Вернуцца «шэрыя схемы працы»? Чаго чакаць беларускай эканоміцы, калі ўлады прымуць прапановы па зменах для ІП


Пераходзіць у самазанятыя або ствараць больш сур’ёзныя бізнес структуры – перад такім выбарам хутка стануць беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі. На нарадзе ў Лукашэнкі 9 верасня разгледзелі некалькі законапраектаў, якія зменяць структуру малога бізнесу ў Беларусі. Карэспандэнт «Белсату» запытаўся экспертаў, што будзе з эканомікай і прадпрымальніцкай актыўнасцю, калі адпраўлены Лукашэнкам на дапрацаванне законапраект усё ж прымуць.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч лічыць, што нічога добрага з гэтай ідэі не атрымаецца: не той час і не тыя інструменты. Падобныя захады магчымыя, калі эканоміка на падʼёме, але толькі не цяпер. У адказ прадпрымальнікі зноўку вернуцца ў «шэрую эканоміку» і спадзяванні лукашэнкаўскага ўраду павялічыць збор падаткаў не спраўдзяцца.

«Усё гэта лухта сабачая, усё гэта прынясе эканоміцы толькі мінусы, і гэта ўсё не своечасова. Зразумела, калі ў вас расце эканоміка і «прэ» ВУП і вам хочацца ўсё зрабіць больш цывілізаваным. Але ж гэтага няма. Калі падае эканоміка, калі хваляй нарастае крызіс, то трэба спрашчаць, нават даць людзям працаваць з нулявой стаўкай падатку. Бо «іпэшнік» клапоціцца пра сябе і пра сямʼю і не патрабуе ўвагі дзяржавы. Трэба зніжаць падаткі і казаць людзям, каб ратаваліся самі».

Абноўлена
Лукашэнка вырашыў заняцца ІП і фінансавымі кансультантамі
2022.09.09 13:39

Кныровіч нагадаў, што гэта далёка не першая спроба дзяржавы загнаць індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы. Прадпрымальнікі выглядаюць зручнай мішэнню, іх шмат – амаль 270 тысяч, і дзяржава спадзяецца сабраць з іх значна болей грошай, чым збірала да гэтага.

«Але і гэтая спроба будзе правальнай, бо з прадпрымальнікаў наўрад ці нават 10 % пагодзяцца на іншыя юрыдычна формы дзейнасці – гэта ж патрабуе значна большых выдаткаў і значна больш высокі ўзровень рызыкі. Апроч таго, стварэнне юрыдычнай асобы патрабуе значна вышэйшай кваліфікацыі, чым ёсць у прадпрымальнікаў», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

У свой час спрошчаная сістэма падаткаабкладання была прыдуманая, каб вывесці прадпрымальнікаў з «шэрай зоны» эканомікі. І гэта спрацавала, бо паказаць выручку і заплаціць 5% падаткаў ад яе – прасцей, чым працаваць нелегальна і баяцца. Але цяпер адбываюцца адваротныя працэсы і людзі зноўку «згадаюць мінулае» і вернуцца на «шэрыя схемы працы».

«Бізнес нікуды не дзенецца, – лічыць эксперт, – калі чалавек нечым займаўся, то ён і працягне. Іншае пытанне, што зноў падаткі плаціць перастануць. Вядома Камітэт дзяржкантролю будзе справаздачыць, што яны кагосьці злавілі, цэлы аддзел можна будзе стварыць для барацьбы з незаконнымі ІП, але толку ад гэтага будзе мала. Бо «іпэшнік» – не амапавец, ён загадаў слухацца не будзе».

Падтрымаць дзяржпрадпрыемствы за кошт прыватнікаў

Эксперт даследчага цэнтру BEROC Алег Мазаль мяркуе, што дзяржава памылкова не ўлічвае важны фактар, ​​якім зʼяўляецца дзелавая актыўнасць. Цяпер дзелавая актыўнасць у Беларусі падае, і ў такой сітуацыі класічны ход нармальнай дзяржавы – падтрымаць найбольш уразлівы сегмент – малыя і мікрапрадпрыемствы. Але беларускі рэжым вырашыў пайсці іншым шляхам – павялічыць падатковую нагрузку на малы бізнес. І гэта робіцца наўмысна:

«Выглядае так, што рэжым вырашыў вярнуцца да старой праверанай схемы вядзення гаспадарчай дзейнасці, калі дзяржпрадпрыемствы пакрываюць страты за кошт субсідыяў, прафінансаваных прыватным сектарам. У дадзеным выпадку бачны разлік атрымаць сродкі за кошт павышэння падатковай нагрузкі на прыватны бізнес».

Пры гэтым улады могуць і не атрымаць чаканых падатковых паступленняў з прычыны закрыцця малых і мікрапрадпрыемстваў пасля павелічэння падатковых ставак.

Hавiны
Лукашэнка даручыў разабрацца з аграсядзібамі
2022.09.09 17:39

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў