«Коммерсант»: Расея можа падтрымаць беларускія НПЗ павелічэннем імпарту паліва


Паводле звестак газеты «Коммерсант», Расея можа падтрымаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі павелічэннем імпарту беларускага паліва. Пра гэта расейскаму выданню распавялі крыніцы ў нафтавай галіне.

У апошнія гады пастаўкі паліва ў Расею з Беларусі былі мінімальныя, але цяпер Масква хоча павялічыць імпарт. Сэнс захады ў тым, каб дапамагчы беларускаму нафтаперапрацоўванню на фоне санкцыяў Еўразвязу і страты ўкраінскага рынку ў выніку вайны.

Аднак праблема ў тым, што расейскія НПЗ атрымліваюць істотныя субсідыі за пастаўкі паліва на ўнутраны рынак – так званы дэмпфер, а беларускія НПЗ цяпер не маюць на яго права. Пастаўкі ў РФ без дэмпферу будуць для беларускіх НПЗ стратныя, таму цяпер такіх аперацыяў амаль не праводзяць.

Расейскія ўлады абмяркоўваюць, як можна было б выплачваць дэмпфер беларускім заводам, пакуль развязку няма.

Калі дэмпфер пашырыцца на ўвесь аб’ём ранейшага экспарту Беларусі ва Украіну, абʼём падтрымання можа скласці больш за RUB 60 млрд (амаль $ 1 млрд) на год, піша выданне.

Аднак экспертка Марыя Арʼе ў інтэрвʼю «Коммерсанту» выказала сумнеў, што расейскі рынак здольны спажыць такія маштабныя пастаўкі. Акрамя таго, беларускія НПЗ не стануць паўнацэннымі бенефіцыярамі выплатаў, бо яны мусяць зніжаць цэны для канчатковых спажыўцоў на велічыню атрыманых субсідыяў.

Аналітыка
Якое месца займае Беларусь у геапалітычных планах Пуціна?
2022.08.26 17:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў