«Independent»: у колькасці артылерыі РФ пераўзыходзіць Украіну ў 20 разоў, у снарадах – у 40


Брытанская газета «Independent» са спасылкаю на даклад выведкі піша, што расейская армія на Данбасе мае вялізарную перавагу ў артылерыі і боепрыпасах, што прыгнятальна дзейнічае на баявы дух украінцаў. Як паведамляе Бі-Бі-Сі, газета не ўдакладняе, кім менавіта і для каго складзены гэты даклад.

Выданне сцвярджае, што ва ўкраінцаў амаль скончыліся ракеты да «Смерчаў» і «Ураганаў», якія дазвалялі здалёк біць па расейцам у першыя тыдні вайны. Засталіся «Грады» і гаўбіцы, якія бʼюць максімум на 20–30 км. Расейцы ж могуць біць па ўкраінскіх войсках ракетамі з адлегласці на дзясяткі і нават сотні кіламетраў.

У колькасці гарматаў і РСЗА Расея пераўзыходзіць Украіну ў 20 разоў, а ў колькасці боепрыпасаў – у 40 разоў. Акрамя таго, Расея мае вялізарную перавагу ў паветры: збіваць расейскія самалёты і верталёты атрымоўваецца толькі зрэдку.

Расейцы выдатна ведаюць, што колькасць магутнай зброі, якую пасылаюць заходнія краіны, пакуль зусім невялікая, а да фронту яна даходзіць павольна. Таму яны імкнуцца выкарыстоўваць сваю перавагу, пакуль яна ёсць. У выніку Украіна нясе вялікія страты, і гэта негатыўна адбіваецца на баявым духу ў частках: колькасць дэзырціраў увесь час расце, сцвярджае «Independent».

Паводле выдання, ва Украіне пасля серыі абменаў засталося 550 палонных расейцаў, тады як у расейцаў – больш за 5600 украінцаў, а Масква патрабуе абмену 1:1.

Аналітыка
Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны
2022.06.03 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў