Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць газету «Intex-press»


Прадпрыемства «Беларускі дом друку» апавясціла рэдакцыю «Intex-press», што з 9 траўня «ў аднабаковым парадку» скасоўвае дамову на аказанне сваіх паслуг. Электронны ліст ад друкарні прыйшоў у другой палове дня, у непрацоўны і святочны дзень, на электронную пошту рэдакцыі.

Друкаваная версія газеты «Intex-press».
Фота: Intex-press / Вконтакте

Прычыны адмовы кіраўніцтва друкарні не пазначыла. «Просім прабачэння і спадзяемся на паразуменне», – напісана ў канцы афіцыйнага ліста.

Зараз рэдакцыя баранавіцкай газеты спрабуе знайсці магчымасць альтэрнатыўнага друку наступнага нумару газеты, выхад якога запланаваны на 12 траўня.

Ліст з тыпаграфіі да рэдакцыі «Intex-press».
Фота: intex-press.by

Праблемы ў рэдакцыі з’явіліся пасля публікацыі 14 красавіка інтэрвʼю са Святланай Ціханоўскай. Размова з эксс-кандыдаткай на прэзідэнцтва трапіла пад жорсткі прэсінг з боку ўладаў і 30 красавіка было ўключанае ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

На наступны дзень пасля публікацыі інтэрв’ю, 15 красавіка, галоўнаму рэдактару «Intex-press» Уладзіміру Янукевічу вынеслі папярэджанне. На думку пракуратуры, апублікаваўшы інтэрвʼю са Святланай Ціханоўскай, выданне парушыла патрабаванне Закону аб СМІ – аб недапушчальнасці распаўсюду інфармацыі, «накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчае заклікі да такой дзейнасці, гвалту і жорсткасці, іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забароненае заканадаўствам краіны». Аднак дзе менавіта ў інтэрвʼю ўсё гэта ўгледзелі, Янукевічу не патлумачылі.

intex, Cichanouska, zdj.: Intex
Вокладка нумару газеты «Intex-press» за 14 красавіка 2021 года.
Фота: Intex-press

5 траўня эканамічны суд Берасцейскай вобласці прызнаў Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» вінаватым у распаўсюдзе забароненай інфармацыі і прызначыў штраф 150 базавых велічынь (4350 рублёў).

Таксама за апошнія 10–15 дзён ад продажу газеты адмовіліся практычна ўсе буйныя гандлёвыя сеткі гораду. 28 красавіка рэдакцыя газеты атрымала ліст ад «Белпошты» пра тое, што газета не будзе ўключаная ў падпісны каталог на другое паўгоддзе 2021 года.

«Белсаюздрук» таксама адмовілася распаўсюджваць газету «Intex-press».

Hавiны
Галоўнага рэдактара «Intex-press» аштрафавалі за інтэрв’ю з Ціханоўскай
2021.04.26 14:00

АД, belsat.eu

Стужка навінаў