Трое ўкраінскіх журналістаў атрымалі Пулітцэраўскую прэмію за рэпартажы з абложанага Марыупалю


Украінскія  карэспандэнты Associated Press Мсціслаў Чарноў і Яўген Малалетка атрымалі Пулітцэраўскую прэмію за рэпартажы з абложанага Марыупалю. Разам з імі ўзнагарода ў самай прэстыжнай намінацыі «За служэнне грамадству» прысуджана прадзюсарцы Васілісе Сцепаненка і еўрапейскаму карэспандэнту AP Лоры Хінанту.

Журналісты Мсціслаў Чарноў, Яўген Малалетка і Васіліса Сцепаненка. Крыніца: Ateobreaking / Telegram

Журналісты атрымалі ўзнагароду за працы падчас аблогі Марыупалю расейскімі войскамі ўвесну 2022 года, у прыватнасці, яны апублікавалі рэпартаж з Марыупальскага радзільнага дому, які трапіў пад расейскі абстрэл. Тады відэажурналіст Мсціслаў Чарноў, фатограф Яўген Малалетка і відэапрадзюсерка Васіліса Сцепаненка засталіся адзінымі прадстаўнікамі заходніх СМІ ў горадзе. Іхныя рэпартажы шакавалі свет.

Раней здымак з Марыупальскай радзільні, якая трапіла пад расейскі абстрэл, ужо выйграў іншую прэстыжную прэмію – «World Press Photo».

Фота
Здымак з Марыупалю стаў фатаграфіяй года паводле версіі «World Press Photo»
2023.04.20 16:15

Таксама ў намінацыі «Міжнародны рэпартаж» аб падзеях у Бучы падчас расейскага ўварвання прэмію атрымалі журналісты The New York Times, у прыватнасці, украінец Стас Казлюк.

Таксама па дзве прэміі выйгралі рэдакцыі газет The Los Angeles Times, The Washington Post і выданні AL.com з Алабамы.

Пулітцэраўская прэмія – адна з самых прэстыжных узнагарод у галіне літаратуры, журналістыкі, музыкі і тэатру ў ЗША. Яна была заснаваная выдаўцом «жоўтай прэсы» Джозэфам Пулітцэрам і штогод уручаецца з 1917 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў