Экс-кіраўніка МУС Польшчы і яго былога намесніка затрымалі ў прэзідэнцкім палацы


Увечары 9 студзеня варшаўская паліцыя затрымала экс-міністра ўнутраных спраў Марыюша Каміньскага і яго былога намесніка Мацея Вонсіка, паведамляюць польскія СМІ. Яны асуджаныя да двухгадовага зняволення за перавышэнне паўнамоцтваў.

Марыюш Каміньскі і Мацей Вонсік.
Фота: Leszek Szymański /PAP

Затрыманне адбылося ў Прэзідэнцкім палацы, куды Марыюш Каміньскі і Мацей Вонсік прыбылі на цырымонію прызначэння новых дарадцаў прэзідэнта Анджэя Дуды. Паліцыя атачыла палац і чакала да вечара, каб узяць абодвух палітыкаў пад варту і даставіць для адбыцця пакарання. Аднак Каміньскі і Вонсік не пакідалі палац. Увечары паліцыянты зайшлі ў будынак і паказалі палітыкам дакументы на іх арышт.

Гэта адбылося ў той час, калі Анджэй Дуда сустракаўся з лідаркай беларускіх дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай у палацы Бельведэр.

Перад прэзідэнцкім палацам сабралася акцыя пратэсту – паводле некаторых ацэнак, у ёй прынялі ўдзел каля 300 чалавек. Пратэстоўцы называлі затрыманых палітвязнямі і патрабавалі, каб Анджэй Дуда стаў на абарону Канстытуцыі. Аналагічная акцыя адбылася каля аддзялення паліцыі, куды прывезлі затрыманых.

Гісторыя з Марыюшам Каміньскім і Мацеем Вонсікам пачалася ў 2007 годзе, калі першы з іх узначальваў антыкарупцыйнае бюро, а другі быў яго намеснікам. Тады яны паспрабавалі абвінаваціць у хабарніцтве аднаго з польскіх палітыкаў, але ў выніку іх саміх абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў і незаконнай аператыўнай дзейнасці.

У 2015 годзе Каміньскі і Вонсік былі асуджаныя, але Анджэй Дуда як прэзідэнт памілаваў іх. Напрыканцы 2023 года, калі ўладу ў Польшчы пераняла апазіцыя, палітыкаў асудзілі паўторна – ім прысудзілі па два гады зняволення. 8 студзеня суд выдаў ордары на іх арышт.

Hавiны
Ціханоўская заклікала польскіх парламентарыяў падтрымаць «Белсат»
2024.01.09 18:24

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў