На заводзе ў расейскім Сергіевым Пасадзе адбыўся моцны выбух. Пацярпелі 43 чалавекі


На Загорскім аптычна-механічным заводзе ў Сергіевым Пасадзе 9 жніўня а 10:40 маскоўскага часу прагучаў моцны выбух, паведамляе ТАСС. Паводле пракуратуры Маскоўскай вобласці, выбухнуў склад з піратэхнікай. Іншая версія здарэння – дыверсія. Пацярпелі 43 чалавекі, з іх шасцёра – у цяжкім стане. Пад заваламі могуць заставацца яшчэ пяцёра.

Выбух на заводзе ў Сергіевым Пасадзе.
Фота: t.me/ostorozhno_moskva

Эвакуявалі работнікаў з усіх цэхаў і будынкаў. У суседніх дамах выбуховаю хваляю павыбівала вокны.

У сацсетках і мэсэнджарах з’явілася шмат фота і відэазапісаў з вялізным грыбам з дыму над горадам.

Выбух на заводзе ў Сергіевым Пасадзе.
Фота: t.me/ostorozhno_moskva

У некаторых тэлеграм-каналах пачала з’яўляцца інфармацыя, што выбух стаўся вынікам атакі беспілотніка, аднак пазней расейскія экстранныя службы зняпраўдзілі чуткі і заявілі, што прычынаю стаўся чалавечы фактар. Расейскі МНС гэтак апісаў здарэнне: «хлопок» у нежылым будынку, у выніку якога быў разбураны ангар плошчаю 1,6 тысячы квадратных метраў, які на тэрыторыі заводу здымала прыватная фірма.

«У Сергіевым Пасадзе ў пацярпелым ангары з піратэхнікаю гасяцца агнішчы пажару на плошчы 50 кв. м», – гаворыцца ў паведамленні МНС.

Выбух на заводзе мог быць дыверсіяй, і гэта сярод іншых таксама разглядаюць следчыя, піша тэлеграм-канал «Baza». Выбух складу з піратэхнікаю, пра што сказалі ў МНС, – толькі адна з магчымых прычынаў. Паводле іншай версіі, выбухнуць магло падчас разладоўвання цяжкавіка, які заехаў на тэрыторыю заводу.

Паводле «Baza», пацярпелі 43 чалавекі, шасцёра з іх у цяжкім стане, 4 чалавекі застаюцца ў рэанімацыі, сярод іх – трое дзяцей. На месцы працуюць 23 брыгады хуткай дапамогі, 5 брыгадаў цэнтру медыцыны катастрофаў і санітарны верталёт.

Паводле губернатара Маскоўскай вобласці Андрэя Вараб’ёва, пад заваламі могуць заставацца яшчэ пяцёра чалавек. Па факце выбуху Следчы камітэт пачаў справу паводле артыкулу аб парушэнні патрабаванняў прамысловай бяспекі небяспечных прамысловых аб’ектаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў