З 50 тысячаў дэпартаваных 10 тысячаў памерлі ў дарозе. 83 гады адной з самых трагічных старонак у гісторыі палякаў у Беларусі


83 гады таму з Заходняй Беларусі цягам адной ночы дэпартавалі ў Сібір і Казахстан больш 50 тысяч чалавек – служачых (і іх сем’яў) Польшчы, падзеленай Савецкай Расеяй і нацыстоўскай Нямеччынай. Напярэдадні гэтай трагічнай даты нашай гісторыі рэжым Лукашэнкі нагадаў пра свае карані – на 8 гадоў быў асуджаны Андрэй Пачобут, журналіст і адзін з лідараў польскай супольнасці Беларусі.

Дэпартаваныя ўглыб СССР палякі. Крыніца: Новы час

Дэпартацыю прынялі па прапанове Берыі

Пасля фармальнага завяршэння далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР у кастрычніку-лістападзе 1939 года праз Народныя сходы (тагачасны аналаг «рэферэндумаў»), НКУС узялося за падрыхтоўку на «новадалучаных» тэрыторыях масавых дэпартацый насельніцтва, якое савецкія ўлады лічылі «контррэвалюцыйным» і «чужародным элементам». Першапачаткова пад імі меліся на ўвазе «асаднікі» – у значнай большасці ветэраны савецка-польскай вайны, якія атрымалі ад польскага ўраду зямельныя надзелы і стварылі так званыя «асады».

З прапановай пра дэпартацыю асаднікаў 2 снежня 1939 года Лаўрэнцій Берыя звярнуўся да Іосіфа Сталіна, вызначыўшы ў якасці даты «да 15 лютага 1940 года». Урэшце, 29 снежня 1939 года было зацверджана «Палажэнне аб спецпасяленні і працоўным уладкаванні асаднікаў, якія высяляліся з заходніх абласцей УССР і БССР». Фактычна дэпартаваных асаднікаў і іх сем’і савецкае кіраўніцтва вырашыла выкарыстаць у якасці бясплатнай рабсілы для распрацоўкі лясных масіваў у Комі АССР, а таксама ў Алтайскім і Краснаярскім краях.

14 студзеня 1940 года на паседжанні Савету Народных Камісараў у Маскве абмяркоўвалі будучую дэпартацыю палякаў. Па прапанове першага сакратара ЦК КП(б) БССР Панцеляймона Панамарэнкі, акрамя асаднікаў у спіс на дэпартацыю вырашылі ўключыць і «ляснічых». Берыя ў дадатак да лесапавалаў прапанаваў частку прымусовых перасяленцаў выкарыстаць для здабычы золата і медзі.

У спіс на дэпартацыю першапачаткова былі ўключаныя 141759 чалавек, з іх 52892 з Заходняй Беларусі і 88867 – з Заходняй Украіны.

2.Панцеляймон Панамарэнка (першы злева) на Народным сходзе Заходняй Беларусі. Беласток, кастрычнік 1939 года. Крыніца: Вынужденная станция 

Як адбывалася высяленне?

У Заходнюю Беларусь для правядзення дэпартацыі былі накіраваныя 6932 супрацоўнікі НКУС, якія і праводзілі аперацыю. Ім дапамагалі 6718 чырвонаармейцаў. З вайскоўцамі дадаткова праводзілі размовы, у якіх казалі пра «вышэйшыя мэты» дэпартацыі як барацьбу з «контррэвалюцыйнымі і шкоднымі класавымі элементамі». Асаблівая ўвага надавалася тлумачэнню таго, як павінна адбывацца канваяванне, а ў выпадку спробаў бегства людзей патрабавалася неадкладна страляць на паражэнне.

На світанку 10 лютага 1940 года, калі на вуліцы тэмпература апусцілася да 37, а ў некаторых мясцовасцях і да 41 градусаў, па вызначаную для дэпартацыі сям’ю прыязджала падвода разам з двума салдатамі. Асобы людзей удакладнялі па спісах, потым у іх адбіралі пашпарты, дазвалялі ўзяць з сабою каля 100 кг рэчаў. Далей падвода перавозіла іх да месцаў пагрузкі іх у эшалоны і затым іх накіроўвалі ў месцы размяшчэння ў Сібір і Казахстан. Усяго для дэпартацыі з Заходняй Беларусі былі выдзеленыя 32 эшалоны са 1940 вагонамі.

Да эшалонаў падводы рухаліся ў складзе канвою. На падводах акрамя рэчаў дазвалялася перавозіць толькі дзяцей або хворых, астатнія перасоўваліся пешшу. Гэты дзень акрамя жудаснымі маразамі запомніўся людзям нечуванай завірухай. Размовы з аднавяскоўцамі ці тымі, каго сустракалі па дарозе, забараняліся.

Нягледзячы на тое, што аперацыю планавалі ажыццявіць цягам содняў, яна зацягнулася да 13 лютага. А справаздача аб апошнім адпраўленым эшалоне з Заходняй Беларусі датавалася 20 лютага.

Усяго з Заходняй Беларусі было загружана ў эшалоны 50224 чалавекі, акрамя таго 307 было арыштаваныя пры спробе супраціву, 4 чалавекі былі забітыя. Было канфіскавана каля 8 тысяча коней, 20 тысячаў кароў, 18 тысяч дробнай жывёлы, 4,5 тысячы сельскагаспадарчага інвентару, 20 тысяч хат і гаспадарчых пабудоў.

Па дарозе з 50 тысячаў памерла 10 тысяч

Нягледзячы на тое, што ў дакументах апісваліся амаль ідэальныя ўмовы для перавозкі дэпартаваных людзей, на практыцы ўсё выглядала вельмі жудасна. Антысанітарыя, адсутнасць цяпла, магчымасцяў нармальна спаць. За час пераезду да месцаў размяшчэння ў 115 населеных пунктаў з 50 тысячаў дэпартаваных, сасланых з Беларусі, памерла не менш за 10 тысяч чалавек.

3. Дэпартаваныя 10 лютага 1940 года жыхары калоніі Сабутка на працы ў тайзе каля Краснаярску. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej

Адзін з удзельнікаў і сведкаў тых падзеяў узгадваў: «Дзеці й людзі сталага ўзросту ня вытрымалі ў гэтых вагонах. Яны паміралі. НКУСаўцы абыходзіліся зь нябошчыкамі, як са сьмецьцем. Яны выкідвалі целы на рэйкі, у сьнег. Цяжка пра гэта казаць, цяжка сабе ўявіць, што чалавек зрабіў іншаму чалавеку такое пекла. Але так было».

Аднак і для тых, хто змог перажыць дарогу, на новых месцах у чужым суворым клімаце, паўставалі новыя цяжкасці. «Спецпасяленцам» абяцалі вярнуць кошт канфіскаванай у іх маёмасці, але па факту гэтага не было. Клімат, адсутнасць медыцынскай дапамогі, праблемы з забеспячэннем харчавання прыводзілі да высокай смяротнасці. У дадатак – цяжкая праца на лесапавале для ўсіх ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў.

Як паказала гісторыя, гэта быў толькі пачатак, а падзеі 10 лютага 1940 года сёння пазначаныя як «першая дэпартацыя». Ужо 13 красавіка была праведзена другая, 29 чэрвеня – трэцяя, а чацвёртая праходзіла напярэдадні вайны СССР з нацыстоўскай Нямеччынай. Усяго ў Заходняй Беларусі пад дэпартацыю трапілі больш за 120 тысячаў чалавек.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў