Беларусь выйшла з шэрагу міжнародных дамоваў аб барацьбе з карупцыяй


Беларусь выйшла з шэрагу міжнародных дамоваў аб барацьбе з карупцыяй, вынікае з адпаведнага закону № 348-З, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 10 студзеня.

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Беларускі дзяржаўны сцяг. Менск, Беларусь. 20 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Сярод іншага Менск дэнансаваў Канвенцыю аб крымінальнай адказнасці за карупцыю ад 27 студзеня 1999 года (падпісаная Беларуссю 23 студзеня 2001 года ў Страсбуры) і прыняты да яе дадатковы пратакол, а таксама Канвенцыю аб грамадзянска-прававой адказнасці за карупцыю ад 4 лістапада 1999 года (падпісаная 25 сакавіка 2004 года ў Страсбуры).

Акрамя таго, спыненае дзеянне пагаднення паміж Беларуссю і Радай Еўропы (РЕ) аб прывілеях і імунітэце прадстаўнікоў членаў Групы дзяржаваў супраць карупцыі і чальцоў інспекцыйных групаў (падпісаная 22 студзеня 2010 года ў Страсбуры).

Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведны законапраект 22 лістапада 2023 года, Савет Рэспублікі ухваліў яго 13 снежня. У дзень прыняцця прэс-служба ніжняй палаты парламенту заявіла, што разрыў пагаднення з РЕ «анулюе абавязацельствы прадастаўлення прадстаўнікам членаў ГРЭКА і членам інспекцыйных групаў гэтай арганізацыі прывілеяў і імунітэтаў, накіраваных на стварэнне спрыяльных умоваў для іх працы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Беларусь далучылася да дадатковага пратаколу да Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю ў 2014 годзе. Ад імя краіны дакумент падпісаў цяперашні намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які тады быў паслом Беларусі ў Францыі.

У 2019 годзе ГРЭКА публічна заявіла аб невыкананні Беларуссю антыкарупцыйных стандартаў. Паводле інфармацыі арганізацыі, Менск не выканаў 20 з 24 рэкамендацыяў, адрасаваных яму ў 2012 годзе.

ГРЭКА – міжнародная арганізацыя, створаная Радай Еўропы ў 1999 годзе для дапамогі краінам-удзельніцам ва ўдасканаленні механізмаў барацьбы з карупцыяй. У яе ўваходзяць 49 дзяржаваў. 17 сакавіка 2022 года РЕ прыпыніла дзейнасць Беларусі ў ГРЭКА. Расея выйшла з арганізацыі 1 ліпеня 2023 года.

Аб’ектыў
Ад змагара да хаўрусніка: чаму Лукашэнка не можа перамагчы карупцыю?
2023.12.09 21:42

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў