Як санкцыі адбіваюцца на працы беларускіх банкаў


Цягам 2021–2022 гадоў Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу беларускіх банкаў. Чатыры банкі сёлета былі адключаны ад сістэмы SWIFT. Belsat.eu разбіраўся, як санкцыі ўплываюць на працу банкаў і як адбіваюцца на кліентах.

У чэрвені 2021 года ў адказ на масавыя рэпрэсіі ў Беларусі Еўразвяз увёў санкцыі супраць «Беларусбанку», «Белінвестбанку» і «Белаграпрамбанку». Пад амерыканскія санкцыі трапіў «Абсалютбанк». У лютым 2022-га, незадоўга да пачатку вайны, санкцыі ЕЗ і ЗША закранулі банк «Дабрабыт» і «Банк развіцця».

Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання, суўдзельнікам якога стаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ціск на банкаўскі сектар узмацніўся. Шэраг банкаў сутыкнуўся з сур’ёзнымі абмежаваннямі, бо былі звязаныя з расейскім капіталам – у прыватнасці, «Банк ВТБ», «Сбер банк» і «БелВЭБ». Тры банкі былі адключаны ад SWIFT: у сакавіку – «Банк развіцця», банк «Дабрабыт» і «Белаграпрамбанк», у чэрвені – «Белінвестбанк». Частковыя абмежаванні былі накладзеныя на Нацыянальны банк – яму забаранілі аперацыі кіравання рэзервамі і актывамі на тэрыторыі Еўразвязу, а таксама выдачу дзяржаўнага фінансавання для гандлю і інвестыцыяў.

Абноўлена
ЕЗ ухваліў адключэнне трох беларускіх банкаў ад SWIFT і спыняе аперацыі з Нацбанкам
2022.03.09 15:25

Санкцыі на нацыянальным узроўні супраць некаторых беларускіх банкаў увялі Вялікая Брытанія, Канада, Швейцарыя і Японія.

Абмежаванні закранулі або дзяржаўныя банкі, або банкі, звязаныя з расейскім капіталам. Выключэнне – «Абсалютбанк», які кантралюе набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Мікалай Варабей. Яшчэ ў жніўні 2021 года «Абсалютбанк» спыніў абслугоўванне картак «Visa» і ажыццяўленне валютных пераводаў. Праблемы такога маштабу пачалі ўзнікаць у астатніх беларускіх банкаў толькі ў 2022-м.

Ад абмежавання трансакцыяў да адтоку валюты

Хаця частка буйных дзяржаўных банкаў трапіла пад санкцыі яшчэ летась, большасць кліентаў у Беларусі гэтага не адчулі. Масава беларусы сталі сутыкацца з абмежаваннямі і забаронамі ў фінансавай сферы толькі пасля пачатку вайны.

Перш за ўсё ўзніклі цяжкасці з трансакцыйнымі аперацыямі. Напрыклад, у сакавіку, яшчэ да адключэння ад SWIFT, у «Белінвестбанку» прызналі, што ў іх кліентаў могуць быць праблемы з разлікамі ў доларах і еўрах на карысць замежных контрагентаў, таму рэкамендавалі ўстрымацца ад такіх аперацыяў. «Альфа-Банк» прыпыніў міжнародныя пераводы ў доларах з 6 траўня, а пераводы ў еўрах цяпер магчымыя толькі ў выпадку працы з асобнымі банкаўскімі групамі. І гэта пры тым, што непасрэдна супраць «Альфа-Банку» санкцыі наогул не ўводзіліся – мішэнню сталі іх расейскія партнёры.

Праз санкцыі кліенты «Сбербанку», «Банку ВТБ», «БелВЭБ», банку «Дабрабыт» і «Белінвестбанку» пазбавіліся магчымасці выкарыстоўваць свае карткі за мяжой, у тым ліку пры правядзенні плацяжоў у інтэрнэце. Карыстальнікі замежных картак займелі аналагічныя праблемы ў Беларусі пры правядзенні аперацый, звязаных з гэтымі падсанкцыйнымі банкамі. У прыватнасці, калі беларуская крама, кавярня ці аптэка праводзіць свае безнаяўныя разлікі праз банк, які мае расейскі капітал, то плацеж з замежнай карткі можа проста не прайсці. У карыстальнікаў замежных картак «Visa» і «Mastercard» узнікаюць праблемы нават з тым, каб расплаціцца за жэтон у метро, бо Менскі метрапалітэн праводзіць плацяжы праз «Сбербанк», і такія аперацыі блакуюцца. Гэткая сітуацыя назіралася яшчэ да афіцыйнага адключэння расейскага «Сбербанку» ад SWIFT, бо плацежныя сістэмы «Visa» і «MasterCard» абмежавалі працу з банкам яшчэ ў сакавіку.

Шэраг банкаў перастаў працаваць з замежнымі онлайн-сэрвісамі. У прыватнасці, у «Беларусбанку» паведамілі, што «Кашалёк Pay» больш не працуе з плацежнай сістэмай «Visa». «ВТБ-Беларусь», «БелВЭБ» і «Сбербанк» перасталі працаваць з сэрвісамі «Apple Pay», «Samsung Pay» і шэрагам іншых. «App Store» выдаліў мабільныя дадаткі гэтых банкаў.

Некаторыя банкі прыпынілі выдачу крэдытаў насельніцтву. Акрамя таго, у банкаўскім сектары пачаўся маштабны адток валюты. Паводле Нацбанку, толькі ў сакавіку 2022 года з валютных дэпазітаў было знята $ 628 млн. Каб утрымаць кліентаў, банкі пачалі павышаць стаўкі на валютных укладах. Але гэтыя захады нівеляваліся жорсткімі лімітамі на зняцце грошай з дэпазітаў. Уводзіць іх банкі пачалі яшчэ ў канцы лютага – пачатку сакавіка. Акрамя лімітаў на зняцце наяўнай валюты з рахункаў уводзіліся абмежаванні на магчымасць мяняць рублі на замежную валюту (падрабязней пра гэта можна прачытаць тут).

Фота: Белсат

Ускосныя наступствы санкцыяў

Увядзенне новых правілах абмену і зняцця валюты – гэта якраз прыклад таго, што не заўсёды гаворка ідзе пра непасрэдны эфект санкцыяў. Часам абмежавальныя захады – вынік агульнага санкцыйнага ціску і пагаршэння фінансавай сітуацыі.

Яшчэ адзін прыклад такога кшталту – паступовае ўвядзенне абмежаванняў для аперацыяў з замежнымі карткамі ў беларускіх рублях. У красавіку 2022-га большасць беларускіх банкаў або ўвялі жорсткія ліміты, або зусім адмовіліся выдаваць у сваіх банкаматах наяўныя з картак замежных банкаў.

Аналітыка
Беларускія банкі ўводзяць абмежаванні на зняцце наяўных з замежных картак. Якія ліміты ўводзяць і навошта?
2022.04.29 08:30

Прычым змены гэтыя мелі вельмі дынамічны характар. Часам ліміт уводзілі, а неўзабаве адмянялі. Паказальная сітуацыя ў «Беларусбанку». 26 красавіка там увялі абмежаванне на выдачу наяўных грошай з картак «Visa», «Mastercard» і «UnionPay International» замежных банкаў – не болей за 200 беларускіх рублёў на дзень. Ужо 29 красавіка ліміт стаў яшчэ больш жорсткім: 200 рублёў на тыдзень. 14 траўня здымаць грошы з картак «Visa» банкаў-нерэзідэнтаў наогул забаранілі. Але 20 траўня ўсе абмежаванні былі знятыя. Каля месяца пратрымалася забарона на ажыццяўленне ўваходных пераводаў з-за мяжы ў беларускіх рублях на эмітаваныя банкам карткі «Visa» і «Mastercard».

Але іншыя банкі вымушаныя захоўваць абмежаванні. Напрыклад, яшчэ ў канцы красавіка «Парытэтбанк» дазваляў здымаць наяўныя грошы з замежных картак без камісіяў і з мінімальнымі абмежаваннямі (ліміт – да 6400 рублёў на тыдзень і да 2500 рублёў за адну аперацыю). А ўжо ў траўні «Парытэтбанк» увёў поўную забарону на зняцце наяўных з замежных картак «Visa» і «Mastercard», і яна дзейнічае дагэтуль. Хаця ніякіх санкцыяў супраць «Парытэтбанку» не ўводзілася.

Адключэнне ад SWIFT ды іншыя непрыемнасці

Моцным выклікам для банкаў стала іх адключэнне ад міжнароднай сістэмы абмену інфармацыі для міжбанкаўскіх плацяжоў SWIFT.

Адключэнне ад SWIFT ставіць крыж на звыклых спосабах пераводу грошай у іншую краіну або атрыманне іх з-за мяжы. Час і кошт такіх аперацыяў цяпер значна вырасце, а ў некаторых сітуацыях зробіцца амаль немагчымым. Перш за ўсё гэта закране інтарэсы бізнесу, які вымушаны рэгулярна разлічвацца з партнёрамі за мяжой: адключэнне ад SWIFT банкаў, дзе яны мелі рахункі, сур’ёзна ўскладніць іх працу. А значыць, падштурхне бізнесоўцаў да адмовы ад супрацы з банкамі з «чорнага спісу».

На цяперашні момант ад SWIFT адключаны «Банк развіцця», банк «Дабрабыт», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк». Рашэнне аб «Белінвестбанку» было прынятае зусім нядаўна, 3 чэрвеня. Але на той момант прыватныя кліенты банку і так ужо зазналі шматлікія абмежаванні.

У call-цэнтры «Белінвестбанку» нам патлумачылі, што банк цяпер не працуе з 3-D Secure, і ўсе аперацыі з карткамі сістэмаў «Visa» і «Mastercard» за межамі Беларусі адключаныя. У тым ліку кліенты банку не змогуць расплаціцца ў такіх папулярных сэрвісах, як «Яндекс», «Wildberries», «AliExpress», «Ozon» ды іншыя. Немагчымыя таксама аперацыі з выкарыстаннем такенізаваных картак у «Apple Pay», «Кашалёк Pay», «Samsung Pay», «Xiaomi Pay», «Garmin Pay», «Fitbit Pay» і «Оплати».

Больш за тое, нават з пераводамі з карткі на картку ў межах Беларусі могуць узнікнуць праблемы. Персанальныя пераводы Р2Р (person to person) недасяжныя на сайце банку, а таксама ў каналах дыстанцыйнага абслугоўвання «Белінвестбанку». То бок каб перавесці грошы з карткі «Белінвестбанку» на картку іншага беларускага банку, трэба будзе скарыстацца ЕРІП.

Гэтыя абмежаванні так ці інакш закранаюць вялікую колькасць людзей. Напрыклад, толькі «Белінвестбанк» абслугоўвае больш за мільён прыватных кліентаў і каля 30 тысяч юрыдычных асобаў ды іпэшнікаў.

Hавiны
Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы: «ЕЗ пачаў рыхтаваць 7-ы пакет санкцыяў»
2022.06.04 21:48

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў