«Сумленне Беларускай царквы прыбралі». Кураеў, Васілевіч ды іншыя пра адстаўку архіепіскапа Арцемія


Архіепіскап Арцемій.
Фота: Igor Zhdanovich / orthos.org

З 9 чэрвеня ў адстаўку адпраўлены праваслаўны архіепіскап Гарадзенскі Арцемій, які крытыкаваў дзейныя ўлады Беларусі за фальсіфікацыю выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў. Сабралі рэакцыю багасловаў і аналітыкаў на гэтую падзею.

Веньямін «далучыўся да ганіцеляў Царквы»

«На жаль, сумленне Беларускай царквы архіепіскапа Арцемія прыбралі. Што ж, цяпер ён можа казаць яшчэ вальней. Калі зможа перасекчы мяжу», – піша расейскі багаслоў Андрэй Кураеў.

У сваю чаргу сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заяўляе, што дзейны кіраўнік БПЦ Веньямін «далучыўся да ганіцеляў Царквы».

«Колькі ні гаманіць пра тое, што «царква аддзеленая ад палітыкі», калі царкоўныя чыноўнікі падтрымліваюць рэпрэсіі ў дзяржаве, непазбежна ўносіцца антыхрыстаў дух у саму царкву і «нейтральныя» царкоўныя чыноўнікі цалкам у духу савецкіх уладаў развязваюць рэпрэсіі унутры царквы», – адзначыў ён.

Самому архіепіскапу палітык пажадаў «духовай сілы, умацавання і дабраславення Божага», бо ягонае «сведчанне бясконца каштоўнае для народу Беларусі».

Hавiны
Сінод РПЦ аператыўна зацвердзіў адстаўку «апазіцыйнага» архіепіскапа з Горадні
2021.06.09 17:10

«Царква пайшла за багаборчай уладай»

Расейскі гісторык і рэлігіязнаўца Андрэй Зубаў нагадаў, што архіепіскап Арцемій «адзіны з беларускіх архірэяў, следуючы закону Бога Жывога і Госпада нашага Ісуса Хрыста заступіўся за катаваных тыранам людзей і за тую, Богам дадзеную свабоду, якая ад прыроды належыць кожнаму чалавеку, як вобразу Божаму, і якую заўсёды хочуць адабраць сатаністы ўсіх масцяў, жадаючы здзекавацца з самога Стварыцеля, знявольваючы сабе Ягонае найвышэйшае стварэнне, робячы чалавека прыладай для ажыццяўлення вар’яцкіх жаданняў уладароў веку гэтага».

«Сумна, што Праваслаўная Царква Беларусі пайшла ўслед за тыранічнай багаборчай уладай, а не за Праўдай, да якой яна і закліканая ад пачатку. Сумна, што паўтарыла не досвед вызнаўцаў, а практыку прыстасаванцаў бальшавіцкага часу. Сумна і знамянальна. Яшчэ адна тоўстая кропка над i», – падкрэсліў Андрэй Зубаў.

Hавiны
Архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага адхілілі ад пасады. Ён крытыкаваў жорсткасць уладаў пасля выбараў
2021.06.09 12:49

«У Беларусі ёсць патрэба ў такіх лідарах»

У сваю чаргу кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў адзначае, што «адстаўка ўладыкі Арцемія цалкам чаканая».

«І справа не ў нейкай актыўнасці Міс АМАП-2020 Гаўрылы. Проста БПЦ у нашых умовах – гэта і не царква зусім, а другаразрадны дзяржкамітэт па вытворчасці цудаў і размеркаванні ласкі. Так што, звальненне чалавека, які пайшоў супраць сістэмы, часткай якой зʼяўляецца – заканамерна і лагічна. Іншая справа, што так будзе не заўсёды. Таму пажадаем уладыку моцнага здароўя і аптымізму. У Беларусі ёсць патрэба ў такіх лідарах: камусьці прыйдзецца адраджаць і царкву менавіта як абʼяднанне вернікаў, а не дзяржкантору», – піша ён.

Hавiны
Канфлікт у Гарадзенскай епархіі: ігумення Гаўрыіла супраць епіскапа Арцемія
2020.09.21 19:07

У БПЦ «адэкватнага мыслення» не засталося

Мадэратарка групы «Хрысціянская візія», палітолаг Наталля Васілевіч у адказ на першыя звесткі пра адстаўку архіепіскапа Арцемія заявіла, што «мабыць, там (у БПЦ. – рэд. Belsat.eu) ужо ні стратэгічнага, ні нават тактычнага адэкватнага мыслення не засталося».

Між тым артыкул у групе «Хрысціянская візія» адзначаецца, што «сітуацыя з уладаром Арцеміем для Сінода БПЦ і ў прыватнасці для мітрапаліта Веньяміна можа стаць своеасаблівай пасадкай самалёта «Ryanair», «чорным лебедзем», які канчаткова разбурыць кіравальнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы і той баланс, які худа-бедна атрымлівалася захоўваць унутры».

Сам жа архіепіскап Арцемій «нічога не страціць, а толькі набудзе як духоўная сімвалічная фігура».

«Калі цяпер ён звязаны карпаратыўнымі інтарэсамі і дамоўленасцямі, то яго адхіленне ад кіроўнай пасады ўсе гэтыя повязі абнуляе, а аўтарытэт пры гэтым толькі ўзрастае. Прычым гэта не фармальны іерархічны аўтарытэт над Гарадзенскай толькі епархіяй, але сапраўдны духоўны і прароцкі аўтарытэт без прывязкі да нейкай абмежаванай тэрыторыі», – мяркуюць аўтары «Хрысціянскай візіі».

Hавiны
Мітрапаліт Павел выбачыўся, што павіншаваў Лукашэнку з перамогай
2020.08.14 19:23

«Бездакорная рэпутацыя»

Яна адзначаюць, што «ў царкоўным народзе і кліры ў архіепіскапа Арцемія выключна бездакорная рэпутацыя».

«Мала хто можа такі пахваліцца – ніякіх плям на біяграфіі, праведная жыццё, паважлівае стаўленне да людзей. Ён не проста архірэй, ён паважаны і папулярны архірэй. Не забываем, што ён больш за дзесяць гадоў узначальваў моладзевую працу ў БПЦ, амаль уся актыўная моладзь яго асабіста ведала, і, што немалаважна, ён таксама ведаў усіх па імёнах, ён быў не фармальным лідарам, ён рэальна «набываў сяброў». Не забываем таксама, што як выкладчык багаслоўскага факультэту ЕГУ і Інстытуту тэалогіі БДУ, ён літаральна выхаваў УСІХ беларускіх багасловаў. Крыўдзіць яго – гэта рабіць саміх сябе ворагамі для многіх святароў, багасловаў, актыўных свецкіх і, у рэшце рэшт, спрацаваць на падзел», – заключаюць аўтары «Хрысціянскай візіі».

Аналітыка
«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў
2021.02.25 11:22

А аўтар тэлеграм-каналу «Rerum Novarum» адзначае, што архіепіскап Арцемій «воляй-няволяй можа стаць альтэрнатыўным цэнтрам прыцягнення да сябе праваслаўных вернікаў. Супрацьлеглым афіцыйнай царкве на чале з мітрапалітам Веньямінам». Пры гэтым ён намякнуў, што дакументы пра незалежнасць, «дадзеныя Канстанцінопалем Польскай і Украінскай цэрквам, закранаюць фактычна і Беларусь».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў