У другую гадавіну выбараў 2020 году ЗША ўводзяць санкцыі супраць 100 беларускіх чыноўнікаў


Каб паспрыяць прыцягненню да адказнасці ў сувязі з другой гадавінай сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ЗША ўводзяць візавыя абмежаванні ў дачыненні да ста беларускіх службовых асобаў, заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Энтані Блінкен.
Фота: Getty Images

«У другую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мы аддаем належнае беларускаму народу, які ў рэкорднай колькасці прыйшоў, каб прагаласаваць і рэалізаваць свае правы і вызначыць сваю будучыню. Калі стала зразумела, што выбары былі скрадзеныя рэжымам Лукашэнкі, беларускі народ смела выйшаў на вуліцы. <…> Беларускі народ прадэманстраваў выдатную стойкасць у падтрымцы прадэмакратычнага руху коштам вялікіх асабістых ахвяраў цягам двух гадоў. Гэтыя заклікі да дэмакратыі агучваюць сасланыя за мяжу беларусы, больш за 1200 палітвязняў, несправядліва затрыманых унутры краіны, і безліч простых беларускіх грамадзянаў», – зазначыў Блінкен.

Аналітыка
Ёсць чым пахваліцца. Што зрабілі беларускія дэмакратычныя сілы за два гады
2022.08.06 21:35

У адказ на брутальныя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі ЗША ўводзяць чарговыя санкцыі, распавёў дзяржсакратар.

«Сёння мы абвяшчаем пра крокі па ўвядзенні візавых абмежаванняў у дачыненні да ста службовых асобаў рэжыму і звязаных з імі асобаў за іхны ўдзел у падрыве ці нанясенні шкоды дэмакратычным інстытутам ці ў перашкодах пераходу да дэмакратыі», – сказаў Энтані Блінкен.

У санкцыйны спіс унесеныя прадстаўнікі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, КДБ, Цэнтрвыбаркаму, МУС, Генпракуратуры, Следчага камітэту, Мінтранса, ГУБАЗіК, Белтэлерадыёкампаніі, АНТ, вайскоўцы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету Рэспублікі, суддзі, працаўнікі выканкамаў, прадстаўнікі адміністрацыі дзяржаўных ВНУ і інш. Агулам з 2020 году Дзярждэпартамент ЗША ўвёў візавыя абмежаванні ў дачыненні да 297 беларускіх чыноўнікаў.

Гісторыі
Два гады пасля рэвалюцыі: як склаліся лёсы ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года
2022.08.09 08:30

Таксама Энтані Блінкен распавёў пра ўвядзенне санкцыяў супраць намесніка міністра ўнутраных справаў Беларусі Мікалая Карпянкова і камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзмітрыя Балабы. Візавыя абмежаванні закрануць жонку і сына Карпянкова, гэтак жа, як і жонку і двух сыноў Балабы – ім будзе забаронены ўезд у Злучаныя Штаты. Дзяржсакратар ЗША патлумачыў такое рашэнне тым, што Балаба і Карпянкоў сыгралі значную ролю ў рэпрэсіях пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 году.

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў ягоным імкненні да дэмакратычнай, суверэннай і квітнеючай будучыні. Мы будзем працягваць заклікаць да адказнасці за парушэнні правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі і падтрымліваць міжнародныя высілкі па дакументаванні парушэнняў і прыцягненні вінаватых да адказнасці», – падкрэсліў дзяржсакратар ЗША.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў