275 дзён супрацьстаяння ўладаў і грамадства. Дзень народзінаў за кратамі, ЕЗ прадставіў Ціханоўскай план дапамогі Беларусі

Палітычны крызіс у Беларусі працягваецца 275 дзён. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня

ЕЗ прадставіў план дапамогі Беларусі

Генеральны дырэктар дэпартаменту палітыкі добрасуседства і перамоваў па пашырэнню Еўракамісіі Мацей Папоўскі падчас онлайн-сустрэчы з Святланай Ціханоўскай прадставіў праект Усеабдымнага плану дапамогі ЕЗ для Беларусі. Дакумент прадугледжвае фінансавую макрадапамогу для эканомікі нашай краіны і падтрыманне палітычных і эканамічных рэформаў у тым ліку з удзелам Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў.

Святлана Ціханоўская. Фота: tsikhanouskaya.org

Раней план дапамогі з боку ЕЗ падтрымалі Каардынацыйная Рада, Народнае Антыкрызіснае ўпраўленне і Вераніка Цапкала.

План дапамогі Беларусі зацвердзілі на саміце Еўрапейскай рады ў кастрычніку летась. Паводле дакументу, ЕЗ створыць стабілізацыйны фонд у памеры не менш за 1 млрд еўраў, таксама прадугледжваецца падтрыманне малых і сярэдніх прадпрыемстваў, адкрыццё адзінага рынку ЕЗ для прадпрымальнікаў з Беларусі і спрашчэнне візавага рэжыму.

«Больш аптымістычным акцэнтам сталі словы камісара ЕЗ па пытаннях пашырэння Олівер Вархелі. А менавіта, Еўрапейская камісія, хутчэй за ўсё, прадставіць эканамічны план дэмакратычнай Беларусі. Гэта ініцыятыва прэм’ер-міністраў Вышаградскай групы», – цытуе словы кіраўніка польскай дыпламатыі Збігнева Рау ПАП.

ЕЗ прадставіў Святлане Ціханоўскай працоўны праект плана дапамогі Беларусі

Палітвязень Сяргей Пятрухін адзначае дзень народзінаў за кратамі

Аўтар YouTube-каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргей Пятрухін адзначае свой 50 дзень народзінаў. Цяпер блогер за кратамі, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Палітзняволены Сяргей Пятрухін.

Палітвязень Сяргей Пятрухін адзначае дзень народзінаў за кратамі

Мастак Алесь Пушкін заснаваў у турме арт-супольнасць

За кратамі Алесь Пушкін стварыў для беларускіх мастакоў арт-суполку «Турма». Каб стаць яе сябрам, трэба адпавядаць тром умовам:

  • адбыць зняволенне;
  • жыць альбо зрабіць свядомы выбар і вярнуцца з эміграцыі ў Беларусь;
  • размаўляць на беларускай мове.

У турме мастак не губляе часу і дасылае на волю шмат малюнкаў, у якіх распавядае пра свой побыт. У Instagram нават з’явілася адпаведная старонка з працамі мастака, якія ён дасылае з-за кратаў.

Малюнак Алеся Пушкіна пра яго затрыманне ў Палацы Ігнацыя Булгака ў весцы Жылічы 30 сакавіка 2021 года. Фота: art_supolka_turma / Instagram
Подпіс да малюнка ў Instagram: «29 сакавіка была Астатняя вячэра з рэстаўратарамі ў Жылічах, 30 – арышт, а ў ноч з 30 на 31-га сакавіка 2021 Пушкін быў дастаўлены пад Канвоем у аўтазакі праз усю

Беларусь, праз Наваградак – а гэта блізу 380кмч – у Гародню… Ехалі ўсю ноч, з 20.00 30-га па 08.00 31-га. 31 сакавіка ў 08.00 раніцы быў прыняты ў Гродзенскую Турму №1 Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі». Фота: art_supolka_turma / Instagram
Нататкі Алеся Пушкіна. Фота: Белсат

Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года. Мастака вінавацяць у тым, што адна з ягоных карцінаў, выстаўленая ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні, парушае артыкул 130 КК («Распальванне нацыянальнай, расавай ды іншай варожасці»). Пушкіну пагражае да 12 гадоў зняволення.

Беларусы, якія падалі ў пракуратуру Нямеччыны заявы на Лукашэнку, распавялі свае гісторыі

У Федэральную пракуратуру Нямеччыны была пададзеная заява на Аляксандра Лукашэнку аб злачынствах супраць чалавечнасці. Яе падалі адвакаты ад імя 10 чалавек, якія зазналі катаванні ў Беларусі. Нямецкае выданне «Deutsche Welle» паразмаўляла з двума з іх.

Адзін з герояў – беларускі IT-спецыяліст Валерый Самалазаў. З ліпеня 2020 года ён працаваў у Вялікай Брытаніі, але вырашыў правесці адпачынак у Беларусі і залагодзіць справы з дакументамі, а таксама прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах.

«Я ішоў па тратуары. Мяне акружылі, сталі задаваць пытанні. Я адказваў ветліва, паказаў ім пасведчанне. Але мая майка стала трыгерам. На ёй быў проста дыснэеўскі сімвал фільму «Карнік», але ён іх зачапіў. Сказалі, што гэта яшчэ і сімвал батальёну «Азоў». І ўвесь час нагадвалі пра гэтую майку перад тым, як біць», – успамінае Валерый.

Валерый Самалазаў пасля выхаду з СІЗА у майкі, якая была на ім падчас затрымання. Фота: dw.com

Другі хлопец, Кацпэр Сініцкі, быў затрыманы 10 жніўня ў ваколіцах вуліцы Нямігі ў Менску, калі проста ішоў са сваім сябрам-фотарэпарцёрам.

«Нас забралі бусікам да аўтазака, а потым у аўтазаку перавезлі ў Фрунзенскі РУУС Менску. Там нас збівалі, мы наслухаліся розных абразаў, звязаных з нашай нацыянальнасцю. Нас абвінавачвалі ў тым, што мы «лялькаводы», якія прыехалі кіраваць пратэстам і ладзіць каляровую рэвалюцыю», – распавядае хлопец.

Кацпер Сініцкі. Фота: dw.com

Двое мужчынаў, якія падалі ў пракуратуру Нямеччыны заявы на Лукашэнку, распавялі свае гісторыі

Газету «Intex-press» адмовіліся друкаваць

Прадпрыемства «Беларускі дом друку» апавясціла рэдакцыю «Intex-press», што з 9 траўня «ў аднабаковым парадку» скасоўвае дамову на аказанне сваіх паслуг. Электронны ліст ад друкарні прыйшоў у другой палове дня, у непрацоўны і святочны дзень, на электронную пошту рэдакцыі.

Прычыны адмовы кіраўніцтва друкарні не пазначыла. «Просім прабачэння і спадзяемся на паразуменне», – напісана ў канцы афіцыйнага ліста.

Цяпер рэдакцыя баранавіцкай газеты спрабуе знайсці магчымасць альтэрнатыўнага друку наступнага нумару газеты, выхад якога запланаваны на 12 траўня.

Вокладка нумара газеты Intex-press за 14 красавіка 2021 года. Фота: Intex

Журналіста аштрафавалі за «прапаганду нацысцкай сімволікі»

Уладзімера Рэпіка затрымалі 9 траўня. Журналіста абвінавацілі паводле адміністратыўнай справы за прапаганду або публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі. 10 траўня суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў яму штраф у памеры 10 базавых велічыняў (290 рублёў).

Уладзімір Рэпік. Фота: Уладзімір Рэпік / vk.com

Прычынай для адміністратыўнай справы, як распавёў Уладзімір Рэпік, стала кароткае відэа на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы.

«Гэта вельмі кароткае відэа, на якім «некалькі хлопцаў збіваюць нацыста ў майцы са свастыкай». Мне спадабалася відэа і я паставіў падабайку. Прычым гэта было ў 2019 годзе. А вось цяпер раптам сілавікам стала гэта цікавым», – распавёў «Белсату» Уладзімір Рэпік.

Уладзімер Рэпік раней прымаў удзел у фестывалях «Залаты шлягер» і «Славянскі базар», піша на тэму шоу-бізнесу, аўтар дзясяткаў інтэрв’ю з зоркамі эстрады. Ён запісаў некалькі відэазваротаў да Аляксандра Лукашэнкі, і цяпер лічыць, што менавіта гэта стала падставаю для павышанай цікавасці да яго з боку міліцыянтаў.

Які сэнс у праекце Камісіі народнай памяці штабу Святланы Ціханоўскай?

СК belsat.eu

Hавiны