Бацька асуджанага ў Берасці: «Гэта быў не суд, а расправа над нашымі дзецьмі»


На наступны дзень пасля выбараў сотні берасцейцаў выйшлі на вуліцы гораду на мірны пратэст. Яны зазналі гвалт з боку сілавікоў: у іх стралялі, іх збівалі на вуліцах і ў аддзяленнях міліцыі. Праз паўгода ўдзельнікам тых падзей даюць вялікія турэмныя тэрміны.

У судзе Маскоўскага раёну Берасця, 10 сакавіка. Фота Белсат

10 сакавіка суддзя Маскоўскага раёну Берасця Вера Філонік паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках») прысудзіла 9 чалавекам ад 3 да 4,5 год калоніі. Сярод асуджаных – двое няпоўнагадовых, а таксама бацька і сын. Ніхто з іх не прызнаў сваёй віны. Лік падазраваных па гэтай справе ідзе на дзясяткі, наперадзе мінімум тры судовых працэсы.

На агучванне прысуду па першай дзясятцы не пусцілі журналістаў і праваабаронцаў. Сваякі асуджаных выйшлі з судовай залы абураныя, ад іх можна было пачуць: «Ганьба!», «Да чаго мы дажылі ў нашай Беларусі», «Расправа над дзяцьмі! Брат супраць брата!», «Расправа над народам!», «Усе будуць адказваць за свае справы перад Богам!». Жанчыны проста плакалі.

У судзе Маскоўскага раёну Берасця, 10 сакавіка. Фота Белсат

Былы студэнт Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэту Ілля Мігно прызнаны палітвязнем, ён атрымаў 10 сакавіка 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго бацька Анатоль Мігно кажа, што яго сын пайшоў абараняць свой голас, а цяпер улады за гэта з ім расправіліся.

Анатоль Мігно, бацька асуджанага Іллі Мігно. Фота Белсат

– Гэта быў не суд, а расправа над нашымі дзецьмі. Нашы дзеці выйшлі абараніць свае патрабаванні, а менавіта Аляксандр Рыгоравіч прайграў выбары. Нашы дзеці нічога не рабілі, пакуль супрацоўнікі міліцыі самі не справакавалі іх на рэальныя дзеянні. 10 сакавіка ўвойдзе ў гісторыю як расправа над удзельнікамі, над моладдзю, якім далі нерэальныя тэрміны. Пракурор назваў тэрміны, суддзя нават не разважала, дала гэтыя тэрміны невінаватым людзям. Мы ім проста так нашых дзяцей не аддамо, – кажа Анатоль Мігно.

Яшчэ адзін палітвязень, 17 гадовы Давід Збаранскі быў затрыманы 30 лістапада, з таго часу маладзён у СІЗА.

Сяргей Збаранскі, бацька падазраванага. Фота Белсат

– Майго сына будуць судзіць у чацвёртай дзясятцы, мы пайшлі паглядзець, якія прысуды даюць непаўналетнім, і ўбачылі, што хлапчукі 16-17 гадоў пайшлі на зону. Наш няпоўнагадовы сын па гэтым артыкуле сядзіць у СІЗА ўвесь гэты час, паколькі ён не ідзе на супрацу са следствам і нікога не здае. Да гэтага яго адлічылі з універсітэту. Усе выдатна разумеюць, што нашы дзеці не ішлі хуліганіць, а адгукнуліся на тое беззаконне, якое адбывалася. У мяне на той момант не было магчымасці ўдзельнічаць, а так сядзелі б разам, напэўна. Ён як мужчына, як беларус паступіў правільна, – кажа Сяргей Збаранскі.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў