Віктар Бабарыка даў нямецкаму выданню інтэрв'ю з СІЗА КДБ


Віктар Бабарыка, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку», ужо амаль 8 месяцаў застаецца за кратамі. Экс-банкіру інкрымінуюць ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры. Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, які цяпер таксама за кратамі, прызнаны палітзняволенымі.

У інтэрв’ю нямецкаму выданню «Deutsche Welle» ён распавёў пра стаўленне да сітуацыі ў краіне, сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА КДБ і выказаў пажаданні ўсім беларусам.

Разгляд справы Віктара Бабарыкі і «Белгазпрамбанку» пачнецца 17 лютага ў Вярхоўным Судзе.

DW: На вашай прэс-канферэнцыі 20 траўня 2020 года вы назвалі «міфатворчасцю» масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Як вы цяпер ацэньваеце тое, што адбываецца ў краіне?

ВБ: Адразу скажу, мае адказы абапіраюцца на вельмі бедную інфармацыю. Амаль восем месяцаў я застаюся ў фізічнай і камунікацыйнай ізаляцыі, большую частку навінаў атрымліваю з беларускага тэлебачання – а яго прагляд можна прыраўнаць да маральных катаванняў.

Але нават у такім стане магу сказаць, што тое, што адбываецца ў нашай краіне, нельга назваць масавымі рэпрэсіямі. Фактычна гэта вайна ўладнай вярхушкі, якая абапіраецца на вайскова-сілавы блок, а значыць, хунты, супраць часткі свайго народу. І нават не важна, якая паводле колькасці гэтая частка, – большасць або не. Самае страшнае, што яна датычыць усіх слаёў насельніцтва.

Гэтую вайну могуць ператварыць у грамадзянскую два моманты. Па-першае, паспешлівае падвядзенне пад свае дзеянні заканадаўчай базы праз узмацненне пакарання за найпрасцейшае выказванне думкі. А па-другое, уцягненне ў барацьбу простага цывільнага народу (чыноўнікаў, дзяржслужбоўцаў, работнікаў камунальнай гаспадаркі і гэтак далей), змушаных выконваць загады і службовыя абавязкі ды ўступаць у сутыкненне з гэткімі ж грамадзянамі краіны.

Але расколатага грамадства не злепіш. Нельга дапусціць, каб простыя людзі сталі ненавідзець адно аднаго толькі за тое, што яны любяць сімвалы рознага колеру. Кожны мусіць разумець, што індывідуальная адказнасць за ўчыненне дзеяння не знікае, нават калі нехта скажа, што бярэ на сябе ўсе грахі за асобныя загады і распараджэнні.

Я не кажу пра крымінальны пераслед. Ёсць больш важная ацэнка – нашых дзяцей і ўнукаў. За жыццё я не сустракаў ніводнага чалавека, які ганарыцца продкамі, якія ўдзельнічалі ў гвалце супраць простых людзей.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

DW: Ёсць думка, што вашае вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ўзбудзіла грамадскасць і стала штуршком для палітызацыі і барацьбы з рэжымам Лукашэнкі. Што вы скажаце на гэты конт?

ВБ: Змрочна пажартую: яно дакладна ўзбудзіла супраць мяне крымінальны пераслед. А калі сур’ёзна, то мне заўсёды складана ацэньваць свае ўчынкі ды іх уплыў на іншых, хай гэта робяць людзі самі.

Я ж скажу, чым бы я вельмі ганарыўся і чаго б вельмі хацеў, – бачыць вынікі сваіх дзеянняў. Так ужо атрымалася, што я заспеў толькі пачатак працэсу абуджэння і раскрыцця нашых людзей. Я не бачыў зіхатлівых вачэй і шчаслівых усмешак шматтысячных удзельнікаў ланцужкоў салідарнасці ды маршаў свабоды. Але калі хоць малая частка гэтых людзей лічыць, што я ім нечым дапамог, то для мяне гэта найвышэйшая пахвала. Быць датычным да адраджэння нацыі, да абуджэння ў чалавеку самых каштоўных ягоных якасцяў – значыць, не дарма пражыць жыццё.

Аднак мне здаецца, што тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта не барацьба з рэжымам Лукашэнкі. Я ўвогуле прыхільнік дзеяння не «супраць», а «за». Сённяшнія падзеі я ацэньваю як барацьбу за новую Беларусь, за лепшага чалавека, за будучае шчаслівае жыццё – не толькі нашае, але і будучых пакаленняў.

Hавiны
Лукашэнка сустракаўся з палітвязнямі
2020.10.10 18:22

DW: Чаму, на ваш погляд, нягледзячы на тое, што пратэсты доўжацца паўгода, беларускі народ усё яшчэ не змяніў рэжым Лукашэнкі?

ВБ: Рэжым дзейнай сёння ўлады – гэта не адзін чалавек, а сукупнасць людзей, гатовых жыць у атмасферы хлусні ды вымушанай бездапаможнасці. Гэта аналаг добраахвотнага асобаснага рабства, якое не памірае пры знікненні рабаўладальніка. Чалавек не становіцца свабодным на загад або дазвол зверху.

Нам доўгія гады ўнушалі думку, што мы нявартыя альбо няздольныя быць адказнымі за свой лёс, што нам патрэбныя кантроль і кіраванне, бо мы «народзец», які жыве на «лапіку зямлі», аточанай ворагамі. Асноўным дасягненнем і гонарам лічылася, што мы бедныя, але не жабракі, што нашыя веды і здольнасці не патрэбныя нідзе і нікому, апроч як у краіне. Што мэта жыцця – стабільнасць з «чаркай і скваркай».

Але 2020 год паказаў хлуслівасць гэтага сцвярджэння. Мы пабачылі, што вялізарная колькасць людзей не згодная з такімі каштоўнасцямі ды мэтамі – акурат гэта я лічу перамогаю ці першым крокам да вялікай перамогі. Багата людзей здзейснілі вельмі важную асобасную перамогу: заваяваць уласнае права называцца чалавекам з пачуццём уласнай годнасці, гатовага ўзяць адказнасць за свой лёс і лёс сваіх дзяцей на сябе.

Нам не хапіла крыху часу, каб пасталець як нацыя. Ніхто не чакаў, што ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы за спробу рэалізаваць такія агульначалавечыя каштоўнасці, як самапавага, права на праўду і мірны пратэст, надыдзе такая жорсткая рэакцыя.

Цяпер у нас посттраўматычны шок. Ён абавязкова пройдзе, і я веру, што ўсё ў нас будзе добра.

Віктар Бабарыка.
Фота: Васіль Малчанаў /«Белсат

DW: Што самае важнае вы вынеслі з сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 года?

ВБ: Я заўжды спрабую прытрымлівацца простага прынцыпу: меркаваць паводле справаў, а не са словаў. Таму магу сказаць, што сцэнар, выкладзены ў рамане «Восень патрыярха», рэалізуецца вельмі блізка да тэксту.

У цэлым, я яшчэ раз пераканаўся ва ўсім вядомай ісціне, якую даказала сістэма ў дэмакратычных краінах. Выбарныя пасты павінны займаць людзі, у якіх ёсць куды вяртацца пасля страты ўлады. Інакш для такіх людзей паўстае знак роўнасці між пасадай і шчасцем у жыцці. А часам і такая роўнасць: улада = жыццё. У такім выпадку барацьба за ўладу ператвараецца ў барацьбу за жыццё – і ў такой бітве палонных не бяруць. Выклікае аптымізм адно тое, што для такіх людзей кожны наступны дзень набліжае іх да горшага, а астатніх – да лепшага.

DW: Лукашэнка казаў, што ў Беларусі спрабавалі зладзіць дробнабуржуазную рэвалюцыю, але цяпер рэвалюцыі ў краіне няма, бо няма рэвалюцыянераў, гатовых ісці на ўсё. Ці падтрымліваеце вы гэтае сцвярджэнне?

