У Жлобіне вынесеныя два прысуды ўдзельнікам жнівеньскіх пратэстаў


У Жлобіне 9 сакавіка былі вынесеныя прысуды Сяргею Бекарэвічу і Андрэю Расулаву. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 («гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў) Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Сяргей Бекарэвіч атрымаў 2,5 года калоніі агульнага рэжыму, Андрэй Расулаў – 3 гады калоніі агульнага рэжыму.

Справу разгледзеў суддзя Мікалай Сяргеевіч, дзяржабвінаваўца – пракурор Фядорчанка.

У якасці пацярпелага выступіў намеснік начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрый Дзядзюн, які быў пацярпелым і ў ранейшых працэсах у Жлобіне.

Паводле следства, Андрэй Расулаў, знаходзячыся ў нецвярозым стане, разам з Сяргеем Бекарэвічам і іншымі асобамі, вечарам і ўначы з 9 на 10 жніўня прымаў актыўны ўдзел пратэстах, перашкаджалі працы грамадскага транспарту, выходзілі на праезную частку ў раёне вуліцы Першамайская, стаялі ў счэпцы. Таксама заклікалі астатніх не падпарадкоўвацца патрабаванням міліцыі, якія ахоўвалі грамадскі парадак, выкрыквалі лозунгі. Бэкарэвіча і Расулава вінавацілі ў тым, што яны аказвалі актыўны супраціў сілавікам, кідалі ў іх бок камяні і бутэлькі, наносілі ўдары па экіпіроўцы, тым самым здзяйснялі гвалт.

Андрэй Расулаў адмовіўся ад дачы паказанняў у судзе, але заявіў, што сваю віну ў гвалтоўных дзеяннях прызнае цалкам і шкадуе аб здзейсненым у тую ноч. Прыносіць прабачэнні пацярпелым. Таксама ў віне прызнаўся і другі абвінавачваны – Сяргей Бекарэвіч.

Нагадаем, што, паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Са жніўня 2020 года было распачата больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Hавiны
У сувязі з пратэстамі ў Беларусі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў
2021.03.04 15:35

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў