Як рэагуе міжнародная супольнасць на сітуацыю на беларуска-польскай мяжы


Пасля эскалацыі міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы 8 лістапада, калі натоўп з больш чым двух тысяч мігрантаў спрабаваў прарвацца на тэрыторыю Польшчы, міжнародная супольнасць выказала салідарнасць з польскімі ўладамі і зноў адзначыла факт таго, што рэжым Лукашэнкі вядзе жорсткую «гібрыдную вайну» з дапамогай мігрантаў супраць усяго Еўразвязу.

Сабралі выказванні прадстаўнікоў розных краін і арганізацый накот сітуацыі на мяжы.

Пра што казалі ў міжнародных арганізацыях?

Урсула фон дэр Ляйен.
Фота: European People’s Party / Flickr

Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен расцаніла прыток мігрантаў у Еўразвяз як «гібрыдны напад» і заклікала краіны супольнасці як мага хутчэй зацвердзіць новыя санкцыі ў дачыненні да Менску.

«Я заклікаю краіны ЕЗ нарэшце зацвердзіць пашыраны санкцыйны рэжым супраць уладаў Беларусі, адказных за гібрыдны напад. Беларускія ўлады павінны зразумець, што ціск на Еўрапейскі звяз шляхам цынічнага выкарыстання мігрантаў не дапаможа ім дасягнуць іх мэт».

Таксама яна заявіла, што Еўразвяз запытае дапамогу агенцтваў ААН у рэпатрыяцыі мігрантаў, якія прыбываюць праз мяжу з Беларуссю.

Пракаментаваў сітуацыю на мяжы і афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі па ўнутраных справах Адальберт Янц:

«Спробы пранікнення з боку Беларусі штотыдзень здзяйсняюць каля трох тысяч чалавек. Гэта зацяжны крызіс, які Лукашэнка выкарыстоўвае для дэстабілізацыі ў Еўразвязе, для разбурэння тых каштоўнасцяў, якіх прытрымліваюцца ў ЕЗ. Мы неаднаразова заяўлялі аб жорсткай пазіцыі Еўразвязу ў выпадку выкарыстання людзей у палітычных мэтах. Гэта непрымальна».

Беларусь выкарыстоўвае «гібрыдную тактыку» у выглядзе мігрантаў на мяжы з ЕЗ. Пра гэта заявіў журналістам прадстаўнік NATO:

«Выкарыстанне мігрантаў рэжымам Лукашэнкі ў якасці гібрыднай тактыкі з’яўляецца недапушчальным», – адзначыў прадстаўнік альянсу.

Між тым былы кіраўнік Еўрапейскай камісіі, экс-прэм’ер Польшчы і цяперашні лідэр апазіцыі Дональд Туск прапанаваў польскаму ўраду задзейнічаць артыкул 4 Паўночнаатлантычнай дамовы NATO, якая прадугледжвае, што «бакі будуць сумесна кансультавацца кожны раз, калі, на думку любой з іх, будуць пастаўленыя пад пагрозу тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека любога з бакоў».

Дональд Туск.
Фота: European People’s Party / Flickr

Прадстаўнік генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык заявіў, што арганізацыя выступае супраць выкарыстання мігрантаў у палітычных мэтах:

«Ёсць шэраг фундаментальных прынцыпаў – людзі ніколі не павінны быць выкарыстаны як інструмент для дасягнення палітычных мэтаў, асабліва калі яны знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, ці шукаюць яны прытулку ці бяспекі. Адпаведныя прынцыпы выкладзены ў Канвенцыі аб бежанцах ад 1951 года, і яны павінны паважацца ўсімі».

Hавiны
Чаго Лукашэнка дамагаецца міграцыйным крызісам? Разважае беларускі вайсковы эксперт
2021.11.08 18:50

Падтрымка заходніх краін

У Літве прапануецца ўвесці рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта заявіла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце.

Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ кажа: «Жахліва бачыць, як афіцыйныя асобы Беларусі штурхаюць мігрантаў да польскай мяжы. Пагарда Лукашэнкі да міжнароднага права выходзіць на новы небяспечны ўзровень».

Міністр замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс.
Фота: armradio.am

Міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс:

«Гібрыдная атака, арганізаваная рэжымам Менску супраць Польшчы, Літвы і ЕЗ, заклікана справакаваць напружанасць, падзяліць нас і прадставіць Еўропу як неэфектыўную ці бесчалавечную. Еўрапейскія межы будуць абаронены, якія маюць патрэбу ў дапамозе – атрымаюць дапамогу. Нас не будуць прымушаць».

Злучаныя Штаты таксама ўстрывожаныя весткамі аб сітуацыі на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай.

«Мы занепакоеныя фатаграфіямі і паведамленнямі з мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. ЗША рашуча асуджае выкарыстанне ў палітычных мэтах уладамі Беларусі і прымус уразлівых людзей, роўна як і негуманную арганізацыю міграцыйных плыняў. Мы заклікаем рэжым у Менску неадкладна спыніць кампанію па фармаванні міграцыйных плыняў у Еўропу. Пакуль улады будуць адмаўляцца выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы, падрываць мір і бяспеку ў Еўропе, працягваць пераследваць людзей, мы працягнем аказваць ціск на Аляксандра Лукашэнку», – указаў кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартаменту Нэд Прайс.

Штэфен Зайберт, афіцыйны прадстаўнік урада Нямеччыны:

«Беларускі рэжым выкарыстоўвае бежанцаў і мігрантаў подлым з палітычнага і чалавечага пункту гледжання спосабам. І Еўропа будзе разам супрацьстаяць гэтай гібрыднай атацы, якая працягваецца».

Намеснік старшыні фракцыі «Хрысціянска-дэмакратычны звяз Нямеччыны» у бундэстагу Ёхан Вадэфуль заявіў:

«Цяпер ЕЗ павінен урэшце паказаць свае зубы і выкарыстоўваць эфектыўныя інструменты. Да авіякампаній, якія ўдзельнічаюць у дастаўцы мігрантаў у Беларусь, павінны быць ужытыя неадкладныя санкцыі».

Вадэфуль таксама заклікаў падвергнуць санкцыям дзяржавы, якія «яўна ці ня яўна» удзельнічаюць у перамяшчэнні мігрантаў у Беларусь. Дэпутат настойвае на тым, каб Аляксандру Лукашэнку не сышоў з рук «яго акт сучаснай кантрабанды».

У МЗС Аўстрыі таксама пракаментавалі сітуацыю з мігрантамі на мяжы Польшчы:

«Мы занепакоеныя нядаўнім павелічэннем колькасці спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Аўстрыя цалкам салідарная з закранутымі краінамі ЕЗ, якія мяжуюць з Беларуссю».

Прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас назвала апублікаваныя відэазапісы з мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы сведчаннем узмацнення гібрыднай атакі Менску на ЕЗ: «Вельмі трывожныя відэа з Беларусі – масы людзей выцясняюцца да мяжы Польшчы. Аляксандр Лукашэнка ўзмацняе сваю гібрыдную атаку на мяжу ЕЗ і NATO, сурʼёзна парушаючы міжнароднае права».

Прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас.
Фота: rus.delfi.ee
Аналітыка
«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку
2021.11.08 15:20

Расея таксама выказалася

Вось як Крэмль пракаментаваў сітуацыю з натоўпам мігрантаў на мяжы:

«Тут, безумоўна, у нас няма сумневаў у тым, што міграцыйныя службы Беларусі прымаюць усе неабходныя захады, каб сітуацыю ўтрымліваць у законным рэчышчы.

Вядома, няма сумневаў і ў тым, што ўлічваюцца меркаванні і магчымая занепакоенасць у сувязі з тым, што мігранты могуць перацякаць на нашу тэрыторыю», – перадае «РИА Новости» словы прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.

Дзмітрый Пяскоў.
Фота: Kremlin.ru

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава таксама пракаментавала сітуацыю з мігрантамі на польскай мяжы.

«Цяпер польскім палітыкам, якія клянуць Лукашэнку і абвінавачваюць Менск у праблемах з іракскімі мігрантамі, узгадаць бы, як пры самым актыўным удзеле Варшавы быў разбураны Ірак», – напісала Захарава ў Telegram.

Між тым Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў расказаў, што мігрантам на мяжы паміж Беларуссю і ЕЗ аказваецца дапамога.

«Нам паведамляе Дзяржпамежкамітэт, што ёсць такія групы мігрантаў, што яны маюць патрэбу ў дапамозе. І мы тады арганізоўваем і перадаём для іх прадуктовыя наборы, сродкі асабістай гігіены, коўдры, цёплую вопратку, палаткі, спальныя мяшкі», – сказаў ён.

ВІДЭА
Лукашэнка павялічвае міграцыйны прэсінг. Захад можа яго затрымаць? Інтэрв’ю з аналітыкам Марэкам Будзішам
2021.11.08 18:05

АД, belsat.eu

Стужка навінаў