«Сталі паміраць людзі». Доктар распавёў пра аварыю, якая пацягнула гібель пацыентаў у віцебскай БХМД


Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі гарадской клінічнай бальніцы хуткай медычнай дапамогі (БХМД) гораду Віцебску Уладзімір Мартаў распавёў TUT.by пра тэхнагенную аварыю ва ўстанове, якая прывяла да гібелі каронавірусных хворых.

З Мартавым адмовіліся працягнуць працоўны кантракт праз тое, што ён адкрыта выказваўся аб праблемах пандэміі і сітуацыі ў краіне.

Як распавёў доктар у інтэрв’ю, восенню 2020 года БХМД стала галоўнай у Віцебску ў прыёме і размеркаванні пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. Пад COVID-19 уладкавалі тры корпусы: тэрапеўтычны, хірургічны, акушэрскі.

«І нагрузка на кіслародную сістэму стала проста шалёнай. Пры гэтым з першай хвалі эпідэміі мы выйшлі са зношаным абсталяваннем. Адбыўся тэхнічны збой: дзесьці на ўзроўні кіслароднай станцыі парушылася падача кіслароду. Высветлілася, што яго паступленне для пацыентаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх у тым абʼёме, які быў раней, немагчымае. Мы гублялі кіслародныя пункты – адзін за адным, палаты – адну за адной. Кідаліся і спрабавалі зразумець: чаму там, дзе ў першую хвалю эпідэміі нармальна падаваўся кісларод, ён ужо не падаецца.

Білі трывогу: звярталіся і да свайго кіраўніцтва, і да «кіслародчыкаў» – работнікаў кіслароднай службы. Прыязджалі спецыялісты з Менску, два разы мянялі сістэму падачы газу. Гэта была цэлая «ваенная аперацыя»: хворых на ШВЛ пераводзілі на іншыя апараты. Нам было вельмі цяжка. Але гэтыя захады ні да чаго не прывялі. Праблему спускалі на тармазах, яе нават забаранялася абмяркоўваць.

Катастрофа здарылася 7 і 8 студзеня: у хірургічным корпусе тройчы адключалася падача кіслароду – на 15, 20 і 23 хвіліны. Сталі паміраць людзі. Хтосьці памёр у тыя ж дні, хтосьці – на наступны дзень, хтосьці – праз тры-пяць дзён… Гэта вельмі страшна, калі паміраюць пацыенты, якіх ты цягнуў, ратаваў, як мог. Калі твар чалавека чарнее на вачах у медыкаў – а мы нічога, наогул нічога, ні-чо-га не можам зрабіць!» – распавёў TUT.by Мартаў.

Паводле Мартава, ахвяраў было «не адзін і не два чалавекі».

«Прамаўчаць пра гэта надзвычайнае здарэнне я, зразумела, не мог – напісаў міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу. Ён даслаў камісію ў нашу бальніцу. Сістэму падачы кіслароду ніхто не даследаваў, са мной абмяркоўвалі зусім іншыя пытанні. У выніку я ж атрымаў вымову: за тое, што няправільна лячу каронавірусных хворых. Пасля гэтага галоўны доктар перастаў са мною гаварыць. Разбірацца ж трэба не са збоямі ў кіслароднай сістэме, а з тым, хто выдаў праблему. І стала зразумела, што мае дні ў якасці загадчыка аддзялення палічаныя. Але перабоі з падачай кіслароду перыядычна па-ранейшаму адбываюцца. Гэта трэба вырашаць!» – падкрэслівае доктар.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў