Неабходна рыхтаваць сілы для далейшай барацьбы за свабоду: заява Рады БНР да ўгодкаў пратэстаў-2020


Рада БНР апублікавала зварот з нагоды трэцяй гадавіны паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, у якім заклікае рыхтаваць сілы для далейшага змагання за свабоду і дзяржаўную незалежнасць нашай Бацькаўшчыны, у тым ліку, магчыма, збройнымі і сілавымі метадамі.

Пратэсты 2020 года ў Менску.
Фота: Рада БНР/Facebook

Тэкст звароту размешчаны на старонцы Рады БНР у Facebook:

«Сфальшаваныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года сталіся дэтанатарам вялікай хвалі пратэсту, якая ўскалыхнула ўсё беларускае грамадства. Прага беларусаў да свабоды і дэмакратыі яскрава выявілася ў масавых дэманстрацыях супраць дыктатарскага рэжыму, якіх Беларусь не бачыла за ўсю сваю папярэднюю гісторыю.

Рада БНР канстатуе, што гэты патэнцыял для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі не быў скарыстаны палітычнай апазіцыяй, якая была пазбаўленая рэжымам усякіх магчымасцяў для дзейнасці. Найбольш дзейныя апазіцыйныя лідары аказаліся перад выбарамі ў турмах, шмат хто апынуўся ў выгнанні. Падтрымку і дзейсную дапамогу Лукашэнку ва ўтрыманні ўлады аказала пуцінская Расея, шматгадовы палітычны і эканамічны спонсар ягонага рэжыму. Падчас пратэстаў Пуцін абвясціў аб стварэнні групоўкі войскаў Расгвардыі, гатовай да інтэрвенцыі па ўратаванні ўлады Лукашэнкі.

Пратэсты мірных грамадзянаў былі брутальна разагнаныя. Сярод пратэстоўцаў былі забітыя і параненыя, тысячы людзей трапілі ў турмы, дзе іх жорстка збівалі.

Падзеі 2020 і пачатку 2021 гадоў, безумоўна, увойдуць у гісторыю Беларусі як гераічная старонка, калі наш народ выявіў адвагу і прагу змагацца за сваю свабоду.

Але трэба прызнаць, што тыя падзеі прывялі і да цяжкіх, часам катастрафічных, наступстваў для наша народу.

Ашалелы ад сваёй беспакаранасці лукашэнкаўскі рэжым развязаў небывалую раней кампанію пераследу не толькі ўдзельнікаў пратэстаў, але і ўсяго беларускага грамадства. Нават праз тры гады пасля тых падзеяў гэты пераслед толькі набывае сілу. Адным з негатыўных вынікаў тых падзеяў для беларускай нацыі стаўся суцэльны разгром беларускай грамадзянскай супольнасці. Незалежнасць нашай краіны апынулася пад максімальнай пагрозай за апошнія трыццаць гадоў.

Беларусы сутыкнуліся з ворагам, чыя жорсткасць, амаральнасць і пагарда да агульначалавечых каштоўнасцяў былі многімі недаацэненыя.

Рада БНР заклікае ўсіх беларусаў адзначаць гадавіны падзеяў 2020 года і надалей ушаноўваць памяць загінулых герояў, шанаваць мужныя ўчынкі ўсіх удзельнікаў пратэстаў.

Таксама Рада БНР заклікае рыхтаваць сілы для далейшага змагання за свабоду і дзяржаўную незалежнасць нашай Бацькаўшчыны, у тым ліку, магчыма, збройнымі і сілавымі метадамі. Беларуская дэмакратычная апазіцыя павінна зрабіць высновы з падзеяў 2020 года і ўлічыць памылкі дзеля таго, каб наблізіць і паспяхова выкарыстаць наступныя магчымасці для дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі, якія непазбежна з’явяцца ў будучыні – у тым ліку, магчыма, недалёкай».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў