486 дзён трывае палітычны крызіс у Беларусі. Ён ужо зачапіў не толькі беларускія землі, а Літву, Польшчу і паветра над Беларуссю. «Белсат» пераказвае галоўныя падзеі 9 снежня – дня 130-годдзя з нараджэння Максіма Багдановіча.
У Літве пачаўся буйны скандал праз санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: нягледзячы на іх, транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву працягваецца. Міністр замежных спраў Літвы прыгразіў адстаўкай. Следам за ім можа пайсці ў адстаўку і міністр транспарту. Прэм’ерка ўзяла паўзу да панядзелка.
З Польшчы – адразу дзве важныя навіны. Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, а польская пракуратура агучыла новыя дэталі захопу самалёта «Ryanair» у Беларусі.
Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы не спыняецца: мігранты напалі на польскіх памежнікаў на двух участках мяжы з Беларуссю. Праз Беларусь і Польшчу ў Нямеччыну трапілі ўжо амаль 11 тысяч мігрантаў.
«Менсктранс» скасаваў навагоднія рэйсы ў Польшчу, Літву, Латвію і Украіну, а дэпутаты Польшчы, Літвы і Украіны заклікалі да Міжнароднага суду над Лукашэнкам.
У Беларусі ўжо 908 палітычных зняволеных – 9 снежня ў спіс дадалі журналіста Сяргея Сацука. Палітвязня Арцёма Баярскага асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зачыстка на дзяржаўных прадпрыемствах не спыняецца – дайшла ўжо да Хойнікаў. Беларускія банкі рыхтуюцца да магчымага адключэння ад SWIFT.
На 81-м годзе жыцця памёр Уладзімір Ярэц – вядомы глухі байкер-вандроўнік, які аб’ездзіў паўтары сотні краінаў.
Дэлегацыя лукашэнкаўцаў прыляцела ў Крым, наведала магілу Багдановіча, пойдзе на «рускамірскі» форум. Расейскія ўльтраправыя чакаюць у Крыме самога Лукашэнку.
Здараюцца і цуды: сілавікі ўчынілі пагром у магілёўскай актывісткі, але прызналі памылку і папрасілі прабачэння.
АА belsat.eu