«Калі нешта здарыцца, мы першыя, хто сустрэнецца з гэтымі людзьмі». Што кажуць жыхары беларуска-польскага памежжа


9 лістапада некалькі тысяч мігрантаў застаюцца на памежнай паласе з боку Беларусі і ў лесе непадалёк ад польскай мяжы. Частка з іх раніцай апынулася каля літоўскай мяжы. Польская паліцыя рапартуе, што сітуацыя амаль спакойная. За содні польскія памежнікі зафіксавалі 309 спробаў нелегальнага мінання мяжы, затрымалі 17 чалавек. «Белсат» даведаўся, што тым часам адбываецца ў памежных раёнах Беларусі.

Жыхары беларускіх паселішчаў у памежнай зоне непакояцца абвастрэннем сітуацыі на мяжы.

Лагер нерэгулярных мігрантаў на беларуска-польскім памежжы.
Фота: Yuri Shamshur / TASS / Forum

«Усе ў напружанні. Мы разумеем, што калі нешта здарыцца, мы будзем першыя, каму прыйдзецца сустрэцца з гэтымі людзьмі», – кажа нам жыхар адной з памежных вёсак.

Мясцовыя жыхары сочаць за тым, што адбываецца, і абмяркоўваюць апошнія навіны ў чатах. Адныя выказваюць меркаванне, што ў Беларусі хопіць сілаў правапарадку, каб кантраляваць сітуацыю. Аднак большасць адзначае, што пакуль сілавікі толькі назіраюць за тым, як мігранты сякуць дрэвы і руйнуюць памежную агароджу з беларускага боку, а ці будуць яны рэальна рэагаваць на небяспеку – пытанне. Людзі абмяркоўваюць, як можна самастойна арганізаваць самаабарону і ахоўваць парадак.

З учарашняга вечара памежнікі перакрылі дарогу М6 каля Горадні, на бензастанцыях – АМАП, супрацоўнікі ДАІ. Правяраюць машыны. З боку Горадні на Брузгі стала немагчыма праехаць. У той час у горадзе, паводле інфармацыі відавочцаў, у розных кутках гораду былі заўважаныя групы мігрантаў па 30–50 асобаў, якія выклікалі таксі і кудысьці ехалі.

Асобы, падобныя на нерэгулярных мігрантаў, каля гандлёвага цэнтру «Карона» у Горадні. Фота ад чытачоў «Белсату»

Па абедзе 9 лістапада вялікая колькасць мігрантаў заўважаная на паркоўцы і ўнутры вялікага гандлёвага цэнтру «Карона» на праспекце Касманаўтаў. Відавочцы кажуць, што ў некаторых мігрантаў з сабой намёты.

Патруль з аўтаматамі спыняе і правярае ўсе машыны і перад паваротам на вёску Каробчыцы, што за 13 км ад мяжы. Зазіраюць у вокны і прапускаюць далей.

«Гэта, канечне, цырк нейкі. Правяраюць нас, а мігрантаў на мяжы ўсё болей. Мо яны там вырастаюць як грыбы ці памежнікі зусім не тыя аўтамабілі правяраюць», – расказвае відавочца.

Групы мігрантаў перыядычна праходзяць і праз вёску Каробчыцы. Памежнікі затрымліваюць і вязуць іх да мяжы.

Паводле афіцыйных польскіх асобаў, агулам на беларуска-польскім памежжы можа быць да 4 тысяч нерэгулярных мігрантаў, якія маюць намер трапіць у ЕЗ.

Аналітыка
Два дзясяткі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія ўлады праігнаравалі падчас міграцыйнага крызісу
2021.11.09 17:02
Hавiны
Чаго Лукашэнка дамагаецца міграцыйным крызісам? Разважае беларускі вайсковы эксперт
2021.11.08 18:50

СП belsat.eu

Стужка навінаў