Пасля выбуху на БАМе з «Нафтану» звольнілі ад 30 да 60 чалавек – «Наша Ніва»


Пасля выбуху на БАМе (Байкала-Амурская магістраль) у Расеі у лістападзе 2023 года з беларускага заводу «Нафтан» звольнілі ад 30 да 60 чалавек, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкаю на прадстаўніка Рабочага руху.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Завод «Нафтан».
Фота: belchemoil.by

Пасля выбуху, які расейскія службы назвалі тэрактам, 7 снежня 2023 года ФСБ затрымала беларуса Сяргея Ерамеева, якога ў 2020 годзе звольнілі з «Нафтану» з палітычных матываў. Ён нібыта «даў прызнальныя паказанні аб працы пад кантролем украінскіх спецслужбаў».

Праваабаронцы паведамлялі, што 9 снежня ў Полацку і Наваполацку КДБ затрымаў каля 20 чалавек. Яны былі звязаныя з Ерамеевым або прынамсі ведалі яго.

«Тады вельмі шмат чалавек былі дапытаныя, частка атрымала содні або штрафы. Тыя, хто атрымаў пакаранне, пазней былі звольненыя. Паводле нашых даных, пасля інцыдэнту на БАМе на “Нафтане” звольнілі ад 30 да 60 чалавек.

Апроч тых, хто трапляе на содні або атрымлівае штраф паводле палітычных артыкулаў, з прадпрыемства “просяць” звольніцца тых, хто не прайшоў адбору пасля гутарак на ідэалагічную прыдатнасць са службаю бяспекі», – кажа крыніца «Нашай Нівы».

Суразмоўца таксама адзначыў, што «Нафтану» прыходзіцца змагацца з дэфіцытам кадраў, які адбыўся праз ідэалагічныя чыткі і рэпрэсіі.

Выбух на БАМе адбыўся ўвечары 29 лістапада. Падчас руху па тунэлі на магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. Ён перавозіў 41 цыстэрну з палівам, 3 – з авіяцыйным палівам і 6 вагонаў з чорным металам.

Пазней у гэтым жа месцы здарыўся другі падрыў грузавога цягніка. Праз гэтага згарэлі цыстэрны з палівам, а яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні.

Hавiны
У Полацку адбыліся затрыманні з-за падрыву цягнікоў на БАМе, у якім абвінавачваюць беларуса
2023.12.10 22:42

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў