«Хочам нагадаць: галоўная каштоўнасць – свабода». Лёва «Бі-2» апублікаваў відэа і фота з тайскай турмы


Саліст гурту «Бі-2» Лёва апублікаваў на сваёй старонцы ў «Іnstagram» відэа і фотаздымкі з міграцыйнай турмы ў Тайландзе, у якой група правяла каля тыдня.

Саліст «Бі-2» Лёва ў тайскай турме.
Фота: levab2 / Instagram

«Канцэрты ў Тайландзе з незалежных ад нас прычынаў атрымаліся гучнымі і багатымі на ўражанні. Пра тое, што адбывалася, сказана і напісана ўжо дастаткова.

Проста хочам нагадаць, што галоўнай каштоўнасцю “Бі-2” была і застаецца свабода. Яна ўнутры нас заўсёды. Змагайцеся за яе – пры любым надвор’і», – напісаў саліст «Бі-2» Лёва (Ягор Бортнік) у пасце пад фотаздымкамі і відэа з турмы.

На выстаўленых лідарам «Бі-2» фота – перапоўненая турэмная камера з дзясяткамі чалавек, якія туляцца ў кутах, ляжаць усутыч на тонкіх матрацах. На відэа ў Лёвы здымаюць адбіткі пальцаў, на другім – удзельнікаў групы вязуць у закратаваным аўтамабілі.

Удзельнікі гурту «Би-2» былі затрыманыя паліцыяй 24 студзеня на выспе Пхукет пасля канцэрту. Падставай для затрымання сталі нібыта некарэктна аформленыя арганізатарамі дакументы, хоць, па словах музыкаў, канцэрт у Пхукеце праводзіўся афіцыйна. Суд аштрафаваў музыкаў, а потым адправіў у цэнтр утрымання мігрантаў чакаць рашэння аб дэпартацыі. «Бі-2» спачатку збіраліся дэпартаваць у Ізраіль (чацвёра ўдзельнікаў групы маюць ізраільскае грамадзянства), але пад ціскам расейскага консульства рашэнне аб дэпартацыі ў Ізраіль адмянілі. 31 студзеня ўсім музыкам удалося паляцець у Ізраіль.

Салісты гурту «Би-2» паходзяць з Беларусі: Ігар Бортнік нарадзіўся ў Менску, Аляксандр Уман – у Бабруйску.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну гурт «Би-2» адмовіўся падтрымаць вайну і праводзіць канцэрты пад мілітарысцкай сімволікай. У 2023 годзе Бортнік выступіў з публічнай крытыкай Уладзіміра Пуціна і ягонай палітыкі, а таксама заявіў, што не мае намеру вяртацца ў Расею. Неўзабаве пасля гэтага ў РФ яго прызналі «замежным агентам».

Гісторыі
Музыкі Юля і Пятро Марчанкі – пра турму, каханне і жангляванне мандарынамі ў камеры СІЗА-1
2023.09.29 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў