Беларусь збіраецца ствараць аналаг «Іскандэраў». Лукашэнка правёў чарговую вайсковую нараду


Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з прадстаўнікамі Міністэрства абароны. Лукашэнка заявіў, што «вайна ва Украіне яго шмат чаму навучыла» і даў распараджэнне распрацаваць новыя ракетныя комплексы праз «сучасныя выклікі». Як заўжды, шмат казаў пра пагрозу Захаду і NATO, паведамляе БелТА.

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр».
Фота: mil.ru

Лукашэнка адзначыў, што Расея дапаможа Беларусі ў сферы ракетнай вытворчасці, бо адпаведныя дамоўленасці дасягнутыя на найвышэйшым узроўні:

«Пры мне прэзідэнт (Уладзімір Пуцін) паставіў задачу Дзмітрыю Рагозіну неадкладна падтрымаць, каб мы не стваралі ровара, каб мы маглі задзеяць досвед інжынераў, ракетчыкаў Расейскай Федэрацыі, якія рабілі «Іскандэр». Гэта маладыя хлопцы».

Нагадаем, што «Іскандэр» – расейскія аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы, распрацаваныя навукова-вытворчаю карпарацыяй «Канструктарскае бюро машынабудавання» ў Каломне. Асноўнае прызначэнне «Іскандэраў» – знішчыць сістэмы СПА, а таксама найважнейшыя абʼекты, што прыкрываюцца імі, на дыстанцыі да 500 км.

Знішчаны расейскі танк. Трасцянец, Украіна.
Фота: Державне бюро розслідувань

Таксама Лукашэнка заявіў, што «ваенная аперацыя» ва Украіне «шмат чаму навучыла» яго. Ён запатрабаваў ад вайскоўцаў вызначыцца, якая вайна будзе ў Беларусі, «калі не дай бог», і якая зброя патрэбная:

«Скажу шчыра, што тады мы па-іншаму бачылі і сваё войска, і перш за ўсё ўзбраенне нашага войска. Зноў жа, абсалютна адкрыта: ваенная аперацыя Расейскай Федэрацыі ва Украіне нас шмат чаму навучыла».

У той жа час Лукашэнка мяркуе, што ў пытанні ўзбраення нельга перабольшыць з «найразумнейшымі тэхналогіямі», бо ўсё гэта павінна быць «функцыйным для шараговых байцоў»:

«І ніякае кантрактнае войска ў гэтым плане нас не ўратуе. Усё эфектыўна, што проста і надзейна. Вось, што самае галоўнае».

Лукашэнка адзначыў, што ў войскі паступаюць найноўшыя зенітныя ракетныя комплексы «Тор-М2», радыёлакацыйныя станцыі «Праціўнік», «Сопка», «Усход», «Раса», комплексы радыёэлектроннай барацьбы «Навальніца». Узброеныя сілы таксама атрымліваюць браняваныя аўтамабілі «Кайман», мадэрнізаваныя танкі Т-72.

Hавiны
Амбасада ЗША: Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну з Украінай
2022.05.09 11:51

У межах дзяржаўнай замовы мінулага года былі закупленыя 80 новых бронетранспарцёраў, 4 беспілотныя авіяцыйныя комплексы, больш за 2000 супрацьтанкавых кіраваных ракетаў, дзясяткі сродкаў кіравання войскамі і сувязі, капітальна адрамантаваныя 10 лятальных апаратаў, адзначылі ў БелТА.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў