Ці ўратуе масачны рэжым ад пандэміі?


Нашэнне масак і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах і транспарце, нават у таксоўках, з сённяшняга дня – абавязковыя. Міністэрства аховы здароўя другі раз прымае захады супраць каронавіруснай інфекцыі.

«Гэтыя захады нельга было здымаць, іх увялі летась у лістападзе, яны мусілі трымацца да гэтай пары, пастаянна. Гэта важна ўсведамляць, што людзі павінны адчуваць сваю адказнасць за гэта. Тое, што ўводзяць гэта афіцыйна, гэта адно, але людзі не ўспрымаюць гэта ўсурʼёз», – падкрэслівае рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Пра гэта сведчаць і нашыя назіранні ў Баранавічах і Бабруйску. Тут шмат хто па-ранейшаму без масак. Маска мусіць засланяць нос, рот і падбародак, а за парушэнне масачны рэжыму прадугледжаная адказнасць. Кантраляваць выкананне новых патрабаванняў будуць санстанцыя, МУС і Мінтранс. Аднак ніякіх пакаранняў пакуль не прадугледжана.

Hавiны
Ці будуць штрафаваць грамадзян за адсутнасць медыцынскай маскі?
2021.10.09 13:59

Тым часам сітуацыя з захворваннямі на ковід абвастраецца. Паводле Міністэрства здароўя, колькасць захварэлых за апошнія содні наблізілася да максімальнае адзнакі – амаль дзве тысячы чалавек, 16 чалавек памерлі.

«Статыстыка, якая падаецца, падаецца хутчэй за ўсё з галавы і не адпавядае рэчаіснасці. Мы бачым, што наплывы вельмі моцныя не па 2 тысячы чалавек, а ў разы болей, і смяротнасць, якая падавалася, была заніжаная ў 5 ці то ў 6 разоў», – падкрэслівае Расціслаў Савіцкі.

Па ўсёй краіне шпіталі перапрафілююць для хворых на COVID-19. Аднак месцаў не стае.

«У Віцебску 5 перапрафіляваных стацыянараў пад каронавірусную інфекцыю – гэта вельмі шмат. І рыхтуюць яшчэ адзін корпус яшчэ аднаго стацыянару для прыёму каронавірусных пацыентаў. І гэтых месцаў усё яшчэ не хапае», – кажа рэаніматолаг.

Сігналы аб пагаршэнні сітуацыі падаюць і нашыя чытачы.

Ліда. «Выклікалі хуткую. Ехала 4 гадзіны. Просяць прабачэння, вельмі шмат хворых, якіх трэба шпіталізаваць. Зрабілі тэст у аўторак, патэлефанавалі толькі сёння а 13-й і сказалі, што станоўчы. Хадзі на работу, заражаць людзей».

Менск. «У мяне маці з сястрой былі ў цяжкім стане з ковідам у 1-м шпіталі Менску. Там усе калідоры запоўненыя хворымі, сястра кажа, што кожны дзень хтосьці памірае».

Гомель. «Маці захварэла на карону. Цудам заехала ў лякарню, проста пашанцавала, месцаў няма. Лекары – героі. У паліклініках адныя інтэрны, лекары або звольніліся, або пайшлі на «фронт».

Не стае ня толькі медыкаў, але і кіроўцаў. Тэлеграм-канал «Нік і Майк» апублікаваў ліст адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску ў Менсксанаўтатранс. У сувязі з ростам амаль удвая патрэбы ў дадатковым транспарце для выезду да пацыентаў адміністрацыя просіць часова перавесці аднаго-трох кіроўцаў на тэрмін да трох месяцаў для працы на машынах хуткай і медычнай дапамогі.

А ў Беларусі працягваецца масавая вакцынацыя ад каронавіруса. Паводле афіцыйнае статыстыкі, першую дозу прышчэпкі атрымалі амаль 2 380 000 тысячаў беларусаў, а поўны курс вакцынацыі прайшлі больш чым 1 726 000 чалавек. Сярод рэгіёнаў лідаруе Менск, тут поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за 381 тысячу чалавек. У аўтсайдарах застаецца Віцебшчына. Тут цалкам прышчапіліся крыху больш за 180 тысяч чалавек.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў