«На калені, халопы, імперыя вярнулася!» Рэпартаж з круглага стала «Россотрудничества» у Менску


У Менску зладзілі круглы стол на тэму «Рускі свет як ідэйная аснова будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Карэспандэнтка belsat.eu патрапіла туды і распавядае, якія думкі выказвалі (а часам выкрыквалі) удзельнікі і да чаго дамовіліся мясцовыя аматары «рускага свету».

Анонс круглага стала я знаходжу на афіцыйным сайце «Россотрудничества». Гэтая расейская дзяржаўная агенцыя мае філіі ў 81 краіне свету і сцвярджае, што займаецца «справамі суайчыннікаў» і «гуманітарнай супрацай». Яны насамрэч праводзяць дыктанты па расейскай мове і вечары класічнай музыкі. Але сапраўдная і галоўная мэта – распаўсюд крамлёўскіх каштоўнасцяў, уплыў на грамадзянскую супольнасць за мяжой, асабліва ў краінах СНД. Гэта – класічная soft power пуцінскай эпохі.

Даведка
ДАВЕДКА: У Беларусі агенцыя прадстаўлена трыма РЦНК – Расейскімі цэнтрамі навукі і культуры ў Менску, Берасці і Гомлі. Менскі цэнтр дзейнічае ўжо дзявяты год. Сёлета яго ўзначаліў Андрэй Клінцэвіч, сын чальца Савету Федэрацыі Франца Клінцэвіча. Скончыўшы кар’еру вайскоўца, Клінцэвіч-малодшы некалькі гадоў быў памочнікам скандальна вядомага Міхаіла Бабіча (яшчэ калі той працаваў у Прыволжскай акрузе), з ім і прыехаў у Беларусь як першы сакратар амбасады. Раней Клінцэвіч атрымліваў ад Пуціна ўзнагароду за ўдзел у крымскай кампаніі і неаднаразова наведваў акупаваныя тэрыторыі Данбасу. Цікава, што сам ён нарадзіўся ў Ашмянах, але служыў ва ўзброеных сілах РФ. Цяпер на сайце «Россотрудничества» ягонае імя ўжо не згадваецца.
Ініцыятарам круглага стала выступае грамадскае аб’яднанне «Русь». Яно існуе з 2000 году, уваходзіць у Каардынацыйную раду пры расейскай амбасадзе і сваёй мэтай называе культурна-асветніцкую дзейнасць. Кіраўнік – Іван Корда – у 2014 годзе накіроўваў Пуціну зварот з просьбай «абараніць насельніцтва паўднёвага ўсходу Украіны ад хунты». Пад зваротам тады падпісаліся яшчэ 13 прарасейскіх дзеячаў. Ні да культуры, ні да асветы гэта не мела ніякага дачынення.
У цэнтры Сяргей Лушч і Аляксей Дзермант. Фота belsat.eu

У маленькай залі душна – ацяпленне ўключылі напоўніцу, а вокны зачынілі. За сталом пад яркім святлом лямпы адзінока сядзіць праўладны палітолаг Аляксей Дзермант. Неўзабаве да яго падсядае кіраўнік «Русі маладой» Сяргей Лушч у касцюме з іголачкі. Зрэшты, Лушч, так і не выступіць – падчас імпрэзы ён будзе ўсміхацца, разглядаючы нешта на экране смартфона і сыдзе да завяршэння. Пажылы чалавек у шэрым швэдры – намеснік Корды Мікалай Сяргееў – ціхім голасам абвяшчае, што дае права «першага ўдарнага паведамлення» Дзерманту. Апошні адразу абяцае выступіць «у правакацыйным стылі».

«Давайце ўявім саюз Беларусі і Расеі на некалькі дзесяцігоддзяў наперад. У сучасным свеце няма патрэбы ўсім зноў аб’яднацца ў адзіную дзяржаву, тым больш нядобраахвотна. Я адразу адкідаю варыянты гвалтоўнага аб’яднання. Чыста эканамічная інтэграцыя таксама не працуе, бо эканоміку абавязкова трэба прывязваць да палітычнай настроенасці. Трэба тлумачыць людзям, чаму мы разам» – не вельмі правакацыйна разважае Дзермант. Тон, хутчэй, нагадвае калыханку.

Hавiны
Прарасейская ініцыятыва «Саюз»: хто яны і чым займаюцца?
2019.03.13 11:50

Раптам у залю ўваходзіць мужчына з экзатычным пачуццём стылю: у ружовай кашулі, вельветавых карычневых штанах і шэрым пінжаку з модным на пачатку 2000-х перламутравым адлівам. Гэта выкладчык журфаку БДУ Вадзім Ялфімаў, які яшчэ выступіць з палымянай прамовай пра «украінскіх фашыстаў». Тым часам Дзермант працягвае думку:

«Больш эфектыўна дамаўляцца ў рамках інтэграцыйных саюзаў, каб разумець, дзе чые месца. Расея сёння звяртаецца на Усход, спрабуе вярнуцца як паўнавартасны гулец у Сібір, актыўна ўзаемадзейнічае з Кітаем. А Беларусь – заходняе памежжа, суб’ект, які па сутнасці, трымае заходнія рубяжы.

Аляксей Дзермант

У нас на захадзе ёсць такая цікавая дзяржава – Рэспубліка Польшча, дзе правыя кансерватары адраджаюць ідэалогію Пілсудскага. Яны селі на каня сваёй старажытнай місіі. Для нас гэта азначае, што польскія погляды будуць накіраваныя на Беларусь у нядобрым сэнсе. Мы для іх «крэсы», рэсурс. Што можна супрацьпаставіць уцягванню ў «польскі мір»?

Мы павінны быць паспяховымі ў нашым саюзе з Расеяй, у нейкім сэнсе стаць эканамічнай вітрынай, вайскова-палітычным фарпостам, каб стрымліваць магчымую мілітарызацыю на захадзе», – працягвае Дзермант.

Ён упэўнены, што такую задачу Беларусь магла б выконваць, не губляючы незалежнасці. У залі тэзісы Дзерманта выклікаюць супярэчлівыя эмоцыі, паўзуць шэпты. Побач са мной дзядуля не вытрымлівае: «Ды як можна аб’ядноўвацца ва ўмовах капіталізму ў Беларусі, у Расеі? Там больш за 65% агульнага багацця краіны знаходзіцца ў руках купкі людзей! Каб аб’ядноўвацца – патрэбны дзяржплан. Прабачце, трэба пераходзіць да сацыялізму!»

Расейскі цэнтр навукі і культуры ў Менску. Фота http://blr.rs.gov.ru

«Да неасацыялізму», – падхоплівае ягоная суседка. Жанчына гадоў пяцідзесяці з яркім макіяжам і ў чорным капялюшыку канспектуе выступ Дзерманта. Перыядычна яна спыняецца, каб выгукнуць лозунгі кшталту «Надбудова разбураная!», «Масква – трэці Рым».

А пасля нахіляецца да майго вуха і інтымным шэптам паведамляе абставіны свайго жыцця: «Між іншым, у маладосці я была камсоргам» або «я грамадзянка Расеі і ўсё ніяк не магу тут легалізавацца».

Ну і зусім канфідэнцыйная інфармацыя: «Скажу вам па сакрэце: Макей, Зась і Румас – стаўленікі Захаду!».

Hавiны
За Сталіна і расейскую мову. Кандыдаты ад «русского мира»: хто яны?
2019.09.18 15:43

У «заходнерусіста», выкладчыка БДУ Льва Крыштаповіча, які бярэ слова наступным, няма шанцаў захапіць увагу аўдыторыі. Ён манатонна разважае, чаму Беларусь нельга лічыць цэнтрам Еўропы. Дыскусія сыходзіць усё далей ад заяўленай тэмы. Зала ажыўляецца, калі пачынае прамаўляць Вадзім Ялфімаў.

Вадзім Ялфімаў. Фота з сацыяльных сетак

58-гадовы Ялфімаў – сапраўдны чалавек-аркестр. Акрамя выкладання ў БДУ і МІТСО, ён піша вучэбна-метадычныя працы, вядзе калонкі на прарасейскіх парталах «Тэлескопу» і 4esnok.by, друкуецца ў «СБ», выступае як эксперт на дзяржаўных тэлеканалах.

«Беларускія нацыяналісты не самі прыдумалі, што Беларусь – цэнтр Еўропы. Яны садралі гэта ва ўкраінскіх, а тых яшчэ раней навучылі літоўскія. Іерархія захоўваецца па сённяшні дзень», – паведамляе ён.

Савецкі саюз выкладчык праслаўляе на розныя лады. А распаўся СССР, паводле Ялфімава, бо людзі «пачалі адмаўляцца ад ідэі дзеля салодкага жыцця». Ён нават вінаваціць Расею ў тым, што недастаткова захоўвае савецкую спадчыну! На ягоную думку, вельмі кепска, што маўзалей у Маскве задрапіраваны тканінай падчас парадаў. «Я б хацеў падыйсці і пакланіцца», – кажа ён.

Дарэчы, незадаволены Ялфімаў і актуальнай міратворчай палітыкай Менску па ўкраінскім канфлікце. Дзядуля побач зноў не вытрымаў: «Вам не падаецца, што Беларусь сёння знаходзіцца ў стане ранняга Кучмы?» Ялфімаў рытарычна пытаецца: «А можа, позняга Януковіча?».

Завяршае выкладчык абвінавачваннем на адрас Ельцына за сабатаж інтэграцыі, а Лукашэнку журыць, што развёў мясцовую эліту, якая арыентуецца на Захад.

Украінафобскі настрой канчаткова апанаваў круглы стол, калі слова ўзяў афіцэр запасу Яўген Сылка, які прайшоў Афганістан і шкадуе, што падчас крывавых падзеяў у Вільні ў студзені 1991-га быў у адпачынку. Сылка – вайсковы гісторык, напісаў кнігу пра вызваленне Менску ад гітлераўцаў, рэгулярна выступае на дзяржаўным тэлебачанні. Ягоная дачка жыве ў Мюнхене і не падзяляе поглядаў бацькі. Сённяшняе пакаленне ён называе «прыдуркаватым».

«Рускі свет – гэта цудоўны праект, але Беларусь яго ўспрымае насцярожана, Казахстан прапускае міма вушэй, а ва Украіне за рускі свет пасадзяць, калі не заб’юць. Але праект ідэальны, ён на тысячы гадоў наперад. Што ў параўнанні з ім цяўканне бандэраўцаў, якія ўчора былі пятлюраўцамі, а пазаўчора мазэпінцамі? Я як грубы вайсковы чалавек скажу, што вайна ўсё хутка паставіць на месца. Імгненна! Апрануць боты, устануць у шэраг і ўсё будзе нармальна! Што настаўніца іншае казала – забудзецца ў шэсць секунд!», – кажа Сылка.

Яўген Сылка. Фота politring.com

Супрацьдзейнічаць рускаму свету немэтазгодна, лічыць былы вайсковец, бо «наш гістарычны досвед не прадугледжвае існаванне па-за імперыяй». А незалежнасць – «проста фантазіі».

«Ёсць такая прыказка: калі ты адмаўляешся ад кавалкаў сваёй гісторыі – рыхтуйся адмовіцца ад кавалкаў сваёй тэрыторыі. Адмаўляцца ад ідэі рускага свету – гэта вялізарная памылка [беларускага кіраўніцтва]. Але маятнік ужо пайшоў у іншы бок. Імперыя вяртаецца, імперыя свае возьме», – падсумоўвае Сылка.

Хаця Дзермант ужо пакінуў круглы стол, Яўген Сылка не можа ўстрымацца, каб не пакпіць з ягонай пазіцыі, якая падаецца яму занадта мяккай:

«Сядзяць тут эксперты і разважаюць, што хтосьці будзе лічыцца [з незалежнасцю Беларусі], маўляў, павінны ж зразумець. Людзі, вы што, не ўцямілі, з кім гаварыце? Халопы, на калені, блін, цешыцеся – цар вярнуўся, імперыя вярнулася!»

Наступная імпрэза, прысвечанае ідэалогіі Саюзнай дзяржавы, «Россотрудничество» плануе на сярэдзіну снежня. Пасля таго, як Менск і Масква падпішуць новую праграму інтэграцыі.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў