параненых. Якраз тады мне адарвала нагу.

Аляксей упаў на зямлю, а калі паспрабаваў падняцца, зразумеў, што не можа.

– Я агледзеў левую нагу, убачыў, што яна вісіць на лапіку скуры, што аскепкам прашыла роўненька пасярэдзіне калена. У мяне быў з сабой турнікет на левым плячы, хоць функцыянальнасць левай рукі адсутнічала, я не мог сціснуць яе ў кулак праз кантузію нерву, – распавядае баец. – Правай рукой наклаў турнікет на левую нагу вышэй сцягна, каб спыніць артэрыяльны крывацёк, які самы небяспечны, і пачаў паціху выпаўзаць у больш ціхае месца. І запісваў відэа. Не разлічваў адтуль выбрацца. Было разуменне, што мы не ў вельмі добрай сітуацыі.

ВІДЭА
Як загінуў беларус, што бараніў Бучу
2022.04.08 09:01

Цяжка параненых прынялі рашэнне эвакуяваць. Расейцы працягвалі абстрэлы са стралковай зброі, але «тэхніка не працавала», кажа Аляксей.

– Расейцы думалі, што яны самі трапілі ў засаду, былі дэзарганізаваныя. А нас дадаткова прыкрывала іхная падбітая тэхніка, якая гарэла, – таму яны не бачылі, як нашыя машыны на дарозе, – прыгадвае «каліновец». – Мы даехалі да ўзарванага Ірпіньскага мосту, нас перанеслі праз яго, і адтуль адвезлі ў лякарню ў Кіеў на машынах хуткай дапамогі.

«Калі ты ў штанах, то нават не заўважна, што там пратэз»

У Кіеве Аляксею ампутавалі нагу, пасля чаго маладзён яшчэ месяц ляжаў у розных лякарнях, пакуль загойвалася кукса. Потым яшчэ тры тыдні быў перыяд рэабілітацыі і падрыхтоўкі да пратэзавання. Напрыканцы другога месяцу пасля траўмы Аляксею паставілі першасны пратэз.

Пратэз на назе беларускага вайскоўца палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксей з пазыўным Псіхолаг. Кіеў, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Цяпер я штодня езджу на рэабілітацыю і вучуся хадзіць на гэтым пратэзе, – кажа баец. – Ён механічны, і на ім некаторыя функцыі рабіць цяжка. Але цягам двух тыдняў мне паставяць аўстрыйскі электронны пратэз – ён амаль цалкам замяняе нагу. Праз год увогуле можна будзе паставіць біянічны. Пакуль жа, думаю, і з электронным можна будзе някепска жыць. З ім калі ты ў штанах, нават і не заўважна, што там пратэз.

Аляксей працягвае працаваць у батальёне Каліноўскага – займаецца арганізацыйнай структурай, удзельнічае ў трэніровачным працэсе. Кажа, што без справы сядзець не выпадае – ёсць шмат задачаў, дзе патрэбныя дасведчаныя людзі.

Пра страту нагі Аляксей не шкадуе і не лічыць гэта самых страшным, што з ім магло адбыцца.

– Нейкага шкадавання, адчаю не было ні адразу пасля траўмы, ні цяпер, – кажа маладзён. – Я – вайсковец, і ваяваць – і маё рашэнне, і мой абавязак. Я ведаў, куды я іду, і што можа быць. Я здолеў захаваць халодны розум і дзейнічаць адпаведна алгарытму дзеянняў пры раненнях – аказаць сабе дапамогу, не даць сабе сцячы крывёю, выбрацца ў больш-менш бяспечнае месца і дапамагчы іншым сябе эвакуяваць.

Артыкулы
«Полк для мяне – гэта ўжо сям’я». Паразмаўлялі з беларусам з палка Каліноўскага
2022.05.30 15:42

Баец не лічыць інваліднасць занадта высокай цаной за свабоду Украіны, тым больш, што гэтая краіна для маладзёна зусім не чужая.

– Хоць у мяне няма сваякоў ва Украіне, але яна заўсёды была мне блізкая, – кажа Аляксей. – Украіна і Беларусь звязаныя агульнай гісторыяй, і на працягу стагоддзяў у нас адзін агульны вораг.

Самае галоўнае цяпер – рэабілітацыя і жаданне падняцца на ногі і працягваць жыць, перакананы «каліновец».

– Страта нагі ці рукі – не самая вялікая бяда ў сучасным свеце, бо існуюць пратэзы, і можна аднавіць амаль усе функцыі. Бывае, што людзі не могуць аднавіць рухомасць, ці ў іх пашкоджаны мозг – гэта нашмат страшней. Я адштурхоўваюся ад таго, што магло быць горш. Ніякага шкадавання ці непрымання таго, што адбылося, у мяне няма, – кажа маладзён.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«У батальёне Каліноўскага ўвесь пасіянарый Беларусі»

Аляксей упэўнены, што калі пераможа Украіна, то вольнай стане і Беларусь. І батальён Каліноўскага зможа адыграць значную ролю ў аднаўленні незалежнасці нашай краіны.

– Да нас едуць самыя матываваныя людзі, актыўныя, з рознымі прафесіямі, увесь пасіянарый Беларусі, – кажа добраахвотнік. – Ва ўсіх тут адна мэта – свабодная і незалежная Беларусь, што немагчыма без падзення расейскага рэжыму. Нашая першасная задача – абараніць Украіну, а потым Беларусь.

Артыкулы
«Прасцей будзе выканаць задачы ў Беларусі». Як рыхтуюцца навабранцы палка імя Кастуся Каліноўскага
2022.05.25 19:09

А рэпутацыя ў беларускіх байцоў ва Украіне вельмі добрая, кажа Аляксей, і зарабілі яе беларусы на фронце справамі, а не словамі.

– За ўсе гэтыя гады не сутыкнуўся з негатывам з боку ўкраінцаў. Яны разумеюць, што мы змагаемся за іхную свабоду, і ўдзячныя і радыя, што ёсць беларусы, якія не толькі ў бясконцай апатыі застаюцца, але і могуць нешта рабіць і дапамагаць, – зазначае добраахвотнік.

«Поспех Украіны залежыць ад паставак замежнай зброі»

Аляксей з 2019 года грамадзянін Украіны.

– Атрымаў пашпарт, калі Зяленскі прыйшоў да ўлады, – распавядае баец. – Парашэнка ў свой час не дазваляў даваць грамадзянства добраахвотнікам, а пры Зяленскім на пачатку давалі. Тады некалькі дзясяткаў добраахвотнікаў атрымалі пашпарты. Потым гэта ўсё спынілі.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Аднак нягледзячы на ўкраінскае грамадзянства, Аляксей пазіцыянуе сябе як беларускага нацыяналіста, ажаніўся з беларускай і хоча аднойчы вярнуцца на радзіму.

– Для мяне Беларусь першасная. Як і ўсе беларусы, якія тут цяпер, я б хацеў вярнуцца на радзіму. Але пакуль Украіна не пераможа, у Беларусі змяненняў не будзе, – кажа маладзён.

А для перамогі Украіны вялікае значэнне сёння мае міжнароднае падтрыманне, зазначае Аляксей, і галоўнае – хуткая перадача зброі.

– Мэта расейцаў цяпер – выціснуць украінцаў з Данецкага і Луганскага кірункаў, – кажа баец. – Ці атрымаецца гэта ў іх, ці не, наўпрост залежыць ад хуткасці паставак замежнай зброі Украіне. На палях Данбасу нам важна закрываць неба і мець добрую артылерыю. А вось мабілізацыйнага патэнцыялу ва Украіне, у адрозненне ад Расеі, дастаткова.

Калі расейцы засяродзіліся на Данбасе, стала спакойна ў Кіеве, распавядае Аляксей. Шмат людзей вярнуліся дадому.

– Часам адчуванне, што людзі ўвогуле ўжо забыліся, што вайна ідзе, як быццам яшчэ два месяцы таму пад Кіевам не стаялі расейскія войскі. Усе вельмі разняволіліся. Але не мы, – кажа баец.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Аляксей мяркуе, што вайна можа зацягнуцца на гады, але апошняе слова ў ёй у любым выпадку будзе за Украінай.

– Не ў менталітэце ўкраінцаў здавацца. Трэба апынуцца тут, каб адчуць гэты свабодны дух. Яны нікому не дазволяць забраць у іх свабоду і зямлю, – кажа беларус. – І мы разам з імі будзе ваяваць да апошняга, да поўнага вызвалення Украіны.

Гісторыі
«Я ўдзячная беларусам з батальёну Каліноўскага, што яны з намі». Размова з добраахвотніцай тэрабароны
2022.05.21 08:30

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў