Венядзіктаў vs Волкаў. Чаму пасварыліся ФБК Навальнага і экс-галоўрэд «Эхо Москвы», а ўсе гэта абмяркоўваюць


Другі дзень расейскамоўныя сегменты сацсетак не сціхаюць ад спрэчак, хто мае рацыю – кіраўнік (ужо былы) міжнароднага Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Леанід Волкаў або былы галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў. Belsat.eu разбіраўся, чаму прызнанне памылак і сыход у адстаўку не прымаюць многія з тых, што лічыцца лібераламі, і пры чым тут санкцыі.

Расейскі журналіст і былы рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў. Масква, Расея. 20 красавіка 2022 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Хто такія Волкаў і Венядзіктаў?

Леанід Волкаў – кандыдат фізіза-матэматычных навук, дэпутат гардумы Екацярынбурга ў 2009-2013 гадах, з 2011 года – найбліжэйшы паплечнік лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў зняволенні, заснаваў сетку штабоў Навальнага па ўсёй РФ і кіраваў ёю. З 2019 года жыве ў эміграцыі праз крымінальны пераслед; Мінюст РФ абвясціў яго «замежным агентам», а Росфінманіторынг унёс яго ў рэестр экстрэмістаў і тэрарыстаў. Прэзідэнт «Anti-Corruption Foundation» з 9 сакавіка.

Аляксей Венядзіктаў – былы школьны настаўнік гісторыі, з 1990 года працаваў на радыё «Эхо Москвы», з 1998 года – яго галоўны рэдактар. Уладальнік часопіса «Дилетант», да 2018 года ўваходзіў у склад Рады дырэктароў «Эхо Москвы». У розныя гады быў сябрам грамадскіх саветаў пры розных ведамствах, сябрам Грамадскай палаты. Агітаваў за электроннае галасаванне на выбарах у Маскве, займаўся кансалтынгам. Пасля добраахвотнага закрыцця «Эхо Москвы» вясной 2022 года абвешчаны «иноагентом».

Кажуць, апазіцыя сварыцца. Ці яны абодва ў апазіцыі?

Волкаў – апазіцыянер, правая рука самага папулярнага апазіцыйнага палітыка Расеі.

Венедзіктаў – медыяменеджар, пры ім «Эхо Москвы» перайшло пад кантроль «Газпраму», сябруе з Маргарытай Сіманьян і Дзмітрыем Пясковым, фарсіць рэгулярным распіваннем віскі разам з расейскімі чыноўнікамі. Называў Уладзіміра Пуціна сваім адзіным начальнікам. «Я паміж струменьчыкамі», – кажа Венядзіктаў.

Разбор
Не толькі Навальны? Хто ў Расеі ў апазіцыі да Пуціна
2023.02.14 07:01

Але ж «Эхо» было апазіцыйнай радыёстанцыяй?

«Эхо Москвы» пазіцыянавала сябе як свабодная радыёстанцыя, у яе эфіры былі прадстаўнікі розных палітычных сілаў – як прыхільнікі Пуціна, так і праціўнікі.

З-за чаго скандал?

ФБК 7 сакавіка апублікаваў новае расследаванне аб карупцыі на падставе вывучэння больш за 100 тысяч банкаўскіх транзакцый, праведзеных цягам апошніх трох гадоў па праграме добраўпарадкавання Масквы «Мой район». Па сутнасці, расследаванне датычыць мэра Масквы Сяргея Сабяніна і таго, як ён марнуе гарадскі бюджэт на падтрымку прапагандыстаў, журналістаў і блогераў. Сярод атрымальнікаў грошай ад Сабяніна раследавальнікі назвалі Ксенію Сабчак, Венядзіктава, Сіманьян, тэлеканал RTVI і Кірыла Ганчарова з партыі «Яблоко».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дачка палітвязня Аляксея Навальнага Дар’я, кіраўнік Еўрапарламента Давід-Марыя Сасолі і паплечнік Аляксея Навальнага Леанід Волкаў (справа) падчас цырымоніі ўручэння прэміі Сахарава ў Еўрапарламенце ў Страсбургу, Францыя. 15 снежня 2021 года.
Фота: Julien Warnand / POOL / AFP / East News

У частцы, якая датычыць Венядзіктава, гаворыцца, што галаўрэд «Эхо Москвы» за апошнія 2,5 года атрымаў ад мэрыі Масквы 680,5 млн рублёў на выданне часопісаў «Мой район». Для параўнання – сям’і прапагандыстаў Сіманьян і Тыграна Кеасаяна заплацілі 440 млн. Прыгадалі Венядзіктаву і яго аргументацыю за Дыстанцыйнае электроннае галасаванне (ДЭГ): галаўрэд «Эха» лабіраваў гэтую ідэю і сцвярджаў, што заявы апазіцыянераў аб укідах – хлусня.

У адказ Венядзіктаў 8 сакавіка выклаў ліст за подпісам Леаніда Волкава на адрас Еўракамісіі з просьбай зняць санкцыі з мільярдэра Міхаіла Фрыдмана. Волкаў у адказ патлумачыў, што не падпісваў гэты ліст, ягоны подпіс адфоташопены. Тады Венядзіктаў апублікаваў іншы ліст – гэтым разам на бланку ACF (міжнародны ФБК), за подпісам Волкава, на адрас прадстаўніка ЕЗ у замежных справах Жузэпа Бурэля. Сутнасць яго ў тым, каб Фрыдман з-пад санкцый выйшаў.

Гэты ліст Волкаў прызнаў. Ён напісаў, што лічыць вялікай палітычнай памылкай пісаць такія прашэнні на бланку арганізацыі, не паставіўшы ў вядомасць яе сяброў. Волкаў заявіў, што « прыняў рашэнне ўзяць паўзу ў сваёй публічнай грамадска-палітычнай дзейнасці ў якасці старшыні праўлення Фонду «ACF International»: «У хуткім часе мы збяромся з калегамі і яны будуць прымаць рашэнні аб тым, як яны бачаць сабе магчымыя фарматы нашай сумеснай працы (і ці бачаць)», а таксама папрасіў прабачэння ў калег, Навальнага і яго прыхільнікаў.

«Давайце не забывацца на галоўнае: больш за год ідзе злачынная і варʼяцкая поўнамаштабная вайна, якую развязаў Пуцін, і няма ва ўсім свеце задачы больш важнай, чым пакласці гэтай вайне канец, а зрабіць гэта можна толькі перамогшы Пуціна», – рэзюмаваў Леанід Волкаў.

Тым часам у сацсетках стала распаўсюджвацца крытыка як Волкава, так і ФБК, каманды Навальнага і самога палітвязня, лідара апазіцыі. Бок Венядзіктава прынялі журналісты, палітолагі, палітыкі з менш папулярных арганізацый. У тым ліку тыя, у каго даўно былі канфлікты з ФБК і Волкавым.

Кажуць, што Волкаў яшчэ і «харрасер»?

Волкава абвінавачвалі ў дамаганнях у 2013 годзе, падчас кампаніі Навальнага на выбарах мэра Масквы. Па адной з версіяў, гэта стала адной з прычын канфлікту відэаблогера Максіма Каца са штабам Навальнага. Праз сем гадоў Кац ажаніўся на дзяўчыне, якая сцвярджала, што Волкаўў яе пераследуе. Дарэчы, сам Волкаў з 2015 года ў другім шлюбе.

Максим Кац, российский политик, блогер, встреча, Варшава, Польшча
Расейскі палітык, блогер і грамадскі дзеяч Максім Кац. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Цікава тут не тое, што два палітыка не падзялілі дзяўчыну і гэта выйшла ў паблік – службовыя раманы не рэдкасць, як і «харрасмент» (зрэшты, непацверджаныя абвінавачванні таксама). Цікавы той факт, што крытыкі Волкава не ўзгадваюць пра адпаведныя абвінавачванні на адрас Венядзіктава.

Былая прэс-сакратар Навальнага Ганна Вядута ў 2020 годзе заявіла, што Аляксей Венядзіктаў аднойчы падвозячы яе да дома, клаў руку ёй на ўнутраную частку сцягна, спрабаваў пацалаваць і ўвайсці ў яе кватэру. Падобнае сведчанне гучала і ад яшчэ адной дзяўчыны, якая засталася ананімнай. Таксама Венядзіктава вінавацілі ў рамане з памочніцай Лесяй Рабцавай, якой на радыёстанцыі «Эхо Москвы» дазвалялася ўсё, Венядзіктаў арандаваў для яе кватэру ў цэнтры Масквы, вадзіў на шопінг і вазіў у «камандзіроўкі». Абодва адмаўлялі факт сексуальных адносін (дарэчы, Венядзіктаў фінансава дапамагаў многім сваім супрацоўнікам).

Пытанняў да Венядзіктава больш няма?

Аляксей Венядзіктаў напісаў у Фэйсбуку адказ на расследаванне, у якім заявіў, што «не зарабіў ні капейкі» на кантрактах з мэрыяй. Таксама ён некалькі разоў адзначыў, што цяпер лідарам каманды Навальнага стала кіраўніца аддзелу расследаванняў Марыя Пеўчых і намякнуў, што скандал мог быць ініцыяваны ёю.

Пявучых доўга не вагалася і выклала ў твітары трэд з 23 частак, у якім назвала адказ Венядзіктава «жаласнай спробай чарговы раз выйсці сухім з вады». Каманда Навальнага скапіявала яе довады ў тэлеграм-канал.

«Куды падзелася розніца паміж у разы завышанымі каштарысамі і сапраўдным коштам паслуг? Ішла ў выглядзе адкату назад у мэрыю? Ці ў кішэню Венядзіктаву? Ці ён іх далей камусьці яшчэ сплачваў? Што адбывалася з грашыма, якія мільёнамі здымалі ў банкаматах?» – запытвае Марыя Пеўчых.

І рэзюмуе, адказваючы на хвалю падтрымкі Венядзіктава як кіраўніка [ужо няіснай] свабоднай радыёстанцыі: «Венядзіктаў нясе персанальную адказнасць за знішчэнне выбараў у Маскве. Пры гэтым транжырыў і бессаромна растрачваў бюджэтныя грошы. ВАШЫ грошы. І ні адна радыёстанцыя не варта таго. Радыёстанцыя для вас прадугледжана і так. Як і сумленная журналістыка. І свабода слова. Для вас гэта прадугледжана па праве нараджэння, а не таму што Венядзіктаў робіць вам ласку. Кланяцца ў ножкі тут падставы няма. І на меншае згаджацца таксама».

Чаму «ізноў»? Хіба Венядзіктава ўжо выкрывалі ў карупцыі?

Акрамя адмаўлення фальсіфікацыяў вынікаў выбараў пры дапамозе ДЭГ, Аляксей Венядзіктаў канфліктаваў з ФБК і раней. Ён абараняў фігурантаў расследаванняў Фонду барацьбы з карупцыяй:

  • віцэ-прэм’ера Ігара Шувалава (уладальнік аўтамабіля за 40 млн рублёў, кватэры ў цэнтры Лондана за 680 млн рублёў, прыватнага самалёта за $50 млн, 10 кватэр у цэнтры Масквы на больш чым 600 млн рублёў і гэтак далей – усе сумы на момант расследаванняў);
  • пуцінскага прэс-сакратара Дзмітрыя Пяскова, які носіць гадзіннік за 37 млн рублёў (кошт на ліпень 2016 года) пры гадавым заробку 9 млн рублёў.

Леанід Волкаў тады падлічыў, што Венядзіктаў за содні напісаў 388 твітаў у апраўданне Шувалава. Навальны выпусціў у адказ на іх асобны пост, разбіваючы аргументы Венядзіктава аб невінаватасці віцэ-прэм’ера і паўтараючы, што той павінен сысці ў адстаўку і адказваць за парушэнне закона.

Аналітыка
Прыціхлая Расея сучаснасці. Як краіна змянілася за год вайны
2023.02.25 18:49

З Венядзіктавым зразумела. Але навошта выводзіць Фрыдмана з-пад санкцый? Так увогуле можна?

Можна. 8 сакавіка суд ЕЗ вывеў з-пад санкцый маці Яўгена Прыгожына. У Еўразвязе палічылі, што няма доказаў таго, што на момант уключэння ў санкцыйны спіс Віялета Прыгожына валодала іншымі актывамі, звязанымі з яе сынам, акрамя кампаніі «Канкорд», саўладальнікам якой яна была.

Навошта выводзіць з-пад санкцый не маці ўладальніка ПВК Вагнера, а бізнесмена Фрыдмана? Адказвае Леанід Волкаў: «У мяне было адчуванне, што сітуацыя на той момант (на фоне паражэнняў пуцінскага войска і разброду ў расейскіх элітах) склалася крытычная, і што можна, стварыўшы прэцэдэнт, запусціць ланцуговую рэакцыю публічных асуджэнняў вайны і расколу ў расейскіх элітах».

Міхаіл Фрыдман валодае кантрольным пакетам акцый расейскага «Альфа-банка», ён трапіў пад санкцыі за «трывалыя сувязі з адміністрацыяй Пуціна» і спрабаваў выйсці з-пад іх. Ён прапаноўваў украінскаму «Альфа-банку» перавесці $1 млрд на фінансаванне інфраструктуры, аховы здароўя, энергетычнай бяспекі, але ўкраінцы адмовіліся. Бізнесовец звяртаўся і да апазіцыі з просьбай хадайнічаць перад Еўрапарламентам аб зняцці з яго санкцый. За яго падпісаліся экс-муніцыпальны дэпутат Ілля Яшын, журналісты Сяргей Пархоменка і Леанід Парфёнаў, заснавальнік тэлеканалу «Дождь» Наталля Сіндзеява, эканаміст Вячаслаў Іназемцаў, экс-чыноўнік Альфрэд Кох, бізнесовец Яўген Чычваркін, палітык Леанід Гозман, экс-галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў.

Санкцыі з Фрыдмана пакуль не знялі.

Рэпартаж
Расею пераназавуць, а Масква не будзе сталіцай? Як прайшоў 2-гі З’езд народных дэпутатаў
2023.02.26 16:34

Хто перамог у гэтай спрэчцы?

Палітолаг Іван Праабражэнскі так пракаментаваў «Белсату «так званы Волкагейт: «Тых, хто выйграў тут, па вялікім рахунку, быць не можа, акрамя дыскусій пра будучыню Расеі, пра тое, якія практыкі могуць быць перанесеныя ў будучыню, а якія – катэгарычна не павінны пераносіцца. Мне здаецца, тут дыскусія вядзецца пра гэта, а не пра канкрэтных палітычных і медыя дзеячаў. Гэтая тэма [зняцця санкцый у абмен на публічнае асуджэнне вайны] актыўна абмяркоўваецца, у тым ліку, сярод заходнееўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў. Спрэчка ідзе пра тое, як павінна выглядаць гэтая стратэгія «выхаду». Таму нейкай выразнай стратэгіі дагэтуль ніякай няма. Гэты факт тлумачыцца ў тым ліку тым, што Пуцін паспяхова працягвае захоўваць адзінства элітаў».

Пра неабходнасць выпрацаваць схему вываду з-пад санкцый праціўнікаў вайны кажуць і Волкаў, і іншыя апазіцыйныя палітыкі. І Венядзіктаў у гэтым з імі салідарны.

Іван Алексеяў / Авер belsat.eu

Стужка навінаў