ВБ: Як бы ні падалося дзіўным, але гэта праўда, і гэта добра. Я ніколі не любіў рэвалюцыі і іх лозунг – «разбурыць дарэшты, а пасля…». Тое, што мы назіралі ў Беларусі, – паскораная эвалюцыя. Мы на неймавернай хуткасці праходзім працэс фармавання самасвядомасці сябе як асобаў, а таксама аб’яднання людзей у нацыю. Як вынік – патрабаванні новага, запыт на іншую сістэму кіравання.

Хоць і спрэчны, але для мяне ўсё ж слушны шлях, нежаданне праліваць чужую кроў дзеля ўласных, хоць і добрых мэтаў. А гэта і мае на ўвазе сцвярджэнне – гатовасць на ўсё. Наш народ не апусціўся да такой мярзоты, якую прадэманстравалі ўлады. Мы не заплямілі сваіх рук чужой крывёй. Новая Беларусь павінна будавацца не на крыві, хоць старая ўтрымліваецца акурат гвалтам і жорсткасцю. Менавіта дабро забяспечыць шчаслівую будучыню краіны.

І пра дробнабуржуазнасць тых, хто імкнецца да заменаў, усё абсалютна слушна: людзі стаміліся жыць на мяжы жабрацтва і беднасці. «Па 500» – недасяжная і «зіхатлівая Шамбала» – нагнала аскому. Мы хочам стаць «дробнымі буржуа». Толькі ў сучасным свеце такіх людзей называюць «сярэдні клас», і яны ствараюць аснову і апору ўсіх цывілізаваных і высокаразвітых краінаў.

Hавiны
Надзея Ермакова ўзначаліла «Белгазпрамбанк»
2021.01.18 10:14

DW: Як далей будзе развівацца сітуацыя ў краіне?

ВБ: Гэта адно з самых складаных пытанняў для чалавека, які атрымлівае 90 % інфармацыі, насычаных выключна хлуснёй, страхам і нянавісцю (то бок з дзяржтэлебачання). Але, мне здаецца, варыянтаў толькі два. Або новая Беларусь, эканамічна і палітычна незалежная, або спыненне існавання фактычна незалежнай краіны (хай нават юрыдычна яна і захавае свой статус) шляхам уключэння нас у арбіту чыйго-небудзь «свету».

Выбіраць адну з гэтых дарог давядзецца найбліжэйшым часам – эканоміка не дазволіць доўжыць цяперашні стан. Калісьці было сказана вельмі дакладна: «Палітыка ёсць канцэнтраваным выяўленнем эканомікі». Таму крайні пункт – 2025 год, але хацелася б думаць, што гэта фантастычна доўгі тэрмін. Я за першы варыянт.

DW: Ці вы ўсё яшчэ хочаце стаць прэзідэнтам у будучай Беларусі?

ВБ: Я заўжды казаў, што маё рашэнне не было прадыктаванае менавіта мэтай стаць прэзідэнтам. Прэзідэнцтва – гэта інструмент і магчымасць удзельнічаць у зменах у краіне. Я зыходзіў з таго, што прапаноўваў сваю кандыдатуру як нанятага мэнэджара з уласным досведам і бачаннем. Але пасля падзеяў 2020 года я зразумеў, што змены, якія адбываюцца ў нашых людзях і якія паказалі ўсю неймаверную таленавітасць, шчырасць і годнасць беларусаў як нацыі, моцна зрушылі акцэнты і патрабаванні да таго чалавека, які мог бы хаця б і на нейкі час прадстаўляць інтарэсы нашага народу.

Таму мне б вельмі хацелася быць вартым такога народу. Тых, хто нягледзячы на ўсю несправядлівасць і жорсткасць, захавалі сваю чысціню. Я разумею, што апошні год даў нам шмат маладых і годных людзей, які цалкам гатовыя прэтэндаваць на ролю лідара. Вось жа майго жадання і раней было недастаткова, а цяпер і патрабаванні дужа выраслі. Але пры захаванні запыту на маё бачанне шляхоў развіцця краіны ў мяне застаецца гатоўнасць унесці ўсе свае ўменні і навыкі. Прапанова з майго боку ёсць, але ці будзе на гэта попыт – пабачым.

Падчас сустрэчы з Віктарам Бабарыкам у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат

DW: Што б вы хацелі сказаць ці пажадаць беларусам, якія пратэстуюць?

ВБ: Я хачу звярнуцца не толькі да беларусаў, якія пратэстуюць. Мне хацелася б, каб гэтыя словы прачыталі ўсе грамадзяне нашай краіны. Кожны з вас унікальны і мае права на ўласную думку. Усе разам мы фармуем нашую дзяржаву і нацыю, якая таксама ўнікальная і мае права на выбар уласнага шляху. Але кожная ўнікальнасць мае і агульныя каштоўнасці, для чалавека – гэта непарушнае права свабоды выбару, павагі да асобы і каштоўнасці жыцця.

У нашай краіне, да жалю, склалася сітуацыя, калі стаўленне да гэтых каштоўнасцяў падзяліла ўсіх на тры катэгорыі. Тых, хто ўсведамляе гэтыя рэчы і гатовы для іх рэалізацыі рабіць актыўныя дзеянні. Тых, хто згодны з неабходнасцю мець гэткую сістэму каштоўнасцяў, але праз страх не гатовы штосьці дзеля гэтага рабіць. А таксама тых, хто лічыць, што не мае права разважаць пра гэта, і проста чакае шчасця, якое ім абяцаюць іншыя. І хачу звярнуцца да кожнай з гэтых катэгорыяў маіх суайчыннікаў.

Я схіляюся перад тымі, хто ўсвядоміў сябе гаспадаром лёсу і адчувае сваю датычнасць і адзінства з усім чалавецтвам. Вы сапраўдныя асобы, вы святло дабрыні і свабоды. Тыя выпрабаванні, праз якія праходзіце вы і вашыя блізкія, шчодра акупяцца і апраўдаюцца далучэннем і натхненнем іншых грамадзянаў Беларусі. Не спыняйцеся! Лёгкі бывае толькі шлях у рабства. Часам свабода патрабуе цвёрдасці і непахіснасці. Але яна дакладна таго вартая.

Я разумею нерашучасць тых, хто баіцца страціць утульнасць і спакой свайго маленькага свету. Але трэба разумець, што сёння выбар стаіць не паміж лепшым ці горшым жыццём, але між дрэнным і добрым. Гэта выбар для наступных пакаленняў – зрабіць крок наперад да лепшай долі. І дзеля гэтага кроку не трэба выйсці на барацьбу, дастаткова проста не ўчыняць нізкіх і супрацьзаконных учынкаў. Памятайце словы Чэрчыля: «Калі краіна, выбіраючы паміж вайной і ганьбаю, выбірае ганьбу, яна атрымлівае і вайну, і ганьбу».

І я таксама хачу, каб задумаліся тыя, хто лічыць, што адказнасць за злачынствы і несумленныя ўчынкі будзе апраўданая словамі «нам загадвалі» і «што мы маглі зрабіць?». Ніколі ў гісторыі падпарадкаванасць не змывала крыві з рук забойцаў. У сённяшніх абставінах заспакойлівая думка «я спрабаваў змякчыць жорсткасць мераў і распараджэнняў і служыў свайму народу» не ёсць апраўданнем. Змякчаць распараджэнні, якія парушаюць закон і топчуць агульначалавечыя прынцыпы, – усё роўна ўчыняць злачынствы. Будучыня непазбежная, і пытанні будуць зададзеныя кожнаму. Таму, можа, лепей застацца па-за камандай, чым у камандзе тых, хто ўчыняе ці спрыяе згубным для ўсіх дзеянням.

Мы беларусы, мы павінны быць разам! Разам – да лепшага!

Hавiны
Суд над Бабарыкам пачнецца 17 лютага. Ён будзе адкрыты
2021.02.04 12:51

АД, belsat.eu

Стужка навінаў