Эксперт пра супрацу Беларусі з ЛНР: Украіна турбуецца пра бяспеку з боку беларускай мяжы


Лукашэнка запрасіў прадстаўнікоў самаабвешчанай ЛНР прыехаць і дапытаць затрыманага сілавікамі Рамана Пратасевіча. На гэта рэзка адрэагаваў міністр МЗС Украіны, паабяцаўшы «зрабіць балюча Лукашэнку». 9 чэрвеня афіцыйны Менск пачаў кантакты са «следчымі ЛНР».

«Белсат» абмеркаваў з Пятром Ахоціным, украінскім палітычным кансультантам, на якія дзеянні можа пайсці Украіна ў адказ на такія рашэнні Лукашэнкі.

Hавiны
Афіцыйны Менск пачаў кантакты са «следчымі ЛНР»
2021.06.09 11:34

Пра запрашэнне «следчых»

Летась Расейская Федэрацыя дабілася таго, што Лукашэнку выключылі з кола тых, каму могуць паціснуць руку цывілізаваныя прэзідэнты. Ён больш не ўваходзіць у цывілізаваныя структуры. І, на жаль, лукашэнкаўская Беларусь ператвараецца ў марыянетачную дзяржаву Расеі.

Заявы пра супрацу са следчымі ЛНР фактычна паказваюць, што Беларусь ідзе не ў бок заходняга свету, не ў бок легітымацыі, а наадварот, у бок дэлегітымацыі.

Пасля падзеяў з Пратасевічам Расейская Федэрацыя надалей утрымлівае ў болевым прыёме Лукашэнку і ўсю краіну.

Што гэта дае Пуціну? Яшчэ тысячу кіламетраў мяжы з Украінай, якую дэ-юрэ кантралюе чалавек, што не мае ніякіх легітымных абавязкаў. Для Украіны гэта вялікая небяспека, бо калі пачнуцца нейкія правакацыі з боку Беларусі, то Пуцін, як заўжды, будзе разводзіць рукамі і казаць, што расейцаў там няма.

Так, у Расеі ёсць тры проксі-каналы, праз якія Пуцін можа рабіць свае аперацыі: гэта тэрарыстычныя арганізацыі ДНР і ЛНР, а яшчэ сам Лукашэнка і краіна, якую ён трымае ў закладніках.

Hавiны
Дэпартамент авіяцыі назваў заходнія санкцыі бяззубымі. Захад рыхтуе новыя
2021.06.09 22:26

Пра рычагі ціску на Лукашэнку

Лукашэнка – гэта не той чалавек, з якім можна дамовіцца і які трымае сітуацыю ў Беларусі пад сваім кантролем. Фактычна чым больш цяпер Беларусь будзе рабіць крокаў у кірунку тэрарыстычных утварэнняў ДНР і ЛНР, тым больш Украіна будзе вымушаная падымаць пытанне пра абарону беларускіх апазіцыянераў, беларускіх незалежных журналістаў. Мы бачым, што ЕЗ ужо цяпер гатовы выдаткоўваць грошы на падтрыманне тых, каго пераследуюць. І гэта вельмі слушнае рашэнне.

Ужо цяпер ідзе размова пра перапыненне авіяпералётаў. Таксама ў межах праекту «Вялікая будоўля» ва Украіне паўстане каля 16 аэрапортаў, і Украіна зможа скласці канкурэнцыю Беларусі ў авіяпералётах.

Гэта пытанне транзіту. Мы памятаем, што вялікая колькасць тавараў ішла з Кітаю ў Еўропу праз Беларусь. Цяпер гэты транзіт можа пайсці праз Украіну.

Гэта пытанне энергетыкі. Украіна прыпыніла купляць беларускую электраэнергію. Праз гэта Беларусь ізноў будзе несці страты.

І калі гаварыць пра самога Лукашэнку, то ўвесь той імідж, які ён будаваў з 2014 да 2020 года, фактычна цалкам страчаны.

Hавiны
Кіраўніцтва «Белавіі» збірае подпісы працаўнікоў за адмену еўрапейскіх санкцыяў
2021.06.07 16:12

Пра гандаль

Яшчэ ёсць гандаль. Украінская дыпламатыя можа ўзняць пытанне, каб накладаліся санкцыі на беларускія тавары, у тым ліку на беларускія харчы. Такім чынам тыя краіны, якія гандлююць з Беларуссю і не ўваходзяць у ЕЗ, будуць разглядаць пытанне аб спыненні супрацы з Беларуссю. Гэта прывядзе да таго, што Беларусь зможа гандляваць толькі з Расейскай Федэрацыяй, якая будзе пакрысе выцягваць рэсурсы і, магчыма, пачне вялікую беларускую прыватызацыю.

Пасля ўводу Лукашэнкам ліцэнзавання ўкраінскіх тавараў Украіна стала больш асцярожна глядзець на гандаль з Беларуссю. Калі раней пазіцыя Украіны была такая: мы мусім прагматычна пільнаваць свае інтарэсы, – то пасля несяброўскіх крокаў Лукашэнкі ўкраінскае МЗС і офіс украінскага прэзідэнта пачалі іначай глядзець на тое, што адбываецца з Беларуссю.

Лукашэнка такім чынам запусціў не толькі эканамічны механізм, але і палітычны.

Гэта як эфект даміно. Раней ва ўкраінскім грамадстве ішлі дыскусіі, ці варта набываць беларускія энергію і тавары. Асабліва шмат малочных вырабаў рэалізоўваецца ва Украіне. Але калі Лукашэнка ўзняў пытанне пра ліцэнзаванне ўкраінскіх тавараў, гэта ўжо ўспрынялі ў палітычным рэчышчы.

Прадстаўнікі групоўкі ЛНР. Нібыта яны меліся выехаць на допыт Рамана Пратасевіча ў Менск.
Фота: donbasstoday.ru

Пра тэрміны

Я думаю, што Украіна можа вельмі хутка прыняць адпаведныя крокі. Цяпер пралічваюцца плюсы і мінусы пэўных рашэнняў, а таксама вядуцца кансультацыі з заходнімі партнёрамі.

Мы бачым, што цяпер Украіна займае пазіцыю, блізкую да Захаду. Бо гэта ў яе эканамічных, палітычных інтарэсах. Сюды ўваходзіць і пытанне бяспекі, несумненна. Беларусь уваходзіць у АДКБ, дзе першую скрыпку грае Расейская Федэрацыя. І мы фактычна атрымліваем вялікую пагрозу на поўдні краіны.

Тэрміны залежаць ад сфераў узаемадзеяння. Ніхто абсякаць усё адным махам не будзе.

Акрамя таго, на Захадзе разглядаецца магчымасць так званых мяккіх перамоваў, каб усё ж памяняўся палітычны рэжым у Беларусі. Гэтае пытанне можа быць абмеркаванае на сустрэчы Пуціна з заходнімі лідарамі і з Байдэнам. Бо тое, што цяпер робіць Лукашэнка, ператварае Беларусь у чорную дзірку, ці шэрую зону, ад якой ніхто не ведае чаго чакаць. І гэта непакоіць шмат каго з высокапастаўленых людзей.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў