Ці скончыцца Лукашэнка разам з вайной?


Аляксандр Лукашэнка – суўдзельнік Уладзіміра Пуціна ў агрэсіі супраць Украіны, хоць войска, кантраляванае дыктатарам, наўпрост і не ўдзельнічала ў вайне. У выніку ўкраінскіх аперацыяў на поўдні і на ўсходзе – перспектыва паразы рэжыму Пуціна і вызвалення акупаваных земляў ужо ў наступным годзе выглядае цалкам рэальнай. Ці з’явіцца тады ў беларускага народу шанец вырвацца з кіпцюроў Расеі? Ці загайдаецца крэсла пад Лукашэнкам?

Для Лукашэнкі няма добрых варыянтаў канца вайны. Самаабвешчаны ўладар можа пазбавіцца трону ў выніку паразы Уладзіміра Пуціна. А пакуль ідзе вайна, вялікіх палітычных падзеўя у Беларусі не будзе, лічыць грамадскі дзеяч, былы кіраўнік расейскай нафтавай кампаніі ЮКОС Леанід Неўзлін:

«Крэмль лічыць, што былы Савецкі Саюз, у першую чаргу Беларусь і Украіна, – частка Расеі. Яны лічаць, што гэта іхнае. І яны будуць рабіць усё, каб максімальна валодаць гэтымі тэрыторыямі, займаць гэтыя тэрыторыі, кіраваць імі, асіміляваць гэтыя тэрыторыі ў расейскія, расейскамоўныя».

Акно магчымасцяў для беларускага грамадства, несумненна, з’явіцца пры капітуляцыі Крамля. Толькі Лукашэнка капітуляваць не збіраецца. Хутчэй, узурпатар выбраў пазіцыю вычэквання на кароткай шворцы, пакуль Расея выдыхнецца ў вайне. І пазней ён паспрабуе аслабіць яе шчыльныя абдымкі.

Наталля Шаўшукова, расейскі палітык, сузаснавальніца «Школы мясцовага самакіравання»:

«Лукашэнка адзін з самых дасведчаных і жорсткіх палітыкаў на постсавецкай прасторы. Ён прыйшоў да Пуціна, і я баюся, каб ён яшчэ не перажыў Пуціна. Гэта чалавек, які ўмее дурыць галаву ўсім: і Захаду, і Ельцыну, і Пуціну, і ўсім на свеце. І беларускаму грамадству ў тым ліку. Баюся, што перагуляць Лукашэнку будзе вельмі складана».

Як ні парадаксальна, пазіцыя Лукашэнкі можа быць больш выгадная, чым да вайны. Пытанне рэпрэсіяў і палітвязняў у Беларусі на фоне вайны калі не забылі на Захадзе, то прынамсі паставілі на паўзу. У Еўразвязе пакуль не прынялі рашэння адмаўляць беларусам у візах, каб не штурхаць іх, зноў жа, у кірунку Масквы. Намеснік кіраўніка літоўскай дыпламатыі пракаментаваў нашай праграме гэтую праблему.

Hавiны
​Франак Вячорка: Еўрапейскія міністры не будуць уводзіць візавы бан супраць беларусаў
2022.08.31 20:20

Мантас Адаменас, віцэ-міністр замежных справаў Літвы:

«Ніякага рашэння ў Празе не было прынята. Гэта пакуль не ёсць прадметам дыскусіяў».

З расейцамі іначай – ім пагражаюць візавыя абмежаванні. То бок Еўразвяз не залічвае беларусаў і расейцаў да адной катэгорыі, нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі прызнаны суўдзельнікам агрэсіі.

Ці з’явіцца ў беларускага грамадства, якое не прымае Лукашэнку, шанец вырвацца з няволі пасля вайны?

Cяргей Аляксашанка, эканаміст, былы віцэ-міністр фінансаў Расеі:

«Нават калі вайна скончыцца заўтра, нават калі Пуцін падпіша нейкае пагадненне з Украінай аб спыненні вайны, гэта не азначае, што Беларусь зробіцца вольнай».

Па-першае, Украіна наўрад ці пойдзе на ваенны адказ па-за межамі сваёй краіны: ні ў кірунку Масквы, ні тым больш у кірунку Менску. Па-другое, максімум, на які наважыцца Кіеў, – спагнаць з Лукашэнкі кампенсацыю за разбурэнні ў выніку расейскіх ракетных абстрэлаў з тэрыторыі нашай краіны. Таксама сумнеўна, што Украіна пагодзіцца, каб полк Каліноўскага выправіўся вызваляць Беларусь ад дыктатара. Але тое, што не вызначаецца падчас ваенных баталіяў, можа знайсці развязанне ў палітыцы. І тут у беларусаў з’явіўся новы саюзнік.

Наталля Шаўшукова, расейскі палітык, сузаснавальніца «Школы мясцовага самакіравання»:

«Вядома, нам не трэба ад расейскай апазіцыі бегаць і рабіць выгляд, што мы адно аднаго не ведаем, – тое, чым мы цяпер займаемся паспяхова ў Еўропе. Нам трэба сядаць і дамаўляцца, як мы бачым гэтую прастору. Нам трэба не прагназаваць, а праектаваць будучыню. Разам з беларускай апазіцыяй».

У адрозненне ад Лукашэнкі і Пуціна, паміж беларускай і расейскай апазіцыяй хіміі пакуль няма. На Кангрэсе свабоднай Расеі ў Вільні не было ні прадстаўнікоў пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай, ні тых, хто паспеў апошнім часам стаць у апазіцыю да апазіцыі. Гэта значыць – наперадзе шмат працы.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў